«Залаты зорны пыл», або Згадваем Woodstock 1969

Гледачы на фэстывалі Вудстак, 1969

Калі ў ліпені 1990 году каля Гарадка на Падляшшы праходзіў першы музычны фэстываль «Басовішча», шмат хто з колішніх беларускіх студэнтаў у Польшчы жартаўліва называў яго «беларускім Вудстакам». Назва Woodstock тады ўжо трывала замацавалася ў слоўніку культуры, ня толькі музычнай і ня толькі на Захадзе.

Канешне, недарэчна супастаўляць маштабы абодвух фэстываляў. Ацэньваецца, што ў амэрыканскім Вудстаку (15-18 жніўня 1969) узялі ўдзел каля 400 тысяч гледачоў. У першым «Басовішчы» — недзе каля 2 тысяч. Але было нешта выразна агульнае паміж гэтымі музычнымі імпрэзамі, настолькі выразнае і агульнае, што мне, як вядоўцу першага «Басовішча», даводзілася цытаваць са сцэны заклік хіпі 1960-х — make love, not war — і згадваць сам Вудстак.

Тым агульным, па-мойму, была атмасфэра свабоды, бесклапотнасьці і… арганізацыйнага хаосу на абодвух фэстывалях. І было, мабыць, агульнае адчуваньне ўдзельнікаў абодвух фэстываляў, што вось пачынаецца нешта новае ў культуры — амэрыканскай у 1969 годзе і беларускай у 1990.

Тады ў 1990, усяго 20 гадоў пасьля Вудстаку, імпульсы культуры канца 1960-х адчуваліся значна мацней, чым сёньня, калі ад Вудстаку мінулі 50 гадоў. Тым ня менш, я ўсё яшчэ рэагую з узрушэньнем, калі чую музыку ў выкананьні удзельнікаў Вудстаку — Джымі Гендрыкса, Карласа Сантаны, Джэніс Джоплін або Джоан Баэз… Або Джо Кокера, якога ў 1969 амаль ніхто ня ведаў і які раптам стаў сусьветнай зоркай пасьля бравурнага выкананьня песенькі «Бітлз» «With a Little Help from My Friends» на тым фэстывалі.

І гэта, як для мяне, самая істотная рыса Вудстаку — на ім гучала музыка найвышэйшай якасьці. Безумоўна, ня ўсе з трыццаці зь лішкам выканаўцаў, якія выступілі падчас Вудстаку, аказаліся на належнай музычнай вышыні, але вось гэтыя названыя мною і яшчэ пяць-шэсьць іншых спрычыніліся да таго, што фэстываль вельмі хутка набыў культавы статус.

Гледачы на фэстывалі Вудстак, 1969

Іншыя рэчы, якія здараліся падчас Вудстаку, таксама мелі значэньне для пашырэньня культу фэстывалю (рэклямавалі яго як «тры дні міру і музыкі»), але гэтыя рэчы, на мой погляд, былі другарадныя. Напрыклад: амаль непрыкрытая продаж лёгкіх наркотыкаў падчас фэстывалю; поўная або амаль поўная аголенасьць шмат каго з гледачоў; адсутнасьць якіх-небудзь захадаў бясьпекі з боку арганізатараў (нешта зусім нечуванае ў сёньняшніх абставінах). Найважнейшая аднак была музыка, якая аказалася настолькі якаснай і настолькі моцна «ўлагоджвала норавы», што падчас фэстывалю не было ніякіх праяваў гвалту ці агрэсіўных паводзін (цягам 4 дзён сярод 400 тысяч народу!).

Важны быў зьмест фэстывалю, а ня форма яго падачы. На большасьці сёньняшніх фэстываляў мы назіраем адваротную сытуацыю. Таму культавы статус мае якраз Вудстак, а ня нейкі іншы фэстываль.

Ну і мэсыдж Вудстаку быў сьветлы і выразны ды чытаўся адназначна ўсімі, хто на гэтым фэстывалі быў і хто пра яго дазнаўся заднім чыслом. Мір, любоў/каханьне, добрая музыка — ці ня так насамрэч павінен выглядаць наш сьвет?

З усяго напісанага пра Вудстак post factum найбольш мяне кранула песьня канадзкай сьпявачкі Джоні Мітчэл «Woodstock», якую яна стварыла некалькі дзён пасьля фэстывалю. Мітчэл запрасілі выступіць на фэстывалі, але ёй у той самы час выпала жывое выступленьне ў тэлевізіі, і яна на фэстывалі не зьявілася, чаго, мабыць, потым моцна шкадавала. Але, узрушаная тэлевізійнымі трансьляцыямі фэстывалю, якія яна глядзела ў Нью-Ёрку, Мітчэл напісала песьню. У ёй, сярод іншага, такія словы:

We are stardust
Billion year old carbon
We are golden
Caught in the devil’s bargain
And we’ve got to get ourselves
Back to the garden

Мой чарнавы пераклад: мы — зорны пыл / вугаль, якому мільярд гадоў / але мы — залатыя / заблытаныя ў зьдзелках д’ябла / і мы павінны / вярнуцца ў наш сад.

Джоні Мітчэл упершыню выконвае сваю песьню «Woodstock»

Хто сёньня, гледзячы нейкі сучасны рок- ці поп-фэстываль, думае пра вяртаньне ў страчаны рай, у сад міру, любові/каханьня і музыкі?

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.