Міністар здароўя паабяцаў, што з карупцыяй будзе змагацца штучны інтэлект

Міністар здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.

Міністар здароўя Ўладзімер Каранік у інтэрвію тэлеканалуБеларусь-1 агучыў рэцэпт супрацьстаяньня карупцыйным схемам у ягонай галіне: дакладная і рэгуляваная сыстэма рэгістрацыі лекаў і мэдыцынскіх вырабаў, дэцэнтралізацыя закупак і разумны аналіз дадзеных.

«Мы павінны зразумець, якія ўмовы і прычыны карупцыі, — сказаў кіраўнік ведамства. — Па-першае, многія робяць слушныя заўвагі: у нас складаная і рэглямэнтаваная сыстэма рэгістрацыі мэдыцынскіх прэпаратаў, і гэта цяжка прайсьці нават пры наяўнасьці міжнародных сэртыфікатаў. Каб паскорыць працэс, пытаньні вырашаліся не зусім легальна. Па-другое, нас абвінавачваюць у празьмерна цэнтралізаваным набыцьці абсталяваньня. Адпаведна, усе затрымкі з тэндэрамі, заключэньне дамоваў прывялі да таго, што яны былі вырашаны па-іншаму».

Беларуская мэдыцына, ілюстрацыйнае фота

Уладзімір Каранік паведаміў, што падрыхтаваны праект дакумэнтаў аб спрашчэньні працэдуры рэгістрацыі лекаў і мэдыкамэнтаў. Акрамя таго, рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгій распрацуюць плятформу з наборам штучнага інтэлекту для сыстэмы аховы здароўя, якая дапаможа вызначыць дарагія закупкі ў мэдыцынскіх установах.

«Сёньня ўсе незалежныя закупкі зарэгістраваныя на спэцыяльнай плятформе, — сказаў Уладзімер Каранік. — Цяпер мы разам зь Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, рэзыдэнтамі ПВТ абмяркоўваем стварэньне плятформы з элемэнтамі штучнага інтэлекту, якая будзе аўтаматычна аналізаваць вялізныя аб’ёмы дадзеных і вызначыць тыя аднатыпныя пазыцыі, якія рознымі шпіталямі набываюцца па розных цэнах. Як толькі нешта падобнае будзе выяўлена, міністэрскія структуры мусяць прааналізаваць, з чым гэта зьвязана».

На думку Ўладзімера Караніка, у такім выпадку ня будзе ахвотных «забаўляцца з цэнамі» — усе зразумеюць, што гэта ня выбарачны, а поўны кантроль над усімі закупкамі.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»