Дзьвюх з трох беларускіх турыстак, якія прапалі ў гарах Грузіі, знайшлі мёртвымі

Гара Тэтнульды ў Грузіі, ілюстрацыйнае фота

Ратавальнікі ў ходзе пошукавай апэрацыі знайшлі целы дзьвюх з трох зьніклых турыстак зь Беларусі на гары Тэтнульды.

Трэцюю ўдалося выратаваць, яна моцна пацярпела, паведамляе ТАСС са спасылкай на Службу па ўпраўленьні надзвычайнымі сытуацыямі Грузіі.

«Дзьве грамадзянкі Беларусі мёртвыя, а адна з пашкоджаньнямі», — сказана ў паведамленьні.

У Службе надзвычайных сытуацый ацанілі стан пацярпелай грамадзянкі Беларусі як вельмі цяжкі, яе даставяць у шпіталь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хадзілі ў горы 30 гадоў, у Сванэцію пайшлі другі раз». Што вядома пра турыстак, якія загінулі ў Грузіі

Паведамленьне пра зьнікненьне турыстак паступіла ўвечары 14 жніўня. Яны знаходзіліся ў складзе групы альпіністаў, якія пасьля падняцьця на вяршыню вярталася на базу. Жанчыны прапалі па дарозе да базы.

Як паведамілі Свабодзе ў амбасадзе Беларусі ў Грузіі, паводле папярэдняй інфармацыі, турысткі сарваліся з гары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як загінулі дзьве беларускі ў гарах Грузіі

Пошукавая апэрацыя доўжылася некалькі гадзін і была спыненая на ноч. У гэты час на месцы здарэньня заставаліся дзяжурыць ратавальнікі. Раніцай пошукі аднавіліся.