Беларусь вінаватая Расеі 7,6 мільярда даляраў што робіць яе найбуйнейшым даўжніком гэтай краіны. Такія зьвесткі падае Мінфін Расеі. Глядзім, як можна аддаць доўг натурпрадуктам.
660 мільёнаў мяхоў бульбы
На сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у сьнежні мінулага году Аляксандар Лукашэнка прывёз бульбу са свайго агароду. У кадар тады трапілі адразу чатыры вялікія мяхі. Каб вярнуць 7,6 мільярда, трэба 660 мільёнаў такіх мяхоў — калі лічыць па сярэднім кошце на рынку.
950 тысяч тон крэвэтак
У 2014 годзе сацыяльныя сеткі і СМІ зьвярнулі ўвагу на беларускія крэвэткі на паліцах расейскіх крамаў. Гэта выклікала сэрыю жартаў і кпінаў. Беларусь сапраўды пастаўляе крэвэткі ў Расею. І каб пакрыць доўг, такіх крэвэтак трэба 950 тысяч тон, у пераліку на сярэдні кошт па экспартнай статыстыцы Белстату.
524 тысяч трактароў
Пра забітыя трактарамі склады ў Беларусі вядома даўно. Прадукцыю робяць, але пастаўляць усё не пасьпяваюць. Летась Беларусь прадала за мяжу 40 242 трактары. Сярэдні кошт — 14 493 даляры. Каб пакрыць доўг, у Расею давядзецца адгрузіць 524 тысячы трактароў па сярэднім, згодна зь Белстатам, экспартным кошце.
27 мільёнаў тон яблыкаў
Беларускія яблыкі — адзін з аб’ектаў пільнага кантролю з боку расейскага Рассельгаснагляду. Гэты прадукт рэгулярна трапляе ў прыгоды на мяжы з прычыны рээкспарту. Каб вярнуць доўг, Беларусі трэба паставіць 27 мільёнаў тон яблыкаў, згодна з экспартным коштам яблыкаў паводле Белстату.
883 тысячы ўжываных аўтазакаў
Аўтазак стаў адным з брэндаў Беларусі: на паліцах сувэнірных крамаў даўно зьявіліся невялікія драўляныя аўтазакі зялёнага колеру. У 2017 годзе менская міліцыя прадавала ўжываны аўтазак за 16,5 тысячы рублёў. Усяго 883 тысячы такіх аўтазакаў — і доўгу як не было.
Папрацаваць на 2,2 мільёна мітынгаў
Паслугі беларускай міліцыі за ахову аднаго мітынгу больш як на 1000 чалавек каштуюць 250 базавых велічыняў. Якраз у Расеі цяпер ідуць мітынгі пратэсту ў сувязі з выбарамі ў Маскоўскую гарадзкую думу. Калі такіх мітынгаў будзе 2,2 мільёна і беларуская міліцыя возьме падрад на іх ахову — доўг у 7,6 мільярда будзе пагашаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ураду Румаса — 1 год. Чаму ён ня стаў рэфарматарскім?