Музэй, прысьвечаны сьмецьцю, сабранаму ў акіяне, адкрыўся 14 жніўня на востраве Берынг ля ўзьбярэжжа расейскага паўвострава Камчатка. Стварэньне музэю было ініцыявана кіраўніцтвам Камандорскага запаведніка, разьмешчанага на аднайменных астравах.
Прэс-служба запаведніка паведаміла, што большасьць экспанатаў была знойдзена каля вострава ў акіяне і на ўзьбярэжжы. У экспазыцыі прадстаўлена 14 відаў сьмецьця. На картках экспанатаў, у ліку якіх плястыкавыя вырабы, батарэйкі, цыгарэтныя фільтры, рыбалоўныя сеткі, кавалкі гумы ды іншыя аб’екты, пазначана, дзе яны знойдзеныя, колькі раскладаюцца, якую шкоду наносяць і якая карысьць ад іхнай перапрацоўкі або ўтылізацыі.
Замежныя турысты і школьнікі былі аднымі зь першых наведнікаў музэю.
Музэй таксама распаўсюджвае інфармацыю аб праекце эфэктыўнага абыходжаньня з адходамі ў запаведніку, у якім ёсьць пункты збору выкарыстаных батарэек і люмінісцэнтных лямпаў. У далейшым плянуецца ўвесьці збор макулятуры, пластыку, аўтамабільных акумулятараў і арганізаваць пункту кампаставаньня для рацыянальнай ўтылізацыі арганічных адходаў.
Каля 8 мільёнаў тон розных відаў плястыку штогод трапляе у акіяны. Цяпер у іх 150 мільёнаў тон адкідаў, паведамляе некамэрцыйная група Ocean Conservancy.
Каля 5 трлн штук плястыкавых рэчаў цяпер засьмечваюць акіян, паведамляе іншая некамэрцыйная група Ocean Cleansing.
Плястык уплывае на 700 відаў жывых істот у акіяне. Сьляды выкарыстаньня плястыку былі выяўленыя ў 60% усіх марскіх птушак і 100% відаў марскіх чарапах.