Нарвэскі дырэктарат радыяцыйнай абароны і атамнай бясьпекі выявіў у пробах паветра, узятых 9-12 жніўня на поўначы Нарвэгіі, радыяактыўны ёд ў невялікіх канцэнтрацыях.
У паведамленьні ведамства падкрэсьліваецца, што канцэнтрацыі радыяактыўнага рэчыва ў пробах ня робяць пагрозы для здароўя людзей. Калі ў паветры няма сьлядоў іншых радыяактыўных рэчываў, акрамя ёду, гаворка хутчэй за ўсё ідзе аб выкідах фармацэўтычных прадпрыемстваў — гаворыцца ў паведамленьні.
Там таксама адзначаецца, што цяпер немагчыма вызначыць, ці зьвязана зьяўленьне радыяактыўнага ёду ў пробах з выбухам, які адбыўся 8 жніўня на вайсковым палігоне пад Северадзьвінскам у Архангельскай вобласьці Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Трампа пра выбух ракеты: Расея выпрабоўвае «скрадзеныя» ў ЗША тэхналёгііЭкалягічная станцыя, дзе бралі пробы, разьмешчана непадалёк ад мяжы з Расеяй. Радыяцыйны фон там цяпер у межах нормы.
Як паведамляе расейскае аддзяленьне экалягічнай арганізацыі Greenpeace, радыяактыўны ёд-131 можа трапляць у атмасфэру пры аварыях на атамных рэактарах. Greenpeace нагадвае пра адну з вэрсій выкіду радыяцыі ў Архангельскай вобласьці, зьвязаную з разбурэньнем малога атамнага рэактара, усталяванага на ракету. Раней Greenpeace запатрабаваў ад дзяржаўных агенцтваў «Роскомнадзор» і «Росгидромет» апублікаваць інфармацыю аб ізатопнага складу выкіду, аднак пакуль не атрымаў адказу на свае афіцыйныя запыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Росатом“ зрабіў злачынства». Эколяг зь Северадзьвінску пра аварыю на сакрэтным палігоне- 8 жніўня, паводле афіцыйных дадзеных, сем чалавек загінулі на палігоне пад Северадзвінскам пры выпрабаваньні ракеты з радыяізатопнай крыніцай силкаваньня. Двое загінулых былі вайскоўцамі, пяць — супрацоўнікамі адной са структур карпарацыи «Росатом». Менавіта «Росатом» займаецца будаўніцтвам Беларускай АЭС непадалёк ад Астраўца на Гарадзеншчыне.
- «Росгидромет» паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзьвінску на кароткі часа вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся. Такую ж інфармацыю 8 жніўня давала прэс-служба Северадзвінскай адміністрацыі.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у Твітэры: «Злучаныя Штаты шмат даведаліся ў выніку выбуху ў Расеі няўдалай ракеты. У нас ёсьць падобная, але больш прасунутая тэхналёгія. Выбух расейскай Skyfall прымусіў людзей занепакоіцца наконт паветра не толькі побач з палігонам, але і удалечыні ад яго».
- Назвай Skyfall ў ЗША пазначаюць расейскую крылатую ракету 9М730 «Буревестник» зь ядзернай энэргетычнай устаноўкай. Афіцыйна ўлады Расеі не пацьвярджалі, што выбух адбыўся менавіта на выпрабаваньні ракеты «Буревестник».