Навіна пра тое, як у Віцебску мужчына зьбіў жонку і сына, а пасьля выгнаў чатырохгадовага малога з хаты, разьляцелася, здаецца, ледзь не па ўсіх сайтах дзяржаўных і незалежных беларускіх СМІ. І хацелася б парадавацца, што рэдакцыі асьвятляюць тэму хатняга гвалту, але ня ўсё так адназначна.
Варта разумець, што гісторыя здабыла такую папулярнасьць толькі праз тое, што з хаты выгналі малое пабітае дзіця. Якая імавернасьць, што мы пачулі б пра злачынства, калі б агрэсар абмежаваўся зьбіцьцём жонкі? Зусім мізэрная — амаль нулявая. І на тое ёсьць дзьве прычыны: па-першае, зьбіцьцё жонак — справа даволі распаўсюджаная і вялікага грамадзкага інтарэсу не выклікае (хоць павінна быць наадварот), а па-другое, на пабітых жанчын па-ранейшаму прынята навешваць адказнасьць і віну за тое, што іх (нас) б’юць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску 4-гадовы хлопчык спаў у падʼезьдзе. Яго зьбіў і выгнаў з хаты бацькаШмат у якіх загалоўках, дарэчы, зусім не пісалі, што мужчына пабіў жонку — абмежаваліся інфармацыяй пра сына. І гэта ж не выпадковасьць, а лягічнае наступства дзяржаўнай палітыкі, у якой закон аб супрацьстаяньні хатняму гвалту — гэта «нешта пра гендэр, руйнаваньне сям’і і тое, каб дзяцей з "нармальных сем’яў" аддавалі геям».
А шматлікія камэнтары да гэтай навіны паказваюць: многія дагэтуль не разумеюць, што адбываецца з людзьмі, якія церпяць ад хатняга гвалту. Чароўным чынам адна з пацярпелых ператварылася ў вачах грамадзкасьці ў злачынцу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое гендэр і ці трэба яго баяццаРэч у тым, што жанчына, якую зьбіў муж, сышла з кватэры. Яе за гэта абвінавачваюць у бессардэчнасьці, абыякавасьці, адсутнасьці сумленьня і мацярынскіх пачуцьцяў, патрабуюць завесьці справу і супраць яе таксама:
«Вось тут трэба апека і тату судзіць з мамай, якая таксама пакінула дзіця ў небясьпецы...»
«Не пашанцавала малому з продкамі... адзін за аднаго лепшы»
«...якая шэдэўральная матуля. Кінула і сышла»
Усе гэтыя людзі, якія цяпер прыраўноўваюць зьбітую жанчыну да злачынцы, вядома ж, дакладна ведаюць, як бы яны паводзілі сябе пасьля таго, як іх зьбіў родны чалавек — яны былі б альтруістычнымі і вельмі рацыянальнымі, маглі б разумна ацаніць усе рызыкі і пралічыць усе магчымыя наступствы кожнага свайго дзеяньня.
Гэты падыход сьведчыць: разуменьня таго, як хатні гвалт уплывае на ахвяраў, у такіх людзей зусім няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія сьмерці не хвалююць прэзыдэнтаЗ такім падыходам жыць зручней і прыемней: ён дапамагае верыць, што «са мной такое дакладна ніколі не здарыцца» і «я ў такой сытуацыі зраблю ўсё правільна». Але ж гэтая зразумелая ілюзія аказваецца ў выніку вельмі небясьпечнай, бо не дазваляе адкрыта глядзець на праблему.
Хатні гвалт — гэта катастрофа, якая пагаршае псыхалягічнае і фізычнае здароўе ахвяраў, можа прывесьці да сьмерці і дакладна зьмяняе асобу. Вельмі дзіўна чакаць самаахвярнасьці і клопату пра іншых ад чалавека, які ня ў стане больш паклапаціцца пра самога сябе. Словы «спачатку насуньце кіслародную маску на сябе, а потым на дзіця» тычацца ня толькі рэальнай кіслароднай маскі ў самалёце. Калі маці сама ў фізычнай небясьпецы, адкуль у яе будуць сілы клапаціцца пра некага яшчэ?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты альбо пры сьмерці, альбо зусім не кажы пра гэта». Як людзі з інваліднасьцю вучацца здымаць кіноАле ж грамадзтва працягвае выстаўляць велізарныя патрабаваньні да ахвяраў хатняга гвалту: яны павінны прадбачыць усё наперад, быць рашучымі, адважнымі і рацыянальнымі. Пры гэтым, вядома ж, трэба заставацца мяккімі і лагоднымі, каб не правакаваць агрэсараў. І, галоўнае, калі ахвяра — не малое дзіця, дык ня мусіць ні ад каго чакаць дапамогі.
P. S. Я праглядзела больш за 20 матэрыялаў пра Віцебскую гісторыю, і толькі адзін зь іх зьмяшчаў інфармацыю пра гарачую лінію дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.