Новыя абвінавачваньні ў карупцыі прад’яўленыя былому прэзыдэнту Кіргізстану Алмазьбеку Атамбаеву ў сувязі з набыцьцём ім зямельнага надзелу ў вёсцы Кой-Таш пад Бішкекам.
Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» ягоны адвакат Сяргей Сьлесараў.
«Я атрымаў ад Вайсковай пракуратуры Кіргістану два паведамленьні пра адзін участак у Кой-Ташы. Атамбаеву прад’яўленыя абвінавачаньні паводле таго ж артыкулу — карупцыя», — сказаў Сьлесараў.
Паводле яго, Алмазьбека Атамбаева вінавацяць у тым, што ў 2015 годзе ён парушыў закон падчас набыцьця ўчастку ў Айнуры Ібраімавай, жонкі былога мэра Бішкека Альбека Ібраімава.
«Не магу зразумець, як грамадзянска-прававая зьдзелка стала карупцыйнай», — дадаў адвакат. Ён не выключае, што на гэтым абвінавачванні супраць Атамбаева ня скончацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі былога прэзыдэнта Кіргізстану пасьля штурму яго рэзыдэнцыіНа мінулым тыдні Вайсковая пракуратура Кіргістану прад’явіла Алмазьбеку Атамбаеву абвінавачваньні ў двух эпізодах — аб карупцыі пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека і перадачы ва ўласнасьць будынка «Форум» у сталіцы, дзе разьмешчана штаб-кватэра Сацыял-дэмакратычнай партыі і працуе тэлеканал.
Атамбаеў таксама праходзіць у справе аб незаконным вызваленьні ў 2013 годзе крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева і зьяўляецца падазраваным у падзеях 7-8 жніўня ў вёсцы Кой-Таш, дзе спроба сілавога затрыманьня экс-прэзыдэнта перарасла ў сутыкненьні яго прыхільнікаў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Тады адзін спэцназавец памёр ад агнястрэльнага раненьня, шэсьць супрацоўнікаў «Альфы» былі ўзятыя ў закладнікі і адпушчаныя на наступны дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праз пэўны час судзьдзі самі робяцца падсуднымі» — кіргізскі палітолягЗа два дні сутыкненьняў прыхільнікаў Атамбаева і сілавікоў у Кой-Таш і Бішкеку пацярпелі 170 чалавек, палова зь іх — супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Атамбаеў рашэньнем суду быў арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА Камітэту нацыянальнай бясьпекі да 26 жніўня. На ягоную маёмасьць накладзены арышт.
Сукупна па крымінальных артыкулах Атамбаеву пагражае зьняволеньне да пажыцьцёвага тэрміну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты яшчэ жывы? Камароў ня дужа баісься? Калі не, прыяжджай». Як запрашалі ў Беларусь экс-прэзыдэнта КіргізстануЯшчэ адзін былы прэзыдэнт Кіргізстану, Курманбек Бакіеў, цяпер знаходзіцца ў Беларусі, а на радзіме ён быў завочна асуджаны на 24 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. 6 жніўня Аляксандар Лукашэнка асабіста віншаваў яго зь юбілеем, абяцаў прыехаць у госьці на плоў.