Сьледчыя знайшлі падазраваных у пашкоджаньні старых лідзкіх могілак. Гэта 10-гадовы хлопчык і ягоная 7-гадовая сястра. Нават калі іхняя віна пацьвердзіцца, паводле закону дзяцей ня змогуць пакараць.
Як апавёў прадстаўнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Горадзенскага аблвыканкаму Максім Базыленка, дзеці жывуць непадалёк ад могілак. Яны каталіся на ровары, знайшлі малаток, зайшлі на могілкі і вырашылі праверыць надмагільлі на трываласьць. Дзеці прыяжджалі на могілкі некалькі разоў. Іх знайшлі «ў ходзе правядзеньня апэратыўна-пошукавых мерапрыемстваў».
Як паведаміў начальнік Інспэкцыі па справах непаўналетніх АУС Лідзкага райвыканкаму Іван Пыш, дзяцей на могілках заўважыў жыхар Ліды. Ён адабраў у іх малаток, а пазьней перадаў міліцыі іх прыкметы.
«Малаток — як кувалдачка. Ня проста малаточак, а ўзмоцнены. Дзіцяці 10 гадоў. Кажа: „Мне было цікава: упадзе, не ўпадзе. Упала, мне спадабалася“», — расказаў Іван Пыш.
Сям’я, у якой выхоўваюцца дзеці, характарызуецца як станоўчая, поўная. Бацькі алькаголем не злоўжываюць. Абое дзяцей ходзяць у школу, вучацца добра.
Крымінальную справу за пашкоджаньне надмагільляў завялі па артыкуле «хуліганства» (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Аднак прыцягнуць да адказнасьці па ім можна толькі пасьля 14 гадоў. З 10-гадовым хлопчыкам будуць весьці індывідуальна-прафіляктычную працу, яго паставяць на ўлік.
Да адказнасьці можна будзе прыцягнуць толькі іхніх бацькоў, калі высьветліцца, што яны не займаліся выхаваньнем дзяцей (артыкул 9.4 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях).
«Але калі бацькі выхоўвалі добра, а дзіця ўчыніла такое... Здараецца, што дзеці нешта такое ўдзівачаць. За што тады прыцягваць?» — дадаў Максім Базыленка.
Паводле яго, каб высьветліць, ці вінаватыя бацькі, апытаюць настаўнікаў: як характарызуюцца дзеці, бацькі, ці стаяла сямʼя раней на нейкім уліку.
Калі віну брата і сястры дакажуць, бацькам давядзецца кампэнсаваць прычыненую дзецьмі шкоду. Сума шкоды не паведамляецца.
Старыя лідзкія могілкі датуюцца канцом 18-га стагодзьдзя.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вандалы пашкодзілі 200-гадовыя лідзкія могілкі