У ЗША забаранілі правозіць у самалётах некаторыя ноўтбукі Apple

Ілюстрацыйнае фота. Ноўтбук MacBook Pro

Фэдэральнае ўпраўленьне грамадзянскай авіяцыі ЗША (FAA) забараніла браць на борт самалётаў амэрыканскіх авіякампаній некаторыя мадэлі ноўтбукаў MacBook Pro кампаніі Apple, паведамляе Reuters са спасылкай на заяву FAA.

Рашэньне прынялі пасьля таго, як кампанія Apple адклікала частку 15-цалёвых ноўтбукаў, бо іхныя батарэі могуць перагравацца, што можа прывесьці да ўзгараньня.

«FAA інфармаванае аб адкліканых батарэях, якія выкарыстоўваюцца ў некаторых ноўтбуках Apple MacBook Pro», — паведамілі авіяцыйныя ўлады ЗША і зазначылі, што «папярэдзілі пра гэта авіякампаніі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Apple адклікае і адрамантуе бясплатна некаторыя iPhone і MacBook

Apple абвясьціла аб адклiканьнi сваіх ноўтбукаў у чэрвені 2019 году. Гэта прылады, якія прадаваліся зь верасьня 2015-га па люты 2017 году. Кампанія папрасіла больш не выкарыстоўваць такія ноўтбукі і прапанавала бясплатна замяніць у іх батарэю.

У 2016 годзе ў некалькіх краінах таксама забаранілі карыстацца ў самалётах смартфонамі Samsung Galaxy Note 7, паколькі батарэі ў іх неаднаразова выбухалі, што прыводзіла да ўзгараньня. У ЗША гэтыя смартфоны забаранілі перавозіць у самалётах ня толькі ў ручной паклажы, але і ў багажы. У 2017 годзе Samsung скончыла расьсьледаваньне і патлумачыла, чаму яе тэлефоны загараліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Смартфоны Samsung Galaxy Note 7 не рэкамэндуюць купляць — выбухаюць нават «бясьпечныя»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Samsung спыніла продажы небясьпечнага тэлефона Galaxy Note 7 і папрасіла іх адключыць

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Samsung назвала прычыны ўзгараньня смартфонаў Galaxy Note 7