Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, мае намер «закрыць» усе 110 выбарчых акругаў на лістападаўскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Прадстаўнікі кааліцыі назвалі сёньня 5 мэтаў удзелу ў выбарах.
- Галоўная — стварыць каманду перамен, зь якой улады ў 2020 годзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі вымушаныя будуць лічыцца.
- Скарыстацца магчымасьцю данесьці праўду да насельніцтва — кандыдаты ў дэпутаты змогуць гэта рабіць праз тэлебачаньне і радыё, а акрамя таго, падчас выбарчай кампаніі дазволена ладзіць пікеты.
- Заручыцца падтрымкай як мага большай колькасьці грамадзянаў.
- Фіксаваць усе парушэньні выбарчага працэсу, каб не дапусьціць легітымізацыі такіх «выбараў» на міжнародным узроўні.
- Трэніраваць кандыдатаў і іх каманды, каб яны былі гатовыя перамагаць на сумленных і справядлівых выбарах.
Кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч пацьвердзіў і намер абраць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2020 году шляхам праймэрыз.
«Пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў мы прааналізуем сытуацыю і пачнём рыхтаваць праймэрыз. Менавіта тады і будзе акрэсьленае кола прэтэндэнтаў», — заявіў Губарэвіч.
Канапацкая будзе зьбіраць подпісы самастойна
Прозьвішча адной зь дзьвюх апазыцыйных дэпутатак цяперашняй Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, няма сярод кандыдатаў у дэпутаты да новых выбараў ад правацэнтрысцкай кааліцыі апазыцыйных партый.
«Яна не зьвярталася да нас, — сказаў Свабодзе выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў. — Магчыма, вырашыла ісьці выключна праз збор подпісаў. Зьезд, на якім наша партыя вылучыць сваіх кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў, плянуецца на 29 верасьня. Калі Ганна перадумае, то апошняе слова будзе за зьездам».
Ганна Канапацкая паведаміла Свабодзе, што гатовая ўвайсьці ў сьпіс кааліцыі правацэнтрыстаў. Яна кажа, што ўжо неаднаразова заяўляла пра гэта лідэрам АГП, у тым ліку на апошняй палітрадзе партыі, і тут Казлоў не мае рацыі. Але вылучацца на выбары па сваёй акрузе яна будзе ў любым выпадку, у тым ліку і праз збор подпісаў. Каб вылучыцца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, трэба сабраць сама меней адну тысячу подпісаў выбарнікаў, якія жывуць на тэрыторыі акругі.
«Я праз сацыяльныя сеткі абвясьціла конкурс добраахвотнікаў, якія хацелі б мне дапамагчы. Адгукнулася каля 100 чалавек. 40 зоймуцца зборам подпісаў, астатнія будуць дапамагаць у правядзеньні пікетаў, назіраньні за выбарамі. Я канчаткова вырашыла, што пайду на новыя выбары ў той жа самай акрузе, дзе мяне абралі дэпутатам у 2016 годзе», — сказала Свабодзе Ганна Канапацкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алена Анісім: Буду вылучацца на прэзыдэнта як кандыдат ад патрыятычных сілаў