Дзе ў Беларусі самае цёмнае неба? Якія зоркі ўпрыгожваюць жнівеньскія ночы? Калі назіраць мэтэорны дождж? Зорныя запаведнікі краіны шукалі наша аўтарка Яна Шыдлоўская і астрафатограф Віктар Малышчыц.
1. Беларускае Палесьсе ад Століна да Лоева
Жнівеньскае неба багатае на падзеі. Так, у апошні месяц лета адбываецца знакаміты мэтэорны дождж Пэрсэідаў, які сёлета стане адным з самых відовішчных. Чакаецца, што шчыльнасьць мэтэорнай плыні перасягне звыклыя паказьнікі ў два разы. Можна будзе ўбачыць да 150 мэтэораў у гадзіну замест звычайных для Пэрсэідаў 80. Пік мэтэорнага дажджу прыпадае на 12-13 жніўня, а скончыцца ён амаль адначасова з каляндарным летам. Пасьпяхова назіраць зоркапад магчыма ў цёмных месцах, па-за межамі буйных гарадоў, дзе адсутнічае штучнае асьвятленьне. Адным з самых глухіх куточкаў краіны можна назваць Беларускае Палесьсе ад Століна да Лоева. Пазбаўленае штучнага асьвятленьня неба тут самае цёмнае, а ночы ўлетку — самыя доўгія. Назіраць зорнае неба можна ці ў маленькай вёсцы, ці проста ў полі на ўскрайку гэтых рэгіёнаў.
Дарэчы, жнівеньскія мэтэоры будуць ляцець з боку сузор’я Пэрсэя, якое зьяўляецца над гарызонтам каля 10 гадзінаў вечара. Большасьць зь іх можна пабачыць пасьля апоўначы і нават пад раніцу. Варта памятаць, што 18 жніўня на небе чакаецца поўня, сьвятло якой пагоршыць умовы назіраньня за мэтэорным роем.
2. Налібоцкая пушча
Прыгожы і велічны беларускі лес можа стаць добрай пляцоўкай для назіраньня за зоркамі. У нетрах Налібоцкай пушчы вы знойдзеце і палі з лугамі, і неверагоднае возера Кромань, і невялічкія лясныя вёскі, у якіх мала хто ведае, як выглядае вулічны ліхтар. Лясныя абшары цягнуцца зь Меншчыны далей на Гарадзеншчыну і падзеленыя паміж Наваградзкім, Карэліцкім і Іўеўскім раёнамі. Дарэчы, менавіта на Наваградчыне нарадзіўся Тамаш Жаброўскі, які ў 1753 годзе заснаваў у Вільні першую абсэрваторыю. Пазьней, намаганьнямі гарадзенца Марціна Пачобута-Адляніцкага, яна стане адной з найлепшых абсэрваторыяў Эўропы. Пра вядомага выкладчыка Віленскага ўнівэрсытэту і каралеўскага астранома, які 44 гады ўзначальваў астранамічную абсэрваторыю, у «Пане Тадэвушы» напісаў Адам Міцкевіч.
Цікавіўся зоркамі і Антон Тызэнгаўз. Напрыканцы XVIII стагодзьдзя рамантык эпохі Асьветніцтва склаў плян стварэньня ў Горадні акадэміі сьвецкага тыпу, пры якой мелася пабудаваць астранамічную абсэрваторыю. На жаль, будынак апошняй існуе толькі на старажытных плянах. Аматарская абсэрваторыя адчынілася ў Горадні на пачатку ХХ стагодзьдзя — у рамесным вучылішчы імя царэвіча Аляксея, а ў кляштары брыгітак працаваў гурток астраноміі ксяндза Люцыяна Халецкага. Больш пра гісторыю астраноміі і выдатных астраномаў зь беларускім паходжаньнем расказвае насычаная цікавымі фактамі кніга дасьледчыка зь Ліды Леаніда Лаўрэша «І зорнае неба над галавой...»
3. Рэчка Шоша
Маляўнічая рака Шоша на Віцебшчыне пачынаецца з возера Шо і цягам амаль 30 кілямэтраў нясе свае воды да возера Пліса. Увесну і ў першай палове лета Шошу разам з азёрамі Доўгае, Шо, Пліса, Мнюта і ракой Мнюта турысты абіраюць для водных паходаў, у другой палове лета, калі Шоша можа зьмялець і паходы па ёй больш немагчымыя, навакольлі ракі можна разглядаць як запаведнік цёмнага неба. Верагодна, гэтае месца зь мінімальнай засьветкай ухваліла б і Міжнародная асацыяцыя цёмнага неба.
Выпраўляючыся любавацца зоркамі на Віцебшчыну, варта ўзгадаць асобу вядомага астранома ксяндза-езуіта Яна Багамольца, які вывучаў астраномію ў Празе. У 1769 годзе ён назіраў камэту, пасьля чаго напісаў грунтоўную працу з астранамічным тлумачэньнем яе зьяўленьня. Паходзіў зь Віцебшчыны і ксёндз-езуіт Стафан Луцкіна. Прайшоўшы навучаньне ў Аўстрыі, Італіі і Францыі, ён выкладаў фізыку і астраномію ў езуіцкім калегіюме ў Варшаве. У пэдагагічнай кар’еры прайшоў шлях ад выкладчыка да рэктара гэтай навучальнай установы. Мэцэнатка Альжбэта Пузына-Агінская ў сваім Лучайскім маёнтку на Пастаўшчыне арганізавала астранамічныя назіраньні для вывучэньня геаграфічнага становішча і грашова патрымала будаўніцтва абсэрваторыі ў Вільні.
Вялікім аматарам зор быў Уладзімер Караткевіч — падчас настаўніцтва ў Оршы ён кіраваў астранамічным гуртком. Дарэчы, у Віцебскім тэатры Якуба Коласа ідзе спэктакль, у назьве якога прысутнічае знакаміты зоркапад. Драма ў 2-х дзеях «Леаніды ня вернуцца на Зямлю...» пастаўленая па матывах рамана Ўладзімера Караткевіча «Нельга забыць».
4. Крэва — Баруны — Гальшаны
Вядомым у Беларусі турыстычным маршрутам варта праехацца ў цёмныя часы, каб убачыць зорны россып на небе. Дарога зь Менску на Вільню — ня самае цёмнае месца. Але роўна на палове гэтага шляху карты засьветкі паказваюць цёмны куточак, куды трапілі славутыя Крэўскі і Гальшанскі замкі. І хоць гэтыя мястэчкі досыць вялікія і маюць вулічнае асьвятленьне, у навакольных вёсках ноччу — хоць вока выкалі. Зоркі там быццам дакранаюцца да зямлі. У жнівеньскім небе асабліва выразна сьвецяць зоркі Вэга, Дэнэб і Альтаір з сузор’яў Ліры, Лебедзя і Арла. Цікава ўгледзець каля гарызонту Стральца і Казярога, а на вялікай вышыні — Андрамэду і Пэгаса. Пад раніцу неба ўпрыгожваюць яркія зоркі Цяльца, Арыёну і Блізьнятаў.
Перад выправай варта пагартаць кнігу Цімафея Авіліна «Этнаастраномія: паміж небам і зямлёй», каб узброіцца традыцыйнымі назвамі нябесных целаў, легендамі і паданьнямі пра іх. Неба над старажытнымі замкамі такое нізкае, што зоркі можна назіраць без адмысловых прыбораў. Так рабілі нашы даўнія продкі. Толькі пазьней, калі ў беларускіх гарадах, панскіх маёнтках, кляштарах і палацах захапіліся аматарскай астраноміяй, стаў зьяўляцца і адмысловы рыштунак. Хто меў сродкі — разглядаў неба праз тэлескоп. Больш за тое, ахвяраваў абсталяваньне для прафэсійнага вывучэньня неба. Вядома, што ўладар Нясьвіскага палацу князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ахвяраваў Віленскай абсэрваторыі выраблены ў Нямеччыне тэлескоп — абшыты скурай, даўжынёй у чатыры футы.
5. Багушэвічы
Мястэчка Багушэвічы перадусім вядомае мураваным касьцёлам Божага Цела, пабудаваным у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя як фамільная пахавальня роду Сьвентаржэцкіх, якія мелі тут радавы маёнтак. Прыглядзецца да Багушэвічаў варта і аматарам зор.
Па дарозе зь Менску ў Магілёў сустракаецца ўсяго некалькі невялікіх мястэчак, якія не ствараюць моцнай засьветкі сваімі ліхтарамі. Таму можна сьмела ад’яжджаць на 100 кілямэтраў ад любога з гэтых мястэчак і любавацца зоркамі. Галоўнае, каб надвор’е было бясхмарным, і тутэйшае зорнае неба не расчаруе, і, магчыма, нават натхніць. Як натхніла калісьці Язэпа Драздовіча на стварэньне больш за 60 графічных і жывапісных карцінаў на касьмічную тэму. У кнігу «Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак», укладальнікам якой стаў Міхась Казлоўскі, увайшло факсымільнае выданьне працы Драздовіча «Нябесныя бегі». Гэта навукова-папулярная кніга па астраноміі, дзе, сярод іншага, аўтар разглядае магчымасьць жыцьця на Сатурне, упершыню была выдадзеная ў Вільні ў 1931 годзе. Натхняліся небам і іншыя беларускія мастакі, сярод якіх — Марк Шагал, Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка.
І яшчэ. Каб зрабіць начныя вандроўкі па Беларусі ў пошуках зорнага неба як мага больш рамантычнымі, варта прыхапіць з сабою томік вершаў Максіма Багдановіча. На творчасьць беларускага рамантыка ня раз натхняла прыгажосьць зорнага неба.
Яна Шыдлоўская, Віктар Малышчыц (фота)
для Радыё Свабода
(арыгінал публікацыі 13 жніўня 2017 году)