Кнігалюбамі не нараджаюцца, або Куды паставіць новыя паліцы

Ян Максімюк

Зь Вікіпэдыі можам дазнацца, што сёньня, 9 жніўня, выпадае Дзень кнігалюбаў (Book Lovers Day). І што гэты дзень — «неафіцыйнае сьвята, якое заахвочвае кнігалюбаў урачыста адзначыць чытаньне і літаратуру».

Артыкул у Вікіпэдыі сьціпленькі, але ён яшчэ кажа нам, што ў гэты дзень «людзям рэкамэндуецца схаваць смартфоны і ўсялякія тэхналягічныя забаўкі ды ўзяць кнігу для чытаньня».

У выніковасьць гэтай рэкамэндацыі я ня веру, а таму раіць нейкую чытанку на сёньня ня буду. Затое напішу крыху пра сваё прыватнае кнігалюбства, то бок пра сваю хатнюю бібліятэку, у якой цягам больш чым сарака гадоў назьбіралася некалькі тысяч тамоў (калі не лічыць жончынай калекцыі, у якой таксама ня менш за тысячу).

Не спадзявайцеся букіністычных знаходак. Я аддаю перавагу выдавецкім навінкам і сучасным узнаўленьням старасьветчыны, а ня пошукам рарытэтаў зь мінулых стагодзьдзяў.

Эпапэя пра аўстралійскую пустэльню

Раман «Фос» (1957) Патрыка Ўайта (1912–1990) — адна зь першых англамоўных кніг, якія я стаў набываць у свае студэнцкія гады. Яна з 1978 году, зь міжнароднага кніжнага кірмашу ў Варшаве. Пра Патрыка Ўайта я чуў раней (ён — нобэлеўскі ляўрэат 1973 году), але нічога не чытаў. Пачаў ад «Фоса» — і добра зрабіў. Бо гэта шэдэўр, адзін з трох ці чатырох, якія аўстралійскі пісьменьнік пакінуў па сабе.

Кніга — незвычайная любоўная гісторыя «чалавекабога» (калі ўжыць тут слоўца, якое мне ўпершыню трапілася ў Дастаеўскага), які пастанавіў як першы прайсьці аўстралійскі кантынэнт з усходу на захад і загінуў разам са сваімі таварышамі ў аўстралійскай пустэльні. Гісторыя збольшага абапертая на аўтэнтычных падзеях зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

Сёньня на маіх паліцах — усе раманы, зборнікі апавяданьняў і большасьць п’есаў Патрыка Ўайта, салідная біяграфія пісьменьніка і выданьне ягоных лістоў ды тузін крытычных і літаратуразнаўчых кніжак пра ягоную творчасьць. Мая ідэя-фікс — напісаць кнігу пра сваіх улюбёных пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя. Патрык Уайт — адзін з шаснаццаці, якіх я выбраў для гэтай кнігі.

Кнігі, выцягнутыя са сьмецьця

Мэтраў за дзьвесьце ад нашага чэскага дому стаяць кантэйнэры для разьмеркаваньня сьмецьця — сюды папера, туды шкляная тара, а яшчэ туды плястыкавыя пакеты і бутэлькі. Выйшаўшы ў мінулым месяцы на ранішнюю прагулку з сабакам і пакетам папяровага сьмецьця, у амаль пустым кантэйнэры на дне я заўважыў тры тоўстыя таміны, кіляграмаў па тры-чатыры кожная. Прыгледзеўся: аднатомная Všeobecná encyklopedie, Umění po roce 1900, Dějiny filmu.

Калі сабака справіў сваю патрэбу, мы вярнуліся да кантэйнэраў. Рызыкуючы, што адпраўлю самога сябе ў кваліфікаванае сьмецьце, я ўсё-ткі дастаў рукою да энцыкляпэдыі і зь яе дапамогай прычаліў да берагу кантэйнэра тамы пра мастацтва і фільм. Вылавіў іх і, азіраючыся на вокны суседзкіх дамоў, — ці бачыць хто, чым я займаюся? — павалок кнігі дахаты. Энцыкляпэдыю пакінуў, баяўся, што будзе зацяжка.

Праз гадзіны дзьве адумаўся — пайду і па энцыкляпэдыю. Пайшоў, але кантэйнэр быў ужо пад самую покрыўку туга напакаваны папяровым сьмецьцем. Энцыкляпэдыя стала недасяжнай ;-)

Я зьбіраю і чытаю кнігі для дзяцей

Сорамна прызнацца, але, як той казаў, праўда мне даражэйшая за няпраўду: я купляю і чытаю кнігі для дзяцей. І для тых ва ўзросьце 12–14 гадоў, і для тых, якім 6–8.

Першая частка «Millenium» Стыга Ларсана

Калі вы хочаце вывучыць нейкую замежную мову, каб чытаць на ёй літаратуру, пасьля засваеньня граматычнага нарысу вазьміце спачатку пачытаць адну-дзьве кніжачкі для наймалодшых чытачоў. Каб зачаста не заглядваць у слоўнік і адчуць тое дзівоснае, зь нічым не параўнальнае задавальненьне: вось тры месяцы назад я не разумеў гэтай мовы ні ў зуб, а цяпер (амаль) свабодна чытаю і разумею!

Са швэдзкай мовай у мяне атрымаўся фальстарт — я хацеў, было, пачаць адразу ад Стыга Ларсана і ягонай трылёгіі «Millenium», але ня даў рады. Слоўнікі ў мяне харошыя, але калі ж знаходзіць час на тое, каб разгортваць іх за кожным дзясятым словам у тэксьце? Таму даводзіцца, для лепшага самаадчуваньня, чытаць дзіцячае.

«Жахлівая гісторыя пра малую Яну» (пераклад загалоўка прыблізны) — якраз тое, што вам трэба, калі вы ўжо завучылі сыстэму швэдзкага дзеяслова і маеце ў жывой памяці 300–400 швэдзкіх словаў. Кніжачка файна ілюстраваная і напісаная з гумарам — чорным гумарам, калі дакладна. Швэды і швэдкі ўсё ж умеюць пісаць для дзяцей (і пры нагодзе — для дарослых).

Лішне й казаць: у маёй бібліятэцы амаль усе кнігі Астрыд Ліндгрэн. І тэтралёгія Хэнінга Манкеля пра малога Юэля.

З гішпанскай мовай таксама «дзяціньнею»

Чатыры гішпанскія кнігі для падлеткаў

Памятаю свае пакуты, калі наша падляская тэатралка Ася Стэльмашук-Троц папрасіла мяне перакласьці п’есу Фэдэрыка Гарсіі Лоркі «Yerma» на падляскую для пастаноўкі, якую рыхтавала гадоў шэсьць таму.

Тады я не прачытаў ніводнага закончанага тэксту па-гішпанску, а таму страшэнна мучыўся, маючы непасрэдна перад вачыма арыгінал, зь левага боку польскі пераклад, з правага — расейскі, а навокал тры гішпанскія слоўнікі і кнігу з табліцамі спражэньняў 333 гішпанскіх дзеясловаў.

Цяпер я чытаю гішпанскія кнігі для падлеткаў ва ўзросьце 12–14 гадоў. Мне падабаецца назва выдавецтва, якое іх публікуе — Cuatrovientos (чатыры вятры). Але яшчэ больш мне падабаецца тое, што магу прачытаць поўную старонку тэксту, не заглядваючы ў слоўнік ;-)

Але ж і пра пакуты не забываю: чакаюць мяне чатыры кнігі сучаснага клясыка гішпанскай літаратуры Антоніё Муньёса Маліны.

Ягоную «Зіму ў Лісабоне» я прачытаў у польскім перакладзе чвэрць стагодзьдзя таму, і прозьвішча пісьменьніка назаўжды завязла ў маёй памяці.

Тады я зусім ня думаў займацца гішпанскай мовай, але калі яна раптам спатрэбілася для тэатральнага Падляшша, то як тут не пазаймацца?

Андэрсэн

У 2017 годзе, разам з падляскімі тэатраламі, мы выдалі кнігу «Kazki po-svojomu» па-падляску. У кнізе было адзінаццаць клясычных казак братоў Грым, Шарля Пэро і Ганса Крыстыяна Андэрсэна, адаптаваных мною для лексычна-стылістычнага ўзроўню дзетак 4–6 гадоў. Кніга сярод падляскіх беларусаў прадалася гіганцкім накладам — 700 асобнікаў (гэта так, як прадаць 160 тысяч штук у Беларусі).

Кнігі на падляскай мове, выдадзеныя ў Беластоку

І вось мы спрабуем паўтарыць наш казачны посьпех. Тыдзень таму я закончыў пераклад 12 казак Андэрсэна з дацкай на падляскую. Гэтым разам ужо ніякай палёгкі і адаптацыі — тэкст адзін у адзін паводле арыгіналу (гэта, відаць, будзе першае такое выданьне ў Польшчы; польскія выданьні Андэрсэна, якія траплялі мне ў рукі, перадрукоўваюць няпоўныя і якасна слабыя пераклады або проста адаптацыі, зробленыя больш чым стагодзьдзе таму). Ілюстратарка зь Беластоку (тая самая, якая так пасьпяхова праілюстравала нам «Kazki po-svojomu») рыхтуе цяпер ілюстрацыі для падляскага Андэрсэна.

Акрамя польскіх і ангельскіх выданьняў Андэрсэна, у мяне ёсьць вельмі арыгінальна ілюстраванае трохтомнае чэскае выданьне ўсёй ягонай казачнай спадчыны (падрыхтаванае пад 200-годзьдзе пісьменьніка ў 2005).

І ёсьць таксама, падараванае калегамі з украінскай службы нашага Радыё, раскошнае ўкраінскае выданьне славутай казкі «Сьнежная каралева», фантастычна праілюстраванае Ўладзіславам Еркам, ці ня самым вядомым украінскім ілюстратарам кніжак для дзяцей.

Ну і каб закончыць казачную тэму на сёньня: у мяне ёсьць два поўныя выданьні казак братоў Грым (адно з чорна-белымі ілюстрацыямі, другое з раскошнымі каляровымі) і выданьне казак Вільгельма Гаўфа (таксама выдатна ілюстраванае) па-нямецку.

Казкі братоў Грым я купіў на ўсякі выпадак — каб было чым заняцца, калі наш падляскі Андэрсан таксама няблага прадасца.

Выдаваць кніжкі для дзяцей — самае тое, калі хочаце ажывіць забытую і/або пагарджаную мову. Таму я моцна захапляюся тым, што ў Менску робіць Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.

Па-каталянску?!

На маіх паліцах ёсьць таксама нямала кнігаў, якія я набыў сам ня ведаю для якіх мэтаў і пад уплывам якіх імпульсаў. Адна зь такіх — кніга пра гісторыю Барсэлёны па-каталянску.

Магчыма, вокладка мне спадабалася. Або было нейкае цьмянае прадчуваньне, — як у выпадку набыцьця табліцаў спражэньня гішпанскіх дзеясловаў, у Таронта ў 2011 годзе, — што давядзецца яшчэ перакладаць нешта з каталянскай для нашага падляскага тэатру. На ўсякі такі выпадак я дакупіў каталянска-ангельскі слоўнік і курс каталянскай мовы з заваблівай назвай «Complete Catalan».

Грабал, samozřejmě

За дваццаць гадоў свайго жыцьця ў Чэхіі я сабраў амаль усе кнігі Богуміла Грабала, вышукваючы іх у букіністаў і ў нармальных кнігарнях.

Але гады два таму пачалі выдаваць дыхтоўна аформлены поўны збор твораў Грабала. Для чытаньня мне гэты збор ня быў патрэбны, бо ўсё ў мяне ўжо ёсьць. Але ж спакуса якая для кнігалюба зьявілася! Ну і я закупіў пяць тамоў. Поўны збор выйдзе ў сямі тамах. Грабал — адзін з тых шаснаццаці пісьменьнікаў, пра якіх мне рупіць напісаць кніжку.

Яшчэ адзін датчанін

Недзе на самым пачатку гэтага стагодзьдзя, калі мне засьвярбела душа пацікавіцца скандынаўскімі мовамі, я адкрыў для сябе гэтага паэта. Хенрыка Нордбрандта. З таго часу мне ўдалося сабраць тузін ягоных паэтычных зборнікаў і пяць-шэсьць літаратуразнаўчых кніжак пра яго. І перакласьці больш за трыццаць ягоных вершаў на беларускую. Мне нават прапанавалі выдаць зборнічак гэтых перакладаў у сэрыі «Паэты плянэты», але я не наважыўся. Пераклады вэрлібраў даюцца вельмі няпроста (тут я поўнасьцю пагаджаюся з Андрэем Хадановічам), і я адчуваю, што над перакладамі Норбрандта мне трэба было б яшчэ добра папрацаваць. А часу не хапае.

Кнігі дацкага паэта Хенрыка Нордбрандта

Ну, але пры гэтай нагодзе можна было б працытаваць адзін такі сыры пераклад. Верш называецца «Бізантыя»:

Дым зь печак снуецца над уваленымі магіламі
і штораз слабейшае сьвятло зімовага надвячорка набліжаецца
да мяжы, за якой толькі твары асуджаных на сьмерць
яшчэ могуць аказаць дастатковы супраціў.
Жанчыны, якія крычаць у цемру з адчыненых дзьвярэй
разбэрсаных дамоў, спрабуюць сказаць мне нешта
чаго дзеці, якія неахвотна перапыняюць свае гульні
у руінах царквы, не разумеюць. І ноч напралёт
вялізныя жарабцы з набеглымі крывёй вачыма
дзіка носяцца па вузкіх вулачках
адчуваючы з цокату сваіх капытоў, што рыцары
у набіваных срэбрам сёдлах памерлі даўно таму.

Хенрык Нордбрандт

І, можа, другі. «Вяртаньне дадому»:

Твае бацькі
сталі бацькамі
для іншых
і твае браты і сёстры, суседзі.
Суседзі
сталі суседзямі для іншых
і іншыя жывуць
у іншых гарадах.
У іншыя гарады яны вяртаюцца дадому
дакладна як і ты.
І яны знаходзяць цябе
ня болей
чым ты знаходзіш іх.

Крама ў Ніжняй Лужыцы і клясык зь Верхняй Лужыцы

Летам 2017 году мы з маім рэдакцыйным калегам Сяргеем Шупам зьезьдзілі на музычны фэстываль лужыцкіх сэрбаў каля Будышыну. Некалі Сяргей служыў там у акупацыйных танкавых войсках СССР і пры нагодзе той службы пераклаў два раманы Джорджа Оруэла ды вывучыў верхнялужыцкую мову. Так што для яго гэта было вельмі сэнтымэнтальнае падарожжа. А я паехаў, каб, па першае, пабываць у гэтым нерэальным месцы, якое некалі было ГДР-ам і пра якое мяне вучылі ў школе, ды каб наведаць родныя мясьціны майго ўлюбёнага нямецкага пісьменьніка, Эрвіна Штрытматара (1912–1994). Штрытматар, дарэчы, сэрб зь Ніжняй Лужыцы, але пісаў ён па-нямецку.

Эрвін Штрытматар, трылёгія «Крама»

Мы пабывалі ў мястэчку Шпрэмбэрг у Ніжняй Лужыцы, дзе Штрытматар вучыўся ў гімназіі (якая цяпер носіць ягонае імя), і ў вёсачцы Босдорф (Bohsdorf), дзе стаіць будынак крамы, якую ў 1920-х гадах трымалі бацькі пісьменьніка і якую ён увекавечыў у сваёй трылёгіі «Der Laden» (цяпер там літаратурны музэй). Першая частка трылёгіі «Крама» выйшла, калі яшчэ існавала ГДР, і я купіў яе ў Варшаве недзе ў 1980-х. Дзьве наступныя часткі я дакупіў ужо ў нашым стагодзьдзі, падчас паездкі на кніжны кірмаш у Ляйпцыгу (зноў разам з сэнтымэнтальным колішнім акупантам Шупам).

Юрый Брэзан, трылёгія «Фэлікс Гануш»

А паколькі Сяргей намаўляў мяне падвучыцца верхнялужыцкай мовы (яна яшчэ цалкам жывая і на ёй пішуць ня толькі лужыцкія сэрбы, але і наш Алесь Разанаў), то я купіў сабе верхнялужыцка-расейскі слоўнік і некалькі кніжак на верхнялужыцкай. У тым ліку — знакаміты трохтомны Bildungsroman клясыка верхнялужыцкай літаратуры Юрыя Брэзана (1916–2006) «Feliks Hanuš». Файная мова, амаль так сама файная і архаічная, як наша падляская. У лужыцкіх сэрбаў захаваўся парны лік, як і ў падляскіх беларусаў. А прэтэрыт у іх проста незямны — у ім маем канчаткі стараславянскага аорысту і імпэрфэкту! Хаця б для гэтага варта пакарпець над слоўнікам і граматыкай верхнялужыцкай мовы.

Для закругленьня лужыцкай тэмы прывяду мой пераклад верша іншага лужыцкага клясыка, Кіта Лорэнца (1938–2017). Гэта я так выпрабоўваў верхнялужыцка-расейскі слоўнік.

CHAŁODNY KUTOK

Sadočak tut zusim maleńki,
abniesieny murkom stareńkim.
Pałajuć kvietki na zahonach,
a źvierchu pyšnaja karona
dužyznaj lipy. Dołu chaładok,
pustoje miesca, cicheńki kutok.

Stary na łaŭcy prysiadaje,
na śviet spad lipy paziraje.
Ad vioski vieje miakki viecier,
stary marmyča cichi pacier.
Lasy na horach zaściać dalahlad,
Kudy ŭžo nie siahnie jaho pahlad.

Stary pad lipaj sumnym zrokam
zahony ahladaje. Bokam
ciarušyć doždžyk, kvietki poić.
Dom blizka, kluč uziaŭ z saboju.
Ciarpliva dyša čornaja ralla.
Pa jim tut zhaładałasia ziamla.

Туга па 1960-х па-нарвэску

Вось з гэтай кнігі недзе ў 2000-м годзе пачалося маё падарожжа ў сьвет скандынаўскіх моваў — Ларс Собі Крыстэнсэн «Beatles» (1984). Гэта расповед пра чатырох сябрукоў з Осла, якія слухаюць запісы «Бітлз» і мараць заснаваць свой уласны музычны гурт. Калі ў 2005 годзе адна агульнанарвэская газэта праводзіла апытанку пра найлепшую нарвэскую кнігу апошняй чвэрці стагодзьдзя, чытачы паставілі «Beatles» на першае месца.

Забаўна: я зусім не хацеў вывучаць нарвэскі букмол, на якім піша Крыстэнсэн. Мяне цікавіла выключна нованарвэская мова (nynorsk), на якой пісаў мой улюбёны нарвэскі пісьменьнік Тар’ей Вэсас (1897–1970). Але ж падручніка па нованарвэскай я нідзе не знайшоў, таму давялося спачатку вывучыць букмол. І кніга «Beatles» стала маім штодзённым чытаньнем на працягу больш чым году, калі я езьдзіў на працу трамваем № 22 у Празе.

Пра беларускія кнігі іншым разам

На сёньня, мабыць, закончым. Хацелася яшчэ напісаць пры нагодзе Сусьветнага дня кнігалюба пра альбомы жывапісу і пра кнігі Лоўрэнса Осбарна ды Рэйманда Чандлера, дзеля чаго я таксама падрыхтаваў некалькі фотак, але бачу, што атрымалася даўгавата. Значыць, пакінем нешта і на іншыя кнігалюбныя нагоды.

Усіх кнігалюбаў віншую з нашым днём!

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.