19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
Стаю праз дарогу ад дому і назіраю, як заледзянелы газон каля яе пад’езду паволі запаўняецца людзьмі. Спрабую ўявіць, што бачыла Марына Пархімовіч, выходзячы з дому на працу апошні раз. Шэрыя дамы навокал, шырокую вуліцу бяз дрэваў, недабудаваны многія гады касьцёл. А побач дом, дзе пасьля забойства хаваўся яе вучань. Дом стаіць літаральна за 200 мэтраў ад дзевяціпавярховіка настаўніцы. За 30 гадоў яе жыцьця тут гарадзкі пэйзаж амаль не зьмяніўся.

Разьвітаньне з Марынай Пархімовіч. 13 лютага 2019 году
Уся вуліца Цэнтральная, дзе стаіць дзевяціпавярховік, мае ў будучыні стаць візытоўкай радзімы Якуба Коласа. Графіці з радкамі «Новай зямлі» тут амаль на кожным жылым будынку. А неўзабаве ў сквэры, акурат насупраць дому настаўніцы, абяцаюць паставіць першы ў Стоўпцах помнік песьняру. У гэтым месцы я пераходжу дарогу і іду ў бок людзей з кветкамі і вянкамі. Цікава, ці любіла яна гэты горад? Адказ я атрымаю трохі пазьней. Пакуль жа, ідучы па заледзянелай сьцежцы, думаю пра стаўпецкіх камунальнікаў. І ня я адзін.
— Божа, хаця каб з труною тут нармальна прайшлі, — кажа адна з жанчын з кветкамі ў руках.
Амаль усе ў натоўпе — жанчыны. Яны размаўляюць паўшэптам. Падыходжу да мужчыны, які самотна чакае таго, што і ўсе. Пачынаем размаўляць, таксама паўшэптам. Негаваркі напачатку дзядзька праз пару хвілін амаль не пакідае мне магчымасьці ўставіць рэпліку.
— Я ведаў яе 30 гадоў. Нашыя жонкі былі вельмі блізкімі сяброўкамі. Настолькі блізкімі, што нават нашыя дзеці нарадзіліся ў тыя самыя гады. Яе дачцэ 24, і маёй таксама. Майму сыну 30, і яе сыну 30. І мужык яе вельмі харошы. Спакойны, разважлівы.
І яна. Яна такі чалавек, што проста ну не магла яна пакрыўдзіць таго хлопца. Бессэнсоўная сьмерць. Таму Вадзіму 15 гадоў, гэта ж ужо не дзіця. Я ў 12 гадоў ужо працаваў на заводзе, цэглу цягаў. Чаму ён пайшоў забіваць? І чаму менавіта таго Сашу? Магчыма ўсё, любая вэрсія. Вы ведаеце школу? Кляса Вадзіма на адным канцы. А ён пайшоў у клясу да настаўніцы Ірыны Гарэлік па калідоры ў самую дальнюю клясу. Там жа бегалі дзеці, і ён на нікога ня кідаўся. Ён пайшоў мэтанакіравана ў тую клясу. І Саша ж сядзеў не за першай партай. Значыць, гэта ня проста нейкі маньяк, наркаман ці шызафрэнік. У яго быў плян. Але навошта, чаму? Хаця, якая цяпер розьніца.
Розьніца ёсьць. Прычына — гэта ня толькі ключ да разгадкі. Гэта ключ да таго, каб такое не адбылося ізноў.
Падчас разьвітаньня з Марынай Пархімовіч, 13 лютага 2019 году
— А што, калі нешта ня так было ў школе? — пытаюся ў свайго незнаёмага суразмоўцы.
— Лукашэнка вот казаў учора, што вінаватая школа, — працягвае ён. — П...ж гэта ўсё. Аснова закладаецца дома. А якая можа быць аснова, якое можа быць выхаваньне, калі бацькі ад раніцы да позьняга вечара на працы? Бацька забойцы кажа, што зьдзівіўся пачку цыгарэт у ягонай торбе. Дык пра што мы кажам? Як ты глядзеў свайго сына? А пра што ты яшчэ ня ведаеш?
— Немагчыма быць зь дзіцем 24 гадзіны ў суткі. Гэта ні для бацькоў нядобра, ні для дзіцяці.
— У мяне таксама сын у маладзейшым узросьце пацягваў. Я нічога не адчуваў і ня ведаў, а жонка заўважыла. Мы яму сказалі: пачаць лёгка, а кінуць — не. Мне ўжо за 60, я быў п’яны 4–5 разоў за ўсё жыцьцё, так, каб ажно ногі падкошваліся. Мой жыцьцёвы прынцып — у жыцьці трэба паспрабаваць усё, хаця б адзін раз. Я калі іду на вясельле, то першы дзень гуляю, што пыл ідзе. На другі дзень менш, а на трэці я глядзець на стол не магу, да чаркі мяне і сілаю не падцягнеш. Мы сваім дзецям не казалі — ня пі. Гэта само па сабе ня зло. Ёсьць жа вінаграднікі, вінаробства, ёсьць традыцыі. Усё павінна быць культурна, прыгожа.
— Але ня кожны падлетак у стане гэта зразумець, калі ў галаве шуміць ад гармонаў.
— А калі катэгарычна падыходзіць да выхаваньня дзяцей і пытаньня, напрыклад, алькаголю, то будзе яшчэ горш. Сарвецца, і канец. Выхаваньне павінна быць у комплексе. Раней жа ня толькі бацькі выхоўвалі. Усе выхоўвалі, грамадзтва выхоўвала. А дзе ў нас у Стоўпцах танцы, дзе дыскатэка? Куды тут пайсьці маладым?
Нашу гутарку перабівае мітусьня ў натоўпе. З пад’езду чуваць шум.
— Выносяць, — кажа нехта.
Людзі шыхтуюцца ў шэрагі, робячы дарогу для труны. Жалобны плач у імгненьне перадаецца ўсім прысутным. Мой суразмоўца, які ў 12 год працаваў на цагляным заводзе, заплюшчвае вочы на даўжэй, каб стрымліваць сьлёзы.
— Марыыына, Марыыынка, — галосіць нехта ў пад’езьдзе.
Нясуць адкрытую труну. Наперадзе з крыжам ідзе сталы мужчына з мокрымі вачыма, побач жанчына з партрэтам настаўніцы. Нехта пачынае званіць школьным званочкам, які нагадвае пра той фатальны ўрок.
— Маамааа, — плача дачка Насьця.
Яе абдымае старэйшы брат, за руку вядзе бацька, які намагаецца стрымаць свае эмоцыі. Ад зьбялелага і спалоханага твару дачкі на фоне чорнай вопраткі хочацца адвярнуць вочы, каб не сустрэцца позіркам.
Дачка Марыны Пархімовіч на пахаваньні маці (у цэнтры)
У дзяцінстве я быў міністрантам, прыслужваў у касьцёле падчас імшы і ўдзельнічаў, пэўна, у сотні пахаваньняў. Такога жаху ў вачах я ня бачыў ніколі. Ад спробы ўявіць, як нехта тэлефануе дачцэ і пераказвае страшную вестку, што яе маці больш няма, робіцца вусьцішна.
— Каб ты здох, падла. Каб ты згніў у той цюрме, — галосіць старая жанчына.
За ёй моўчкі ідзе маці Марыны Пархімовіч, якую трымае за руку пляменьніца. 80-гадовая жанчына другі дзень на моцных заспакаяльных леках.
— Што за гора, ня вытрываць. Маці хавае самую малодшую дачку. Мая ж ты жанчынка, — кажа нехта з працэсіі прыцішаным голасам.
Шэсьце выліваецца на ўсю праезную частку. Некалькі сотняў чалавек праводзяць забітую настаўніцу ў напрамку яе роднай вёскі Шашкі. Наперадзе сям’я і былыя калегі. Гэтыя жанчыны могуць ведаць, чаму ўсё здарылася. Чаму вучань, якога Марына Пархімовіч вучыла і выхоўвала, прыйшоў у школу з нажом, каб яе забіць. Але натоўп ідзе моўчкі. Спачатку трэба пахаваць нябожчыкаў.
Азіраюся назад, каб убачыць канец шэсьця, і зрок чапляецца за графіці на доме Марыны Пархімовіч. Гэты самы вядомы радок беларускай літаратуры праводзіў настаўніцу на апошні ўрок 11 лютага, за паўгадзіны да забойства: «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы».
Дочкі-мацеры
Вадзім забіў сваю настаўніцу гісторыі сьвядома. Так ён сказаў на допыце. Што магло прымусіць падлетка пайсьці на такі крок супраць чалавека, якога ўсе ў школе, і настаўнікі, і вучні, называюць адным з найлепшых пэдагогаў?
Празь дзень пасьля пахаваньня я патэлефанаваў роднай сястры Марыны Пархімовіч. Тая не хацела размаўляць. Настойваць я ня стаў. Ужо сама размова праз тэлефон з чалавекам, які ўчора пахаваў малодшую сястру, была для мне катаваньнем. А што казаць пра яе.
Праз дарогу ад школы, дзе вучыла Марына Міхайлаўна, — вэтэрынарная аптэка. Там працуе яе траюрадная сястра Раіса. Вокны яе працоўнага месца выходзяць акурат на вокны школы. На стале ляжыць сьвежы нумар газэты з цэлым разваротам пра ўчорашняе пахаваньне. Жанчына кажа, што ўжо каторы раз намагаецца дачытаць, але ня можа. І падчас нашай размовы ў яе на вачах раз-пораз зьяўляюцца сьлёзы.
Стоўпцы: школа № 2, дзе адбылася трагедыя
Яны вырасьлі ў адной вёсцы. Маці Марыны Пархімовіч — гэта хросная маці спадарыні Раісы.
— У панядзелак я во толькі прыйшла на працу, распаліла печку, звоніць тэлефон. І пытаюцца, ці ведаю я нешта. Называюць прозьвішча Пархімовіч. А я ведаю, што ў школе тры настаўніцы з такім прозьвішчам. Я зачыніла дзьверы і сама пабегла пад школу. Хаджу, распытваю людзей там. Як сказалі мне, што па бацьку Міхайлаўна, то я ўсё зразумела, што гэта наш род, наша бяда. Шкода дзетак Марынкі, яны вельмі харошыя. Мама яшчэ ж жывая, хавала ўчора дачушку сваю. Яна ж, бедная, ледзьве трывала гэтыя дні. Я была дома ў іх на дзень перад пахаваньнем. Ёй дактары лекаў надавалі, яна выйсьці не магла. Я на пахаваньні вяла яе пад руку, бедная цёця Марыя. Марынка ж да мамкі часта езьдзіла. Мамачка, кажа, я цябе дагледжу. Памагала ёй агарод садзіць, дбала, каб хораша было. Усё зіхацела ў яе. І суседкі плакалі ўчора, узгадваючы. Яна прыедзе ад маці і пытаецца ў суседак: «Мо ў цябе гурочкі не ўрадзілі, ці памідоры? Я дам». Яна ўсім хацела памагаць.
Шлях Марыны з дому на працу вядзе акурат каля вокнаў аптэкі, дзе працуе сястра.
— Яна ж кожны дзень бегла па гэтай во вуліцы. Я яе бачыла праз вакно кожны дзень. Перагаворымся зь ёй, як там мамка, як дзеткі. Перадавай, кажа, маме прывет. Яна была настолькі добры чалавек. Я ўзімку працую пры зачыненых дзьвярах, а з красавіка па восень дзьверы ў мяне адчыненыя. Яна ў школу бегам-бегам. Да яе вучні самі ішлі натоўпамі. Як нейкае сьвята, дык дзеці самі ідуць. Нядаўна быў вечар сустрэчы. Яна ж убраньне сабе купіла. Такая задаволеная пайшла сустракацца з вучнямі.
Пахаваньне Марыны Пархімовіч
Пра прычыны забойства Раіса нават не здагадваецца. Але калі сьледчыя ня выявілі ў крыві хлопца-нападніка ніякіх рэчываў, дык тое, што змусіла яго пайсьці на такі ўчынак, павінна было быць вельмі сур’ёзным.
— Я сёньня прачнулася ў 3 гадзіны ночы і малілася. Прашу, Божачка, дай рассудзіць па справядлівасьці. Дай нам праўду. Чаму гэтае дзіцё так нарабіла? Людзі ж гавораць рознае. Што яго прымусіла? І яго ж хваляць многія, што добры, спакойны быў. Божачка, дай розум, каб справядліва рассудзіць. Чаму гэта ўсё так жорстка? А ўсіх жа шкода. Але Марынкі нашай ужо ўсё роўна ніхто ня верне.
Дачку Марыны Пархімовіч Насьцю я знайшоў праз сацыяльныя сеткі за некалькі сэкундаў. І хоць карыстальнікаў з такім імем было некалькі, ключом стала чорная сьвечка на аватарцы і апошні допіс:
«Прыедзьце да сваёй мамы і скажыце, што вы яе любіце. 15 фатальных сэкундаў, і такога шанцу больш няма. І няма больш на сьвеце той бязьмежнай любові, і ніхто проста не абдыме цёпла-цёпла, ніхто ня скажа „мой мюлюлік“, ніхто не патэлефануе і ня дасьць часьцінку свайго цяпла. Адно імгненьне і поўная пустата, і душу вырвалі, і яе не вярнуць, і няма цяпла. Столькі слоў не сказана. Я не пасьпела сказаць табе, не пасьпела папрасіць прабачэньня, прыехаць, і цяпер ніколі не змагу мець прабачэньня. У вас ёсьць час і самы дарагі чалавек, абдыміце яго цёпла і скажыце, што любіце, і папрасіце прабачэньня, пакуль ёсьць магчымасьць.
Мама, я цябе бязьмежна люблю.
І буду вечна прасіць прабачэньня».
Насьця пагадзілася паразмаўляць адразу. Але з адной умовай — што я ня буду пытацца пра забойства.
— Мама была неверагодна добрым і сьветлым чалавекам. Яе філязофіяй заўсёды было не адказваць на зло злом, толькі дабро можа выправіць зло. Мама часта ўзгадвала фразу Сакрата: «Калі цябе ўбрыкнуў асёл, ці будзеш ты падаваць на яго ў суд?». Мама заўсёды ўмела выслухаць, зразумець і даць мудрую параду. Гэта чалавек тонкай душэўнай арганізацыі, з гарачым сэрцам. Яна ніколі не адмаўляла ў дапамозе, была гатовая ўшчаміць свае патрэбы, але дапамагчы іншаму чалавеку.
У маім дзяцінстве не было пакараньняў, а былі мудрыя гутаркі, яны заклалі ўва мне асновы маральнасьці. Яна вельмі любіла прыроду, жывёл, любіла хадзіць у грыбы, сьпявала песьні. Мне нават складана падабраць словы, наколькі мама сьветлы чалавек. Гэта пацьвердзіць кожны, хто зь ёй быў больш-менш знаёмы.
Працавітая і адданая сваёй справе, яна рыхтавалася да кожнага ўроку, нягледзячы на свой вопыт, таму што заўсёды хацела зацікавіць вучняў і данесьці гісторыю, а не сухі матэрыял. У гісторыі яе цікавіла ўсё, я заслухоўвалася, калі мама распавядала якія-небудзь гістарычныя факты. Са мной яна больш гаварыла на мае любімыя тэмы па гісторыі: ВКЛ, Рэч Паспалітая, гісторыя Раманавых, СССР.
Лагодная гаспадыня, ад яе нельга было сысьці хоць бы без гарбаты з смачным пачастункам, а лепш шчыльнай вячэры. Мама была верніцай, мы праваслаўнага веравызнаньня.
Плянавала гадаваць унучку, клапаціцца пра сям’ю і проста жыць, несучы толькі дабро ў гэты сьвет. Мама была зачараваная ўнучкай. Яна проста сьвяцілася, калі малая прыяжджала.
Нягледзячы на тое, што мы з братам дарослыя, пасьля наведваньня мамы ў Стоўпцах мы заўсёды зьяжджалі ў Менск з ссабойкамі як студэнты. Яе клопат быў бязьмежны і сагравальны. Мама тэлефанавала нам кожны дзень. У мяне з мамай ніколі не было сакрэтаў, ёй можна было расказаць любую правіну, няправільны крок, а ў адказ заўсёды было разуменьне і мудрая навука.
Мама заўсёды вучыла, што трэба дапамагаць людзям, не зацыклівацца на крыўдах, ня памятаць зла. Мне яна заўсёды паўтарала фразу: «Трэба шукаць радасьць і пазытыў у дробязях».
Да Стоўпцаў яна ставілася спакойна, без нэгатыву або вялікай любові. У маладосьці, расказвала, вельмі любіла Менск, але з узростам казала, што ў вялікіх гарадах жыць цяжка, цісьне мэгаполіс.
Вольны час яна любіла праводзіць у роднай хаце ў сваёй мамы. У нас дом на краі вёскі, амаль хутар. Мама вельмі любіла гэтае месца, яе вельмі цягнула туды, яна любіла прыроду, лес, адзіноту.
Марыну Пархімовіч пахавалі ў роднай вёсцы Шашкі. На могілках, што на краі вёсцы, побач зь лесам.
Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org
Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.