Паскарэньне гадавой інфляцыі зьвязана з сэзонным ростам цэнаў на плодаагароднінную прадукцыю, гаворыцца ў штомесячным аглядзе Нацбанку Беларусі.
Неспрыяльнае надвор’е, якое сфармавалася ў пачатку ліпеня, прывяло да нехарактэрнага для гэтай пары падаражаньня памідораў (месячны прырост склаў 22,9%).
«У выніку агульнае зьніжэньне цэнаў на плодаагароднінную прадукцыю ў ліпені 2019 году было менш значным, чым годам раней», калі надвор’е было больш спрыяльным, канстатуе Нацбанк.
Гадавы прырост цэн на плодаагароднінную прадукцыю павялічыўся з 4% у чэрвені да 13,1% у ліпені, адзначае Нацбанк. Калі ў чэрвені гадавая інфляцыя ў Беларусі складала 5,6%, то ў ліпені — 6%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі плян па інфляцыі праваліцца, на гэтыя тавары будуць рэгуляваць цэныПра тое, што па выніках ліпеня гадавы рос спажывецкіх цэн паскорыцца, казаў тыдзень таму кіраўнік праўленьня Нацбанка Павел Калавур. Ён тлумачыў гэта рэкордным зьніжэньнем цэнаў на плодаагароднінную прадукцыю ў ліпені 2018 году, а таксама зьмяненьнем тэрмінаў павышэньня тарыфаў на паслугі ЖКГ: сёлета — у ліпені, у 2018 годзе — у верасьні. Пры гэтым Калавур выказаў упэўненасьць, што рост спажывецкіх цэнаў у другой палове году замарудзіцца і па выніках 2019 году інфляцыя будзе каля 5%.
Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, спажывецкія цэны ў ліпені 2019 году ў параўнаньні з чэрвенем вырасьлі на 0,2%, а ў параўнаньні зь ліпенем мінулага году — на 6%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь ліпеня 2018 году цэны ў Беларусі вырасьлі на 6%У 2018 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 5,6%. Згодна з афіцыйным прагнозам Нацбанку, у 2019 годзе інфляцыя не перавысіць 5%, а паводле ацэнак Эўразійскага банку разьвіцьця — складзе 5,7%.
У Міністэрстве гандлю Беларусі 10 жніўня адзначылі, што рост цэнаў апераджае рост даходаў насельніцтва: цэны на спажывецкія тавары растуць на 5,5–6,2% у гадавым вымярэньні. Пакуль інфляцыя «ў межах прагназаванай траекторыі», але міністэрства бачыць пагрозу: некаторыя тавары даражэюць на 9–11%, калі рэальныя заробкі растуць на 7,6%, а рэальныя даходы — на 7,2%.