12 жніўня ў Лідзе пачалося ўсталяваньне помніка князю Гедзіміну. Бронзавую конную скульптуру вагой каля 3 тон і вышынёй да 6 мэтраў паставілі на пляцоўцы ля Лідзкага замку.
Помнік зрабілі паводле эскізу скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, якія выйгралі ў конкурсе на стварэньне помніка ад Лідзкага райвыканкаму. Адкрыюць яго 7 верасьня падчас Дня гораду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе паставілі помнік Гедзіміну. ФАТАФАКТГедзімін — вялікі князь літоўскі ў 1316–1341 гадах, які ўдвая павялічыў тэрыторыю ВКЛ. Падчас яго кіраваньня мураваныя замкі зьявіліся ў Лідзе, Медніках, Крэве і Віцебску.
Свабода прыгадала, якія яшчэ конныя помнікі беларускім гістарычным пэрсанажам паставілі ў часы сувэрэннай Беларусі.
Усяслаў Чарадзей
Полацак, 2007
Першы конны помнік у гісторыі незалежнай Беларусі. Вышыня помніка 3,5 мэтра. Скульптары — Аляксандар Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч.
Пры ўладзе Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства дасягнула найбольшых памераў, стала магутным і ўплывовым.
Князь Альгерд
Віцебск, 2014 год
Пастаўлены на Рыначнай плошчы падчас сьвяткаваньня 1040-годзьдзя гораду. Князь у дасьпехах на кані, зь ягонай выцягнутай рукі зрываецца ў палёт сокал — сымбаль княжай улады. Вышыня помніка 6,4 мэтра. Аўтар — Сяргей Бандарэнка. Князь Альгерд (1295–1377) — сын князя Гедзіміна. Пры ім усе беларускія землі апынуліся ў складзе ВКЛ. Разам з братам Кейстутам пасьпяхова супраціўляўся націску крыжакаў і панаваньню Залатой Арды.
Давыд Гарадзенскі
Горадня, 2018 год
Стаіць на падыходзе да Старога і Новага замкаў на вуліцы Давыда Гарадзенскага. Князь сядзіць на кані, у левай руцэ трымае Крыж Эўфрасіньні Полацкай, у правай — меч. У доле — горадзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага. Вышыня каменнага помніка болей за 3,5 мэтра. Аўтар — Сяргей Аганаў.
Давыд Гарадзенскі (1283 — 1326) быў зяцем князя Гедзіміна, абараняў землі ВКЛ ад крыжакаў. Вядомы як вайскавод, які не прайграў ніводнай бітвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні паставілі помнік Давыду Гарадзенскаму. ФОТА
У праекце — конныя помнікі Міндоўгу і Глебу Менскаму
Мяркуецца, у канцы 2019 году (або пазьней) у Менску зьявіцца помнік князю Глебу Ўсяслававічу (Глебу Менскаму). Вырашана, што конная скульптура будзе стаяць насупраць кафэдральнага сабору ў Верхнім горадзе.
Аўтарамі праекту-пераможцы, паводле якога робяць помнік, зьяўляюцца скульптары Мікалай Байрачны (аўтар каровы каля Камароўкі) і Алег Купрыянаў (аўтар «бабы Раі» каля Камароўкі), а таксама архітэктар Анатоль Сярэдзіч.
Глеб Усяслававіч — сын полацкага князя Ўсяслава Брачыслававіча (Усяслаў Чарадзей), з 1101 да сьмерці ў 1119 годзе быў менскім князем, роданачальнік менскага адгалінаваньня Рагвалодавічаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску паставяць помнік князю Глебу Ўсяслававічу. Хто гэтаУ чэрвені 2019 году Наваградзкі райвынканкам абвясьціў збор сродкаў на ўсталяваньне ў горадзе помніка першаму князю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Цяпер на помнік Міндоўгу трэба сабраць 22 тысячы рублёў. Паводле стану на 1 жніўня на помнік ужо сабралі 8 089,98 рубля. За эскіз ужо заплацілі 10 тысяч рублёў.