Пра гісторыю нападаў на абрабаваную сёньня ювэлірную краму на вуліцы Кісялёва ў Менску агенцтву «Минск-Новости» расказалі вэтэраны менскай міліцыі Юры Мяцельскі і Віктар Пякарскі.
Паводле Віктара Пякарскага, першая спроба рабаваньня адбылася яшчэ ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя.
«Але тады, — кажа Пякарскі, — злачынцы не змаглі давесьці свой намер да канца. У сярэдзіне 80-х „Яхант“ усё ж такі абрабавалі, прычым сярод белага дня, але злачынцаў апэратыўна затрымалі паводле прыкметаў, якія добра запомнілі прадаўцы крамы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзёрзкі напад на ювэлірную краму ў Менску: прадаўцам надзелі кайданкі + ФОТА, ВІДЭАПрыкладна па такім жа сцэнары разьвіваліся падзеі і ў канцы 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Тады працоўны дзень быў у самым разгары, калі ў ювэлірную краму зайшлі два мужчыны ў чорных масках і са зброяй у руках.
«У краме „Яхант“ спрацавала трывожная сыгналізацыя, і я неадкладна накіраваў туды групу затрыманьня, — распавядае Юры Мяцельскі, які ў тыя гады быў апэратыўным дзяжурным Цэнтральнага РАУС і кіраваў усімі міліцэйскімі нарадамі ў раёне. — Аднак рабаўнікі спрацавалі настолькі хутка і зладжана, што па гарачых сьлядах іх затрымаць не ўдалося. Вуліца Кісялёва ў той час была ціхай і нешматлюднай, і злачынцы гэтым скарысталіся. Памятаю, сума нанесенай краме шкоды тады была вельмі вялікай».
Рабаўнікоў знайшлі ў Падмаскоўі толькі празь некалькі гадоў. Імі аказаліся два раней судзімыя расейцы. Яны былі асуджаныя.
Сёньня, 17 жніўня 2019 году, апоўдні двое невядомых зайшлі ў гандлёвую залю крамы «Яхант» на вуліцы Кісялёва, распылілі пярцовы газ, пасьля чаго на рукі аднаго з прадаўцоў надзелі кайданкі, а на другога — плястыкавы хамут.
Затым зламысьнікі разьбілі вітрыны, забраўшы пераважна залатыя ювэлірныя вырабы. І зьбеглі. Наведнікаў у краме не было.