Міністэрства аховы здароўя працягне аналізаваць цэны на лекі, якія прадаюцца ў Беларусі, з мэтай магчымага іх зьніжэньня, заявіў 12 жніўня міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік, паведамляе БелТА.
Ужо прааналізавалі цэны на больш як 100 мэдпрэпаратаў, якія сустракаюцца ў беларускіх аптэках часьцей за ўсё. Цяпер рыхтуюцца дапаўненьні ў нарматыўную базу рэгістрацыі гранічных цэн на лекі, якія зьяўляюцца эканамічна абгрунтаванымі, рынкавымі, але не завышанымі, адзначыў міністар Каранік.
Інфармацыю перадаюць у Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю для таго, каб вывучылі сытуацыю на суседніх рынках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці беларускія лекі горшыя за імпартныя? Тлумачыць дырэктар фармацэўтычнай кампанііПаводле Караніка, аптэчная сетка «Белфармацыя» пачынае досыць актыўна заключаць прамыя кантракты з вытворцамі на пастаўку прэпаратаў: за апошнія некалькі месяцаў такіх кантрактаў пабольшала на 55%. Таму, нават калі гэтыя прэпараты зьнікнуць у камэрцыйных аптэках, яны зьявяцца па гэтай цане ў дзяржаўных.
«Хтосьці з пастаўшчыкоў ад граху падалей цэны зьнізіў, не чакаючы, пакуль яны трапяць у сьпіс для рэгуляваньня», — сказаў міністар.
У сярэдзіне ліпеня Міністэрства аховы здароўя на сваёй старонцы ў Facebook папрасіла карыстальнікаў параўнаць цэны лекаў, якія яны набываюць за мяжой, зь беларускімі. На 12 жніўня пад запісам было пакінута больш за 410 камэнтароў.