Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» запатрабавалі ад Генэральнай пракуратуры прывесьці да ладу ўмовы ўтрыманьня ў магілёўскай турме № 4 і СІЗА.
На іх думку, там, як і ў іншых турмах Беларусі, ёсьць цэлы шэраг парушэньняў.
Аб праблемах у магілёўскай папраўчай установе, якая складаецца з рэжымнага будынка сьледчага ізалятара і ўласна турмы, праваабаронцы казалі даўно. Раней яны накіравалі калектыўны ліст да начальніка турмы з просьбай прывесьці ўмовы ўтрыманьня асуджаных у адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі.
Што такое «расьнічкі»
Гаворка пра так званыя «расьнічкі» на турэмных вокнах, якія на эўрапейскай прасторы выкарыстоўваюцца толькі ў Беларусі. Гэта мэталічныя палоскі шырынёй 5-6 сантымэтраў, прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў. Яны не прапускаюць прыроднага сьвятла і прызнаныя антыгуманным сродкам. Паўзмрок, знаходжаньне пры кругласутачным электрычным асьвятленьні прыводзіць да страты зроку вязьнямі.
У скарзе ў Генэральную пракуратуру праваабаронцы спаслаліся на адказ начальніка мэдыцынскай службы Магілёўскай вобласьці дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС Катлярэнкі. Ён прызнаў, што праз спэцыфіку камэраў сьледчых ізалятараў і турмаў немагчыма выканаць мэтодыку вымярэньня каэфіцыенту натуральнай асьветленасьці. Таму мэдслужба такіх замераў нават не рабіла.
Праваабаронцы адзначылі, што ў СІЗА сядзяць грамадзяне, юрыдычна не вінаватыя да рашэньня суду, існуе імавернасць іх апраўданьня. Але іхнаму здароўю ужо цяпер наносіцца шкода.
Што адказалі ўлады
У камэнтары для «Магілёўскай вясны» праваабаронца Аляксандар Буракоў так апісаў вынік ліставаньня:
«Праз тры месяцы кола замкнулася: наша скарга пракурору была адпраўленая ў санітарную службу дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, куды мы ўжо зьвярталіся. Туды ж пераслаў наш зварот з патрабаваньнем выконваць закон і начальнік занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Гэта значыць, усе дзяржаўныя службы здаюцца перад турэмнікамі, а тыя толькі шлюць адпіскі, бо ня маюць паўнамоцтваў што-небудзь мяняць».
Цяпер праваабаронцы вырашылі дамагацца паляпшэння ўмоў утрыманьня ў пэнітэнцыярных установах на агульнабеларускім узроўні — падобныя праблемы характэрныя для ўсіх беларускіх турмаў і СІЗА.
Усяго такіх устаноў у сыстэме ДВП дзевяць. Тры турмы (у Магілёве, Горадні і Жодзіне) і шэсць СІЗА — у Менску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Баранавічах і Воршы. У іх утрымліваецца больш за 6 тысяч чалавек, якія сядзяць у камэрах з пастаянным штучным асьвятленьнем. Такія ўмовы праваабаронцы прыраўноўваюць да катаваньняў.