Але ці зможа ровар замяніць менчукам грамадзкі транспарт і аўтамабіль? Аргумэнтавана адказаць на гэтае пытаньне можна будзе не раней, чым у 2020 годзе, — сказаў журналістам 20 жніўня начальнік Галоўнай управы спорту і турызму сталічнага гарвыканкаму Міхаіл Пракапенка.
«Мы сёлета праводзім некалькі экспэрымэнтаў. Так, на вуліцы Веры Харужай адмыслова для раварыстаў выдзеленыя дзьве дарожныя паласы. Пачаў дзейнічаць роварны шэрынг. Але рэакцыя на гэтыя навацыі неадназначная. Ёсьць тыя, хто гэта падтрымлівае, а ёсьць тыя, хто цьвердзіць, што ім гэта перашкаджае. Таму мы ўважліва вывучым усе меркаваньні, уключаючы стаўленьне аўтаінспэкцыі, і рашэньне прымем у наступным годзе», — сказаў чыноўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як менчукі сустрэлі «жоўтыя ровары» і што зь імі робяцьЁн паведаміў, што агульная працягласьць дарожак для раварыстаў у Менску складае цяпер 223 кілямэтры, лічачы з магістральнай дарожкай у 27 кілямэтраў. Гэта прыблізна як адлегласьць ад Менску да Полацку (228 км) ці Сьветлагорску (219 км).
І сёлета, і ў наступным годзе яна павялічыцца.
Міхаіл Пракапенка ня змог адказаць, колькі цяпер у Менску раварыстаў.
«Абсалютную лічбу я не скажу, бо дынаміка павелічэньня надзвычай імклівая», — сказаў супрацоўнік гарвыканкаму.