Cуд Менскага раёну прыгаварыў трох непаўналетніх, абвінавачаных у распаўсюдзе псыхаактыўных рэчываў у складзе арганізаванай групы (частка 3 артыкулу 328), да 10 і 8 гадоў пазбаўленьня волі. Да іх прымененая амністыя — тэрмін скарацілі на 2 гады.
На момант арышту малодшаму, Ягору С., было 15 гадоў. Ён вучыўся ў Менскім каледжы прадпрымальніцтва, куды паступіў пасьля вучобы ў СШ № 101. Асуджаны на 10 гадоў, да яго прыменена амністыя. Рэальны тэрмін — 8 гадоў.
Вячаславу Л. і Андрэю С. — 16 і 17 гадоў. Яны вучыліся ў СШ № 67.
Вячаславу Л. прысудзілі таксама 10 гадоў пазбаўленьня волі, рэальны тэрмін з улікам амністыі — 8 гадоў.
Андрэю С. залічылі чыстасардэчнае прызнаньне і далі на 1 год менш — 9, рэальны тэрмін — 7 гадоў.
Усіх трох затрымалі 1 лістапада 2018 году, і з таго часу яны знаходзяцца ў Жодзінскай турме.
У крымінальнай справе фігуравалі 44 эпізоды закладак. 38 зь іх — марыхуана. Паводле матэрыялаў сьледзтва, максымальная закладка ў 54 грамы была зробленая ў лесе пад населеным пунктам Новая Вёска пад Менскам. Мінімальная, на 0,09 грама марыхуаны, — у жылым доме на праспэкце Газэты «Зьвязда». Марыхуаны ўсяго было закладзена больш за 400 грамаў. Яшчэ ў 6 закладках нібыта знаходзіўся псыхатроп «Альфа ПВП».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць меркаваных распаўсюднікаў марыхуаны. Ім 15, 16 і 17 гадоўЯгор С. і Вячаслаў Л. цалкам не прызналі сваю віну, а вось Андрэй С. прызнаў віну часткова: што займаўся распаўсюдам марыхуаны ў складзе групы, але не распаўсюджваў псыхатропы «Альфа ПВП». У Андрэя С. у сям’і іншая сытуацыя, чым у астатніх дваіх. Бацькі ў разводзе, ён жыве з маці-інвалідам і дзедам.
Бацькі падлеткаў будуць абскарджваць прысуд.
Сьледзтва ня высьветліла, у каго, дзе і пры якіх абставінах хлопцы атрымлівалі рэчывы: «у нявызначанай асобы, у нявызначаным месцы, у нявызначаны час».
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.