Трамп адклаў мыта на кітайскі экспарт

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 13 жніўня, што мае намер адкласьці ўвядзеньне дадатковага мыта на тавары кітайскай вытворчасьці. Гэта, у прыватнасьці, дазволіла разьвеяць асьцярогі інвэстараў, якія баяліся сур’ёзнай гандлёвай вайны паміж краінамі і яе ўплыву на сусьветную эканоміку.

Амэрыканскія фондавыя біржы адказалі скачком курсу акцый на гэтую заяву Трампа. Акцыі большасьці кампаній, прадстаўленых на фінансавых рынках ЗША, падаражэлі, а цэны на сыравіну, уключаючы нафту, вырасьлі (з прыкладна 58 даляраў за барэль Brent да 61 даляра).

Да пачатку жніўня індэкс рынку ўпаў амаль на 10% ад піка, дасягнутага двума тыднямі раней. Падзеньне ўзмацнілася пасьля таго, як адміністрацыя Трампа абвясьціла, што Кітай маніпулюе сваёй валютай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША адбылося найбуйнейшае ў 2019 годзе падзеньне акцый на Ўол-стрыт

Экспэрты адзначаюць, што сьпіс тавараў, якія падлягаюць тарыфікацыі, складаецца ў асноўным з прадуктаў сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасьці. У тарыфікацыйны пералік практычна ня трапілі спажывецкія тавары, у прыватнасьці бытавая электроніка і тавары паўсядзённага ўжываньня.

Некаторыя эканамісты таксама бачаць адтэрміноўку новых тарыфаў як знак таго, што Трамп сурʼёзна зьвяртае ўвагу на сыгналы фондавага рынку і, магчыма, адчувае трывогу ў сувязі з тым, што фінансавыя рынкі не задаволеныя гандлёвай канфрантацыяй паміж Вашынгтонам і Пэкінам. Гэта дае інвэстарам падставы меркаваць, што Трамп не давядзе справу да гандлёвай вайны, што і прывяло да рэзкага росту рынкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заклікаў Кітай як найхутчэй заключыць гандлёвае пагадненьне

Летась адміністрацыя Трампа ўвяла 10-адсоткавы падатак на многія катэгорыі тавараў кітайскай вытворчасьці, але сьпіс быў абачліва складзены так, каб засяродзіцца ў першую чаргу на прадукцыі, якая прадаецца прадпрыемствам, а не на спажывецкіх таварах. Вясной адміністрацыя Трампа павысіла гэтую стаўку да 25 %, пагражаючы павысіць яе яшчэ на 10 %. Новае 10-адсоткавае мыта мусіла быць уведзена з 1 верасьня, але Трамп абвясьціў пра адтэрміноўку прынамсі да сярэдзіны сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША рыхтуюцца павысіць мыты на ўсе кітайскія тавары