Каля 50 рабочых з Расеі 15 жніўня выйшлі на галоўную плошчу Астраўца. Яны патрабуюць разьліку за два месяцы працы.
15 жніўня адразу ў некалькіх дзясяткаў найманых рабочых-мантажнікаў, якія працавалі на будоўлі Беларускай АЭС, скончыліся дамовы. Яны сьцьвярджаюць, што наймаліся на працу праз расейскую кампанію «Стройинвестпроект», разьмешчаную ў Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым на плястыкавых пропусках ва ўсіх пазначаная іншая кампанія — АТ «Сезам».
Па словах рабочых, наймальнік спраўна аплачваў арэнднае жыльлё, выдаваў сутачныя. А калі прыйшоў час выплачваць заробак, грошай не аказалася.
«Нам есьці няма чаго, калі нам заплацяць?»
«Нас тут такіх каля 90 чалавек, — расказвае Свабодзе ў цэнтры Астраўца адзін з расейцаў, Аляксандар Лычаў. — Вось сюды да помніка Леніну зараз прыйшло 50 чалавек, гэта самыя адчайныя. Вы зразумейце, у нас грошай зусім няма, я нават за тэлефон не магу заплаціць. З вамі зьвязваўся праз інтэрнэт з дому, гаспадар нам вай-фай уключыў. Мы да вас зьвярнуліся, таму што гэта крайняя мера ўжо. Мы ня ведаем, што рабіць далей».
Да помніка Леніну на цэнтральнай плошчы Астраўца прыйшло каля паўсотні рабочых. Свае гісторыі расказваюць, перабіваючы адзін аднаго, але ва ўсіх яны збольшага аднолькавыя. Наняліся на працу ў расейскую кампанію «Стройинвестпроект», прыехалі ў Астравец на вахту, адпрацавалі два месяцы, абяцаных грошай не атрымалі.
«Нам есьці няма чаго, калі нам заплацяць? — працягвае Аляксандар. — Зараз нам кажуць — вяртайцеся ў Расею дадому, тады, магчыма, мы з вамі разьлічымся. Але мы разумеем, што калі паедзем дадому, то грошай дакладна не пабачым. Мы сюды ехалі, бо тут Беларусь, тут жа „Бацька“, сур’ёзнае дзяржаўнае будаўніцтва. Ніхто ня мог падумаць, што нас так кінуць тут».
Сумы, якія ім належацца, рабочыя называюць розныя. У выпадку Аляксандра Лычава гэта прыкладна 62 тысячы расейскіх рублёў (каля тысячы даляраў). Ёсьць як больш, да 85 тысяч, так і менш. Акрамя жаданьня атрымаць заробленыя грошы, усіх расейцаў, што прыйшлі ў цэнтар Астраўца, аб’ядноўваюць яшчэ як мінімум дзьве праблемы — у большасьці зь іх найманае жыльлё ў Астраўцы аплачанае да бліжэйшага панядзелка, дадому дабірацца сотні або тысячы кілямэтраў, а грошай няма нават даехаць у Смаргонь, куды іх паслалі ў Астравецкай пракуратуры.
«Мы зусім ня ведаем, што нам рабіць цяпер, — расказвае яшчэ адзін расеец. — Хадзілі ў вашу пракуратуру, нам там далі паперку з адрасам у Смаргоні. Маўляў, зьвяртайцеся туды, гэта мясцовая інспэкцыя па працы. Кажуць, калі дамоваў аб працы няма, то нічым дапамагчы ня могуць. Прараб наш кажа, каб разьбіраліся зь пецярбурскай кампаніяй, там раяць вяртацца ў Расею, у менскім прадстаўніцтве АТ „Сезам“ таксама нічога ня кажуць. А нам што рабіць? Мы сюды зарабіць ехалі, ва ўсіх сем’і свае, крэдыты. Дзяцей у школу трэба зьбіраць, першага верасьня хутка».
У якасьці доказаў сваёй датычнасьці да будоўлі Астравецкай АЭС расейцы паказваюць плястыкавыя пропускі, якія перасталі працаваць з 15 жніўня. На ўсіх картках — лягатып АТ «Сезам». Тое, што яны не заключалі афіцыйных дамоваў з кампаніяй-наймальнікам, тлумачаць проста — так абяцалі больш заплаціць, чым у выпадку з афіцыйным афармленьнем.
«Нам да Лукашэнкі ісьці ці што рабіць? — кажа Аляксандар Лычаў. — Парайце, куды зьвяртацца. Вось мы сюды выйшлі, можам яшчэ ў пракуратуру схадзіць. Нам няма чаго ўжо губляць. Калі мы зараз паедзем у Расею дадому, то там з намі ніхто дакладна не расплаціцца. У нас адзіны шанец атрымаць грошы — застацца ў Беларусі, пакуль не заплацяць».
«Усіх набіралі па абвестцы»
Яшчэ частка рабочых у такой жа сытуацыі вырашыла вярнуцца ў Расею. Гэтак жа хоча зрабіць і Яўген, які не далучыўся да рабочых на сустрэчы з журналістамі. Праз тэлефон ён распавёў, што ў падобнай сытуацыі апынуліся каля 90 чалавек.
«Нас усіх набіралі па абвестцы. Усіх, хто тут працуе. Кампанія „Сезам“ заключыла дамову аўтстафінгу з кампаніяй „Стройинвестпроект“, а „Сезам“, у сваю чаргу, заключыў дамову з АСЭ („Атомстройэкспорт“ — генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС. — РС). Па дамове ў іх на выплату 45 дзён. Сёньня апошні дзень, калі яны мусяць выплаціць. А хлопцам раней „Стройинвестпроект“ абяцаў выплаты на працягу месяца. Вось яны і чакалі, што выплаты будуць раней. І я такі ж наіўны быў».
Паводле ягоных словаў, за травень заробак людзі атрымалі. Цяпер тым, хто хоча выехаць у Расею, кампанія «Стройинвестпроект» купляе квіткі, каб людзі даехалі дахаты. І абяцаюць ужо там выплаціць ім заробак.
«Мы разарвалі кантракт зь „Сезамам“. Цяпер „Сезам“ можа запатрабаваць выселіць людзей з гэтай прычыны. Але квіткі ніхто не адмаўляецца ім купляць. Некаторыя адмаўляюцца, бо думаюць, што калі яны застануцца, то хутчэй атрымаюць грошы. Я ў гэта ня веру», — тлумачыць Яўген сваю пазыцыю.
«Затрымак няма, усё дакладна»
Расейцы ў адзін голас кажуць, што да беларускіх уладаў прэтэнзій ня маюць, толькі да расейскай кампаніі-наймальніка. Яны спадзяюцца, што дырэкцыя будаўніцтва АЭС неяк дапаможа вырашыць праблему з атрыманьнем абяцаных заробкаў. У адваротным выпадку пагражаюць «расказаць усю праўду» пра тое, зь якімі парушэньнямі адбываецца будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Кампанія «Сезам» стала вядомая беларусам у 2016 годзе, калі выявілася, што яе рабочыя бразнулі аб зямлю корпус атамнага рэактара БелАЭС. У 2018 годзе на будоўлі БелАЭС адзін з рабочых кампаніі загінуў.
У беларускім прадстаўніцтве «Сезам», калі журналісты папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю, іх скіравалі да кіраўніцтва расейскай кампаніі «Энергоспецмонтаж». Яна выконвае мантаж і рэканструкцыю атамных энэргетычных установак, у тым ліку на аб’ектах «Росатома», да якіх адносіцца і БелАЭС.
«Усім супрацоўнікам „Сезам“ заробак плаціцца ў час — аванс і пад разьлік. Затрымак няма, усё дакладна. Па астатніх рабочых я нічога пракамэнтаваць не змагу», — сказаў Радыё Свабода намесьнік генэральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах публічнага акцыянэрнага таварыства «Энергоспецмонтаж» Уладзімір Лабенка.
Такую самую пазыцыю заняў і Яўген — прадстаўнік кампаніі «Стройинвестпроект», якая наймала на будаўніцтва АЭС рабочых для кампаніі «Сезам». Ён параіў напісаць афіцыйны запыт кіраўніцтву.
У Інфармацыйным цэнтры АЭС паведамілі, што без адмысловага пісьмовага запыту камэнтаваць сытуацыю ня будуць.
Радыё Свабода накіравала запыты ўсім датычным установам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія не зьбіралася закупляць энэргію зь БелАЭС. Але латвійцы тэарэтычна змогуцьШто варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.