Прэм’ер-міністар Латвіі Крышаніс Карыньш абверг інфармацыю аб тым, што ўрад краіны нібыта ўхваліў рашэньне купляць электраэнэргію Беларускай АЭС.
Нядаўна Латвія вырашыла перанесьці гандаль электраэнэргіяй з трэцімі краінамі зь літоўскай на латвійскую мяжу. Яна будзе весьціся праз латвійскага апэратара электрасетак (AST).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наўседа: спыніць Астравецкую АЭС толькі эканамічнымі рычагамі запознаГэты крок быў патлумачаны прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам як жаданьне латвійскага ўраду стварыць сабе магчымасьці для куплі беларускай электраэнэргіі пасьля запуску БелАЭС у абыход Вільні, якая мае намер блякаваць паступленьне энэргіі зь беларускай станцыі ў Эўразьвяз. Карыньш назваў гэта непаразуменьнем.
«Баюся, ён можа быць не зусім дасьведчаны ў тым, што адбываецца. Магу паўтарыць, урад Латвіі не вырашаў купляць электраэнэргію ў Беларусі. Гэта зусім ня так», — прыводзіць ягоныя словы латвійскі сайт Skaties.
Паводле прэм’ера, Латвія цяпер набывае электраэнэргію з Расеі і Беларусі празь Літву. Аднак калі Літва рэалізуе свой плян блякаваньня беларускай электраэнэргіі, то сувязі могуць быць абарваныя. Таму Латвія вырашыла адкрыць латвійска-расейскую мяжу для ператоку электраэнэргіі, каб мець магчымасьць набываць яе ў Расеі.
Як раней сказаў Свабодзе выканаўчы дырэктар Асацыяцыі электраэнэргетыкі і энэргабудаўнікоў Латвіі Гунарс Валдманіс, рашэньне ўраду Латвіі было зьвязанае не зь БелАЭС і яно не азначае, што ўлады краіны будуць купляць электраэнэргію ў беларускага боку. На яго думку, інтэрпрэтацыя латвійскага рашэньня, агучаная Наўседам, — гэта перабольшаньне.
«Рашэньне ўраду Латвіі прадугледжвае, што будзе адкрытая гандлёвая зона паміж Латвіяй і Расеяй, — тлумачыў Валдманіс. — Гэта азначае, што гандляры, зарэгістраваныя на біржы электраэнэргіі, змогуць скарыстацца гэтымі лініямі электраперадачаў. Да гэтага часу гэта адбывалася празь Літву і беларуска-літоўскую мяжу. Але цяпер Літва хоча закрыць гэты шлях для гандлю, таму Латвія хоча адкрыць сваю мяжу. Гэта азначае толькі тое, што гандляры з Расеі і Беларусі тэарэтычна змогуць прадаваць электрычнасьць».
Ніякага пагадненьня аб куплі электрычнасьці зь БелАЭС няма, падкрэсьлівае Валдманіс, і ўрад Латвіі цяпер, наколькі яму вядома, не зьбіраецца заключаць такія дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія не зьбіралася закупляць энэргію зь БелАЭС. Але латвійцы тэарэтычна змогуць