Грамадзянін Украіны, абвінавачаны ў «дзяржаўнай здрадзе і дапамозе прадстаўнікам замежнай дзяржавы ў правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць украінскай дзяржавы», пазьбег крымінальнай адказнасьці, бо добраахвотна зьвярнуўся ў Службу бясьпекі і назваў імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі.
Справу, заведзеную паводле артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб дзяржаўнай здрадзе, калегія судзьдзяў Ратнаўскага раённага суду Валынскай вобласьці разглядала 7 жніўня. Абвінавачанаму грамадзяніну пагражала пазбаўленьне волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец прыйшоў у СБУ з прызнаньнем пра супрацу зь беларускім КДБЯк вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, украінца ў другой палове кастрычніка 2017 году нібыта завэрбаваў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л. (прозьвішча называецца ў судовай пастанове).
Гэта адбылося ў Кобрыні, дзе ў той час знаходзіўся грамадзянін Украіны. Ён сьцьвярджае, што пагадзіўся на супрацу ў вуснай і пісьмовай форме, паабяцаўшы зьбіраць інфармацыю пра сыстэму аховы дзяржаўнай мяжы Ўкраіны і асабісты склад памежных падразьдзяленьняў на памежным участку Ратнаўскага раёну Валынскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ здаўся ўкраінец, якога нібыта вэрбавала КДБ БеларусіНа апошняй сустрэчы, якая адбылася сёлета 22 сакавіка, Уладзіслаў Л. нібыта паставіў перад украінцам яшчэ адно заданьне — сабраць і перадаць яму інфармацыю аб асабістым складзе супрацоўнікаў мясцовага тэрытарыяльнага падразьдзяленьня ўпраўленьня СБУ ў Валынскай вобласьці.
Неўзабаве пасьля гэтай сустрэчы ўкраінец вырашыў зьвярнуцца ў СБУ і паведаміць аб сваім вэрбаваньні. Дзякуючы гэтаму яму ўдалося пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці — ён пераканаў суд у тым, што не перадаваў вэрбавальніку сакрэтнай інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі завэрбавалі грамадзяніна Ўкраіны. Пасьля году супрацы ён здаўся СБУУ Камітэце дзяржкантролю Беларусі пацьвердзілі, што такі супрацоўнік у іх ёсьць, але ад камэнтару, ці мог ён вэрбаваць украінскіх грамадзян, адмовіліся. З самім супрацоўнікам КДК, які нібыта вэрбаваў украінца, зьвязацца не ўдалося.
Гэта чацьвёрты вядомы выпадак, калі ўкраінцаў нібыта вэрбавалі беларускія спэцслужбы, і першы, калі называецца імя меркаванага вэрбавальніка.
Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.