Facebook наймаў людзей для праслухоўваньня аўдыёпаведамленьняў карыстальнікаў

Кампанія Facebook Inc, якой належыць аднайменная сацыяльная сетка, наймала кантрактараў, якія займаліся праслухоўваньнем і расшыфроўкай гукавых паведамленьняў, запісаных карыстальнікамі, паведаміла Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.

У кампаніі пацьвердзілі, што Facebook займаўся расшыфроўкай аўдыёфайлаў, запісаных і адпраўленых карыстальнікамі ў мэсэнджар, аднак дадалі, што ўжо адмовіліся ад такой практыкі, піша Bloomberg.

У распараджэньні кантрактараў апынуліся дадзеныя карыстальнікаў, якія пры ўсталяваньні мэсэнджара далі згоду на выкарыстаньне сваіх галасавых дадзеных, удакладняе Bloomberg са спасылкай на прадстаўнікоў кампаніі. Нанятыя людзі правяралі, наколькі дакладна штучны інтэлект Facebook распазнаваў зьмест размоваў карыстальнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook прызнала, што супрацоўнікі кампаніі мелі доступ да пароляў карыстальнікаў

Facebook у апошнія гады знаходзіцца пад агнём крытыкі з боку заканадаўцаў і рэгулятараў з прычыны сыстэматычных парушэньняў у сфэры канфідэнцыйнасьці прыватнай інфармацыі.

На мінулым тыдні Facebook беспасьпяхова паспрабаваў адхіліць чарговы пазоў, пададзены супраць кампаніі, у фэдэральным апэляцыйным судзе. Аўтары пазову абвінавацілі сацсетку ў незаконным зборы і захоўваньні біямэтрычных дадзеных мільёнаў карыстальнікаў бязь іхнай згоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэйсбук аштрафавалі на рэкордныя 5 мільярдаў даляраў

Таксама кампанія пагадзілася выплаціць рэкордны штраф у памеры 5 мільярдаў даляраў, каб урэгуляваць разбор з Фэдэральнай гандлёвай камісіяй ЗША — гаворка ў гэтай спрэчцы таксама ішла аб парушэньні правоў на прыватнасьць інфармацыі.

У пачатку жніўня кампаніі Apple і Alphabet (заснавальнік Google) адмянілі дзеяньне сваіх праграм праслухоўваньня галасавых запісаў карыстальнікаў, асьцерагаючыся, што гэта можа парушыць правы на прыватнасьць інфармацыі. У абедзьвюх кампаніях патлумачылі, што галоўная задача такіх праграм — паляпшэньне працы галасавых памочнікаў.