70-гадовы Дэвід Кэндал (David Kandel) зь Нью-Ёрку прыехаў у Горадню, каб убачыць дом, дзе раней жыла ягоная сям’я. Сваякі зьехалі адсюль у 1921 годзе.
«У іх не было ежы, яны елі галубоў»
Сёлета Дэвід прыехаў упершыню на радзіму продкаў разам са сваёй жонкай Карлай, кузынай Ілэйн Гарсон (Elaine Garson) і ейным мужам Джэры.
Бабіна сям’я па прозьвішчы Міхэльс набывала і прадавала збожжа ды іншыя прадукты. Дзед Шлёма Залман спачатку вырабляў мэблю, але потым далучыўся да больш прыбытковага сямейнага бізнэсу бабкі.
Дзед з бабай і дзьвюма дочкамі Рэйчал і Рабэкай (маці і цёткай Дэвіда) выехалі ў Амэрыку каля 1921 году на караблі «Нармандыя».
«Цётка казала, што пасьля Першай усясьветнай вайны, калі бальшавікі біліся тут, на вуліцах па ўсім горадзе ляжалі трупы. Адбываліся жахлівыя баі на рацэ. У іх не было ежы, яны елі галубоў», — расказвае Дэвід.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканец прабяжыць 230 км зь Менску да Кажан-Гарадка. Каб пабачыць радзіму свайго дзедаМужчына ўспомніў гісторыю, як ягоную цётку яшчэ малой дзяўчынкай сям’я адправіла ў лягер бальшавікоў, каб памяняць розную драбязу, як іголкі і ніткі, на нейкую ежу. Але салдат з пугай яе запалохаў, прыгразіў забіць і адабраў усё. Дзяўчынка пачала плакаць. Яе заўважыў камісар і спытаў, што здарылася. Калі яна падзялілася, ён паабяцаў вырашыць пытаньне. На наступны дзень яна вярнулася і ёй далі 10-фунтавы (каля 4,5 кг - РС) бохан чорнага хлеба.
«І яна вярнулася ў Горадню як герой, таму што цяпер у яе была ежа для сям’і. А ў той час у горадзе ўсе галадалі. Вось так яны выжывалі», — кажа Дэвід.
«Жыць побач з турмой лепей, чым на могілках»
У мужчыны не засталося дакладнага адрасу, адкуль уцякалі сваякі. Ён ведаў толькі, што дзед з бабай жылі на Турэмнай вуліцы ў невялікім будынку на другім паверсе, насупраць турмы. Дом меў высокі парадны ганак і досыць вялікую прастору перад ім.
Гэта самы цэнтар гораду, побач з турмой № 1 і Савецкай плошчай. Сёньня Турэмная вуліца стала завулкам, што вядзе ад вуліцы Кірава да вуліцы Карла Маркса ўздоўж сьцяны вязьніцы.
«Я казаў цётцы: „І што, ты жыла побач з турмой?“. А яна адказвала: „Так, гэта лепей, чым жыць на могілках“», — пераказвае размову Дэвід.
У якім менавіта доме жылі продкі, амэрыканцы так і ня высьветлілі. Аднак зрабілі фатаздымкі ўсіх будынкаў на гэтым завулку.
Група з Нью-Ёрку таксама наведала габрэйскія могілкі ў Горадні, аднак яны ня здолелі знайсьці пахаваньні сваіх продкаў.
«Для мяне было вельмі цяжка шукаць надмагільлі, бо многія надпісы па-расейску, на ідыш, на іўрыце. Многія вельмі цяжка расчытаць», — тлумачыць суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Амэрыцы многія губляюць галаву». Чаму пэнсіянэр зь Нью-Ёрку хоча пераехаць у ГораднюАдначасова турыст быў усьцешаны, што хаця б частка старых могілак у горадзе захавалася.
«Адна з цудоўных рэчаў у Горадні — тое, што захаваліся некаторыя старыя магілы. Большасьць старых могілак у Польшчы зруйнавалі», — кажа ён.
Жонка Дэвіда Карла патлумачыла, што цяпер у амэрыканцаў вяртаецца цікавасьць да пошуку сваіх каранёў.
«У Амэрыцы 1950–1960-х гадоў мы ўсе думалі, што там растаюць адрознасьці. Мы ўсе адчувалі сябе роўнымі, падобнымі. Людзі пераставалі думаць: „Я італьянец“, „Я адтуль“ або „Я адсюль“. Але ўжо наступнае пакаленьне было рада дасьледаваць сваё паходжаньне і даведвацца, што мой дзед быў італьянцам або яшчэ некім», — кажа Карла.