20-гадовая студэнтка Лізавета, якая падала ў суд скаргу на Аляксандра Лукашэнку, расказала Свабодзе, чаму гэта зрабіла і чаго чакае ад уладаў.
Скарга, тэкст якой днём раней апублікаваў Telegram-канал «Выборы. Беларусь», накіраваная ў суд Ленінскага раёну Менску. У ёй гаворыцца, што праз прызначэньне выбараў на 17 лістапада чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў скарочаны ня менш як на 10 месяцаў без законных падставаў. Сама Лізавета магла б балятавацца на «плянавых» выбарах, але на «датэрміновую» дату ёй яшчэ ня споўніцца 21 год.
У судзе Свабодзе пацьвердзілі, што такая скарга была зарэгістраваная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму гэта не зрабіла апазыцыя?» — дзяўчына, якая падала ў суд на ЛукашэнкуЛізавета ня зьвязвае сябе з палітычнымі сіламі — толькі з «Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў». У інтэрвію Свабодзе яна згадвае, што ейны знаёмы шукаў людзей для падачы такой скаргі, «было яшчэ 2–3 кандыдаты, але яны зьніклі». Скарга ўжо была гатовая, заставалася толькі паставіць подпіс і пайсьці ў суд. Дзяўчына кажа, што згодная з напісаным у скарзе.
«Калі б я не была згодная, я б не пайшла, бо трэба разумець, для чаго ты ідзеш: гэта небясьпечна крыху, рабіць нейкую скаргу на прэзыдэнта», — кажа яна.
На пытаньне, якія яна мае прэтэнзіі да Аляксандра Лукашэнкі, Лізавета расьсьмяялася і перапытала: «Усе пералічваць?». Але вырашыла не агучваць іх: «Пакуль адзіная — гэтыя выбары».
Яна прыгадвае, што і раней беларусы падавалі скаргі на дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі, але «заўсёды былі нейкія адпіскі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Са згоды» ≠ «з папярэдняй згоды». Дэпутат заявіў, што Лукашэнка не парушыў Канстытуцыі, прызначыўшы Румаса«Я ні на што не разьлічваю — проста чакаю, каб пачытаць, якую адпіску напісалі гэтым разам», — кажа Лізавета.
Прадстаўнікі суду і выбаркаму зь ёй пакуль ня зьвязваліся. Лізавета згадвае, што і жанчына, якая прымала скаргу, нічога не сказала:
«Я думала ўжо, што зараз хоць нешта цікавае паслухаю. Але я прыйшла туды, яна проста паглядзела, сказала падпісаць, паставіць дату — і ўсё».
Калі зь ёй зьвяжуцца прадстаўнікі ўлады, яна мае што адказаць: кажа, што ёсьць і знаёмыя, якія зьбіраюцца балятавацца ў дэпутаты, а калі справа сапраўды дойдзе да суду, то прыйдзе зь іншымі людзьмі, якія, як і яна, ня змогуць балятавацца з прычыны ўзросту і «датэрміновасьці» выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень Канстытуцыі, якую парушаюць нават у дзіцячых садкахБацькам пра сваю скаргу Лізавета яшчэ не казала, але мяркуе, што ім застаецца толькі падтрымаць яе.
«Большасьць спрабуе нешта рабіць, але заўсёды ёсьць нейкі страх, што „я нешта зараз зраблю, а потым ва ўнівэрсытэце скажуць, а потым бацькі скажуць, а потым на мяне коса паглядзяць“, — кажа яна пра сваё пакаленьне і палітычную актыўнасьць. — Таму нават тыя, хто б мог быць больш актыўны, — страх іх скоўвае і не пускае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палова беларускіх студэнтаў атаясамліваюць сябе з грамадзянамі Расеі, — дзяржаўнае дасьледаваньнеПарлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».