Зборная Беларусі ў пляжным футболе па выніках адборачнага турніру ўпершыню атрымала права выступіць на лістападаўскім чэмпіянаце сьвету ў Парагваі і пачала ўзмоцненую падрыхтоўку да мундыялю.
Чаму беларускі beach soccer дэманструе нашмат лепшыя вынікі, чым традыцыйны вялікі футбол? Як разьвіваецца дысцыпліна без прыродных пляжаў? Хто гуляе ў нацыянальным першынстве і за галоўную каманду краіны?
Перад ад’ездам на этап Эўралігі ў італьянскай Катаньні карэспандэнт Свабоды сустрэўся з брамнікам зборнай, майстрам спорту Валерам Макарэвічам.
Ён ня толькі надзейны тыл зборнай, а яшчэ і прыклад беларуса-патрыёта. 35-гадовы гулец прынцыпова размаўляе на роднай мове, шануе гістарычныя сымбалі і заражае беларушчынай калег-футбалістаў.
Без марскіх пляжаў, затое з чэмпіянатам сьвету
У Беларусі пляжны футбол пачаў культывавацца прыкладна 10 гадоў таму. Але ў актыве галоўнай зборнай ужо шэраг гучных перамог над фаварытамі — галяндцамі, італьянцамі, партугальцамі, французамі, швайцарцамі.
На сёлетнім адборачным турніры ў Маскве беларусы ўпершыню атрымалі права паехаць на фінальную частку чэмпіянату сьвету, які ў канцы лістапада стартуе ў Парагваі. Дзякуючы ўдаламу выступу Беларусь у рэйтынгу Міжнароднай фэдэрацыі пляжнага футболу ўзьнялася адразу на 11 пунктаў і цяпер займае 17-е месца.
«Мая чацьвёртая спроба трапіць на чэмпіянат сьвету аказалася ўдалай, чаму я неверагодна рады, — ня тоіць эмоцый Валер Макарэвіч. — Гэта сапраўды ўнікальны выпадак, бо ў Беларусі мы маем толькі сэзонны доступ да пяску, а значыць, набраць форму трэба за кароткі час. Тыя, каго выклікаюць у зборную, церпяць у меншай ступені, бо выяжджаюць на замежныя зборы. А каб трэніравацца тут, трэба будаваць крыты манеж. Гэта, апрача іншага, разгрузіла б фэдэрацыю ў фінансавым пляне».
У першым матчы Эўралігі ў Катаньні зборная Беларусі перамагла каманду Францыі зь лікам 4:1 і зрабіла рэальны крок да пападаньня ў Супэрфінал, які 5 верасьня стартуе ў партугальскім горадзе Фігейра-да-Фош.
На мяжы правалу, пакуль не дапамагла матывацыя
У чым сакрэт посьпеху, які апошнім чассам дэманструюць беларусы? Калегам з клясычнага футболу падобныя вяршыні нават ня сьніліся. Валер Макарэвіч тлумачыць, што гэтым разам занадта высокай была цана пытаньня. Да таго некалькі праваленых турніраў ставілі пад сумнеў стратэгію разьвіцьця пляжнага футболу ў краіне. Іншымі словамі, трэба было даказаць, што тыя няўдалыя выступы — прыкрая асечка, а не заканамернасьць.
«Эўрапейскія гульні, адбор на Ўсясьветныя пляжныя гульні — на жаль, правал у абодвух выпадках. Кваліфікацыя да чэмпіянату сьвету пры адсутнасьці выніку магла паставіць крыж на пэрспэктывах гэтага віду. Адпаведна, значны матывацыйны складнік. Ну і, вядома, шматлікія замежныя зборы, унёсак фэдэрацыі ў разьвіцьцё менавіта гульцоў нацыянальнай каманды. Яшчэ адзначу, што большасць асноўнага складу — спартоўцы, якія маюць вялікі досьвед такіх спаборніцтваў. Некалі колькасьць павінна была перайсьці ў якасьць».
Сапернікі на групавым этапе стануць вядомыя ў сярэдзіне верасьня. Агулам у спаборніцтвах возьмуць удзел 16 камандаў, пяць зь іх прадстаўляюць Эўропу: Беларусь, Італія, Расея, Партугалія, Швайцарыя. Безумоўнымі фаварытамі лічацца паўднёваамэрыканскія каманды, але, запэўнівае суразмоўца, і беларусы едуць не абы толькі адбыць нумар.
«Зразумела, што ў Парагваі слабых камандаў ня будзе, — разважае Валер Макарэвіч. — Галоўныя фаварыты — гэта бразыльцы, заснавальнікі пляжнага футболу і лідэры міжнароднага рэйтынгу. Мяркую, што сюрпрызаў трэба чакаць ад гаспадароў спаборніцтваў. Моцны ўзровень і ў эўрапейскіх камандаў. Пра нашыя мэты казаць пакуль складана — лёсаваньне адбудзецца толькі 13 верасьня. Як будзем ведаць супернікаў, пачнём аналізаваць і ставіць задачы».
Зь відовішчнасьцю, але без інфраструктуры
Летась да ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску збудавалі асобны стадыён для «пляжнікаў», аднак у маштабах краіны інфраструктура кульгае. У выніку цікавасьць да пляжнага футболу зусім сьціплая — усяго шэсьць камандаў, заяўленых на ўнутранае першынства. Нягледзячы на гучныя посьпехі на міжнароднай арэне, гэты від спорту ў Беларусі, па сутнасьці, аматарскі, зарабляць на пляжным футболе праблематычна.
«У клюбны чэмпіянат прыходзяць хто адкуль: зь міні-футболу, з аматарскіх лігаў, у кожнага свой шлях, — кажа брамнік. — Але няма такога, каб нехта рыхтаваў сябе да гэтага зь дзяцінства. Дый занятак часовы: за два летнія месяцы адгулялі сэзон — і займайся сваімі справамі. У той прамежак нейкія грошы атрымаць можна, аднак гэта не пакрые ўсіх патрэб, неабходна мець іншую працу. Адзіным паўпрафэсійным калектывам была БАТЭ — і то спыніла існаваньне, няма сродкаў».
Валер Макарэвіч да нядаўняга часу атрымліваў заробак у самым беларускамоўным футбольным клюбе — менскім «Тарпэда». Быў трэнэрам брамнікаў. Аднак расейскі інвэстар адмовіўся фінансаваць каманду, і пасьля першага кругу «чорна-белыя» зьняліся з чэмпіянату найвышэйшай лігі. Цяпер гульцы і трэнэры мусяць працаўладкоўвацца ў іншых месцах.
«Я ўдзячны супрацы з „Тарпэда“, добры калектыў. Бязь лішняй сьціпласьці скажу, што рабіў уплыў на некаторых гульцоў, ня толькі спартовы. З маладым форвардам Паўлам Кляньнё гаварылі па-беларуску, спрычыніўся, каб той нёс у сьвет беларускую мову — і ён пачаў даваць інтэрвію на ёй. Ну, а цяпер я беспрацоўны, цалкам займаюся пляжным футболам. Адабраліся на чэмпіянат сьвету, шмат трэніровак, турніраў, вось якраз этап Эўралігі ў Італіі»
.
Марыў пра «вялікі» футбол, а праславіўся ў beach soccer
Сам Валер Макарэвіч прыйшоў у пляжны футбол, маючы досьвед выступаў у першай лізе чэмпіянату Беларусі — гуляў за «Ліду» і «Смаргоні». А ўжо пазьней паралельна працаваў з брамнікамі ў менскіх клюбах «Тарпэда» і «Крумкачы».
«У клясычным футболе вялікіх посьпехаў не дасягнуў і ў 27 гадоў пачаў займацца пляжным. Пакуль не пашкадаваў, асабліва з улікам пападаньня на чэмпіянат сьвету. Наогул запрасілі паспрабаваць хлопцы, якія ў нас былі першапраходцамі гэтай справы — Віталь Крупіца, Яўген Гайдук. Здаецца, някепска атрымлівалася, і ад 2012 году я пачаў рыхтавацца мэтанакіравана. І практычна адразу ж трапіў у нацыянальную зборную», — кажа Валер Макарэвіч.
А ці чапляе яго, што пляжны футбол па-ранейшаму застаецца ў цені «вялікага субрата» і нават спартовыя экспэрты разглядаюць яго збольшага як забаўку?
«Ёсьць такое стэрэатыпнае ўяўленьне, але ж у кожнага свой густ, — адказвае брамнік. — Некаму падабаецца хакей, некаму тэніс. І пляжны футбол таксама займае пэўную нішу, мае сваіх заўзятараў. Трапіўшы на першы адборачны турнір у Маскву, я адразу ж захапіўся антуражам яскравага відовішча. І гэта пры тым, што пляжны футбол шмат у якіх краінах аматарскі. Але там, дзе ён падтрымліваецца, вынік адпаведны — як у Бразыліі, Партугаліі, Італіі».
Ня толькі спорт, а і грамадзянская пазыцыя
Неўзабаве пасьля пераходу ў пляжны футбол Валер Макарэвіч адзначыўся і зь іншага боку. Спачатку пачаў даваць па-беларуску інтэрвію пасьля матчаў, потым перайшоў на родную мову ў стасунках з калегамі, нарэшце беларусізаваў траіх сваіх дзяцей.
У моўным пытаньні ён катэгарычны: калі раптам акажуся апошнім, хто ў маёй сям’і валодае роднай мовай, палічу гэта за здраду бацькам і дзядам, кажа спартовец.
«Мову я чуў з маленства, бо лета і вакацыі праводзіў у бабулі. Аднак школа і вуліца прымусілі гаварыць па-расейску. Урэшце я перагледзеў свае жыцьцёвыя пазыцыі: зразумеў, што родная мова становіцца для нас замежнай. Паколькі я з гэтым ня згодны і маю ўласных дзяцей, то выхоўваю іх так, каб яны ўспрымалі нашу мову як родную. Людзі на вуліцы спыняюць, кажуць, як прыемна пачуць сваё слова. Ну, і стараюцца пагаварыць па-беларуску», — расказвае брамнік-патрыёт.
Паводле Валера Макарэвіча, у ягоным выпадку штуршком да самаідэнтыфікацыі паслужылі падзеі 2014 году ва Ўкраіне — міжволі напрошваліся паралелі зь Беларусьсю.
«Я ўбачыў рэальнае стаўленьне нашага ўсходняга суседа да ўсіх навокал — зусім не братэрскае, як гэта прынята казаць, — удакладняе ён. — Пачаў заглыбляцца ў гісторыю: чаму мы дайшлі да такога, што ў нас зьнікае мова, усьведамленьне таго, хто мы і адкуль, а грамадзтва ўсё больш схіляецца ў бок Расеі. Асабіста мне шлях нашай адметнасьці падабаецца больш, чым пэрспэктыва апынуцца ў нечых абдымках. Можна быць у нечым падобнымі, але галоўнае — ня страціць сваё. Мова — першы крок да гэтага».
На старонках брамніка ў сацыяльных сетках багата здымкаў, дзе ён пад бел-чырвона-белым сьцягам. Гістарычнае палотнішча было пад рукой і падчас адборачнага турніру ў Маскве.
Таксама прызнаецца, што падчас выкананьня гімна на міжнародных спаборніцтвах прамаўляе не радкі пра «мірных людзей», а «Пагоню» Максіма Багдановіча. Лічыць, што гэты твор, а таксама «Малітва за Беларусь» Натальлі Арсеньневай ды «Ваяцкі марш» часоў БНР («Мы выйдзем шчыльнымі радамі») дакладна не саступілі б у актуальнасьці дзяржаўнаму гімну Беларусі.
«Можа, каго і пакрыўджу, але бел-чырвона-белы сьцяг, герб мне падабаюцца нашмат болей, чым цяперашнія, — працягвае суразмоўца. — Усё ж гэта наша гісторыя, якая мае не 25 гадоў, а некалькі стагодзьдзяў, з чым таксама трэба лічыцца. Таму і гістарычны сьцяг, і «Пагоню» лічу больш беларускімі, чым сучасныя сымбалі, якія асацыююцца выключна з савецкім часам».
Каб заглыбіцца ў мінуўшчыну і лепш разумець сучаснасьць, Валер Макарэвіч завочна скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, цяпер ён спэцыяліст у архіўнай навуцы.
***
Валер Макарэвіч нарадзіўся 3 сьнежня 1983 году ў Лідзе. У Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзэрву атрымаў кваліфікацыю трэнэра футболу.
Чэмпіён Беларусі сярод юнакоў, пераможца чэмпіянату Беларусі ў першай лізе ў складзе каманды «Савіт».
Адказваў за разьвіцьцё пляжнага футболу ў барысаўскім БАТЭ. Майстар спорту ў пляжным футболе, гулец нацыянальнай зборнай. Шматразовы чэмпіён Беларусі. Срэбны прызэр чэмпіянату Ўкраіны ў складзе каманды VIT (Кіеў).
Нядаўна атрымаў трэнэрскую ліцэнзію УЭФА катэгорыі «В», якая дазваляе працаваць як з клясычнымі клюбамі, так і з «пляжнікамі».