Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаўся ў абарону сваёй эканамічнай палітыкі і сваёй пазыцыі ў гандлёвай вайне з Кітаем, у той час як асьцярогі з нагоды магчымай рэцэсіі кінулі цень на цэнтральны элемэнт ягонай перадвыбарнай кампаніі: заявы пра тое, што пры ім амэрыканская эканоміка зноў стала вялікай.
15 жніўня Трамп выступіў на перадвыбарным сходзе ў Манчэстэры ў штаце Нью-Гэмпшыр, які адыграў ключавую ролю ў ягонай перамозе на выбарах 2016 году і можа істотна паўплываць на ягоныя шанцы ў 2020 годзе, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт падкрэсьліў, што ягоная тактыка гандлёвага ціску ўзьдзейнічае на Кітай, хоць бакі па-ранейшаму далёкія ад дамоўленасьці, нягледзячы на аднаўленьне перамоваў, чарговы раўнд якіх намечаны на верасень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адклаў мыта на кітайскі экспартПа словах Трампа, дэвальвацыя кітайскай валюты з часам «вельмі моцна ім пашкодзіць» і вымусіць Пэкін пайсьці на саступкі. «Яны пойдуць на пагадненьне», — выказаў упэўненасьць прэзыдэнт ЗША.
Многія аналітыкі думаюць, што ўведзеныя Трампам мыты на кітайскія тавары сталі прычынай замаруджваньня росту амэрыканскай эканомікі, паколькі кампаніі перакладаюць дадатковыя выдаткі на амэрыканскіх спажыўцоў. Аднак прэзыдэнт ЗША з гэтым ня згодны.
«Дарэчы, яны зьядаюць мыта, — сказаў ён, маючы на ўвазе Кітай. — Павышэньня цэнаў не адбываецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША абваліўся рынак акцый у чаканьні рэцэсііПапярэдзіўшы, што ў выпадку перамогі кандыдата ад Дэмакратычнай партыі варта чакаць палітычных ініцыятываў, якія пацягнуць за сабой павышэньне падаткаў, Трамп заявіў, што, калі б не ягоная перамога ў 2016 годзе, рынкі б абрынуліся, і ў 2020 годзе сытуацыя будзе аналягічнай.
«У вас няма іншага выбару, акрамя як галасаваць за мяне, таму што інакш вашыя пэнсійныя пляны паляцяць у трубу... Любіце вы мяне ці ненавідзіце, вам усё роўна трэба за мяне галасаваць», — сказаў ён.
У інтэрвію кансэрватыўнаму тэлевядоўцу Джэку Хіту Трамп прызнаў, што на фінансавых рынках «была пара няўдалых дзён», але выказаў упэўненасьць, што «будуць і вельмі добрыя дні, таму што Кітаю трэба было даць адпор».