Якая палітычная подбіўка затрыманьня былога прэзыдэнта Кіргізстану Алмазбэка Атамбаева? Як палітычныя сябры робяцца ворагамі? Чаму так падобныя лёсы прэзыдэнтаў Кіргізстану — Акаева, Бакіева, Атамбаева? Што ў цяперашніх падзеях у Кіргізстане вызначае рэгіянальны кантэкст?
Пра гэта мы спыталіся прафэсара паліталёгіі ў бішкецкім Амэрыканскім унівэрсытэце Цэнтральнай Азіі Эміля Джураева.
— Дзьвюхдзённы штурм дому экс-прэзыдэнта, сутыкненьні спэцназу МУС з прыхільнікамі Атамбаева, затрыманьне нарэшце былога кіраўніка дзяржавы — гэта ўсталяваньне справядлівасьці ці палітычная расправа дзейнай улады з папярэднікам?
— Тое, што мы назіраем — гэта кульмінацыя таго, што высьпявала апошнія два гады, з часу ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Сааранбая Жээнбекава. Безумоўна, тут прысутнічае і палітычны элемэнт, наўрад ці нехта будзе гэта адмаўляць. Аднак гэты палітычны элемэнт аформлены ў юрыдычныя, прававыя пытаньні да былога прэзыдэнта. Да яго ўзьнікае шмат пытаньняў да яго дзейнасьці на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Пакуль вядома толькі, што ён затрыманы, ён здаўся.
Мяркую, што ён будзе дапытаны і па справах, якія пракуратура распачала раней, і па абставінах мінулай ночы, якія таксама могуць стаць падставай для крымінальнай справы.
— Атамбаеў і цяперашні прэзыдэнт Жээнбекаў былі палітычнымі паплечнікамі, аднапартыйцамі, у пэўным сэнсе Жээнбекаў быў пратэжэ Атамбаева. Атамбаеў не пайшоў на другі тэрмін і падтрымаў кандыдатуру Жээнбекава. А цяпер яны сталі ворагамі. Чаму? Сябры ж былі, паплечнікі.
— Тое, што падавалася электарату як сяброўства, асабліва з боку Атамбаева — усё гэта аказалася часткай палітычнай гульні па перадачы ўлады ў рукі вернага чалавека. Быў плян, сцэнар, паводле якога Атамбаеў, сышоўшы ад улады, заставаўся ў бясьпецы і, магчыма, нават уплывовым чалавекам, бо ўлада канцэнтравалася ў коле некалькіх яго палітычных паплечнікаў. Але гэты плян аказаўся не да смаку цяпер ужо яго былому сябру Жээнбекаву. Ён вырашыў, што ня будзе прэзыдэнтам, кіраваным яго папярэднікам.
— Хто тыя людзі, якія ўчора абаранялі рэзыдэнцыю экс-прэзыдэнта? Гэта нанятыя чальцы ахоўных агенцтваў, гэта радня Атамбаева, гэта яго землякі? Каб біцца з прафэсійна падрыхтаваным спэцназам МУС, патрэбная вельмі моцная матывацыя.
— Пакуль цяжка адказаць. У экс-прэзыдэнта засталася пэўная колькасьць адданых прыхільнікаў. У апошнія пару месяцаў Атамбаеў здолеў кансалідаваць гэтых сваіх прыхільнікаў праз штодзённую камунікацыю зь імі на тэрыторыі сваёй рэзыдэнцыі. І быў пэўны элемэнт нечаканасьці для ўладаў, учорашні штурм, які ня меў плёну, адбыўся як раз тады, калі людзі Атамбаева былі напагатове. Хто гэтыя людзі? Гэта і землякі, і аднапартыйцы, і палітычныя фігуры, блізкія да апазыцыі. Ну і служба бясьпекі экс-прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты яшчэ жывы? Камароў ня дужа баісься? Калі не, прыяжджай». Як запрашалі ў Беларусь экс-прэзыдэнта Кіргізстану— Наступнае пытаньне — гісторыка-паліталягічнае. Ваш першы прэзыдэнт — Аскар Акаеў — быў прафэсарам, гэткім кірігіскім Сахаравым. Зрынулі, абвінавацілі ў карупцыі, крадзяжы народнага дабра, ледзь пасьпеў зьбегчы ў Расею. Лідэрам рэвалюцыі, якая зрынула Акаева, быў былы прэм’ер Акаева Курманбэк Бакіеў. Зрынулі і яго, абвінавацілі ў карупцыі, крадзяжы, ды яшчэ і ў расправе над народам, над паўстанцамі. Ледзь пасьпеў зьбегчы ў Беларусь. Адным з кіраўніком паўстаньня супраць Бакіева быў Алмазбэк Атамбаеў. Пасьля зрынаньня Бакіева краінай паўтары гады кіравала прызначаная парлямэнтам Роза Атунбаева. Потым абралі прэзыдэнтам Атамбаева. Яго не зрынулі, ён перадаў уладу законна абранаму пераемніку. Але праз два гады высьвятляецца, што і ён — карупцыянэр, злодзей, і яго дом бярэ штурмам спэцназ МУС. Што кіргізы, кіргіская аналітычная супольнасьць думаюць наконт гэтага шэрагу вельмі падобных сюжэтаў?
— З кожным новым паўтарэньнем гэта ўсё больш робіцца заканамернасьцю. У першы раз, у 2005 годзе, гэта было нечаканасьцю, выпадковасьцю. З кожным паўтарэньнем усталёўваецца пэўная культура, практыка, паводле якой новыя людзі, якія прыходзяць да ўлады, карыстаюцца яе дабротамі напоўніцу. Калі кожны чарговы зрынуты прэзыдэнт аказваўся карупцыянэрам — гэта крыху камічна. Але так яно і ёсьць.
Большасьць палітычнай эліты Кіргізстану можна сьмела падазраваць у датычнасьці да карупцыі. Тое, што спачатку Акаеў, потым Бакіеў, потым Атамбаеў аказваюцца карупцыянэрамі — у гэтым няма нічога дзіўнага.
Дзіўна, што кожны раз нехта аказваецца судзьдзём над гэтымі прэзыдэнтамі. Але кожны раз праз пэўны час судзьдзі самі робяцца падсуднымі.
— А неяк можна вырвацца з гэтага зачараванага кола? Ці спадара Жээнбекава празь некалькі гадоў таксама чакае ці зрынаньне і ўцёкі ці сьледчы ізалятар? Можа складзе кампанію Бакіеву ў Беларусі?
— Мяркую, што пакуль Жээнбэкаў не задумваўся на гэты конт. Яму да сканчэньня тэрміну яшчэ больш за 4 гады, але можа і час задумацца. У яго быў шанец павярнуць гэтую цыклічнасьць кіргіскай гісторыі ў адваротны бок. Але, як мы бачым, ён працягнуў гэтую традыцыю.
У яго яшчэ ёсьць шанец разарваць гэтае кола. Для гэтага патрэбнае новае бачаньне, можа, узаемнае дараваньне. Але нешта павінна памяняцца кардынальна, каб гэтая практыка перасьледу папярэднікаў спынілася.
— Кіргізстан — адзіная дэмакратычная краіна ў рэгіёне. Гэтая дэмакратыя можа і некансалідаваная, але вакол — суцэльныя клясычныя дэспатыі. Але і ў суседнім з Кіргізстанам Узбэкістане сьціраюць памяць аб папярэдніку, як анучкай. Быў вялікі Карымаў, усе на яго маліліся, у тым ліку і яго верны прэмʼер Шаўкат Мірзіёеў. Зараз — ніякай памяці пра Карымава, не кажучы ўжо пра тое, што дачка Карымава Гульнара ў турме. Палітычныя рэжымы ў Кіргізстане і Ўзбэкістане — палярна адрозныя. А практыка «сьціраньня» папярэднікаў у нечым падобная? Вось спадара Атамбаева зараз таксама «сьціраюць». Ці гэта працэсы рознай прыроды?
— З былымі кіраўнікамі ў Цэнтральнай Азіі абыходзяцца сапраўды ня надта добра. Часткова гэта савецкая спадчына. Так і ў СССР было.
Але важны і той чыньнік, што ў постсавецкай Цэнтральнай Азіі інстытуцыяналізацыя ўлады і закону вельмі слабая і ўсё трымаецца вакол асобы, асабліва ў аўтарытарных краінах рэгіёну.
Як толькі гэта асоба сыходзіць, прыходзіць новая. А каб усталяваць сябе, трэба «сьцерці» арэол папярэдніка.
У Кіргізстане ўлада мяняецца значна часьцей, чым у іншых цэнтральнаазіяцкіх краінах, але ёсьць тая ж праблема. Яна ў пэўным сэнсе нават паглыбленая. Інстытуты мяняюцца так хутка, што не пасьпяваюць усталявацца. У выніку ўсё круціцца вакол асобаў.