Журналістцы Reuters, затрыманай на пратэстах у Маскве, уручылі позву ў войска

Карэспандэнтка агенцтва Reuters Марыя Цьвяткова, якая асьвятляла пратэстныя акцыі ў Маскве і была затрыманая 27 ліпеня, нягледзячы на акрэдытацыю і пасьведчаньне прэсы, атрымала позву ў расейскае войска. Прычым дакумэнт быў выпісаны на мужчынскае імя. Фота позвы Цьвяткова выклала ў фэйсбук:

«Мне ўчора патэлефанавала, скажам так, афіцыйная асоба райваенкамату і сказала, сьмеючыся, што ім прыйшла позва, і я там "Марый Уладзіміравіч". Сказалі мне сёньня забраць, што я і зрабіла», — распавяла Цьвяткова тэлеканалу «Настоящее Время».

«Там сядзела некалькі чалавек, адзін зь іх сказаў, што пасьля 27 ліпеня і 3 жніўня, калі ў Маскве былі несанкцыянаваныя пратэсты, прыйшло ўказаньне "прабіць" тых, хто затрымліваўся, па ўсіх базах афіцыйных органаў. Як я зразумела, калі ў расейскіх уладаў ёсьць каму-небудзь зь іх магчымасьць прад’явіць прэтэнзіі, напрыклад, за нявыплату падаткаў або ўхіленьне ад войска, то гэтыя прэтэнзіі вырашана прад’явіць. Каб людзі баяліся і ўжо не хадзілі на мітынгі», — патлумачыла яна.

​Тое, што прыставы праводзяць рэйды па кватэрах затрыманых на мітынгах і апісваюць іх маёмасьць за нявыплату алімэнтаў, падаткаў і камунальныя плацяжы, раней пацьвярджалі ў самой службе судовых прыставаў.

Таксама маскоўскія ўлады пацьвярджалі, што будуць шукаць сярод затрыманых на мітынгах тых, хто ўхіляецца ад войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўка ды Грышка пра прызыў студэнтаў у войска