У менскім Кіеўскім сквэры прайшоў пікет бацькоў, дзеці якіх асуджаныя па «антынаркатычным» артыкуле Крымінальнага кодэксу. Удзельніцы руху просяць паспрыяць перагляду крымінальных спраў сваіх дзяцей, піша БелаПАН.
Хто пікетаваў?
Пікет цягнуўся паўтары гадзіны, у ім узялі ўдзел 10 чалавек. Аб правядзеньні пікету ініцыятары паведамілі ў Менгарвыканкам.
Удзельнікі пікету пазыцыянуюць сябе асобна ад падобных ініцыятываў «Маці 328» і «Наша права», якія дамагаюцца зьмяншэньня тэрмінаў пакараньня за наркатычныя злачынствы, а таксама дыфэрэнцыяцыі пакараньня ў залежнасьці ад масы і тыпу выяўленых наркатычных сродкаў.
Пікетоўцы не адмаўляюць, што іх дзеці вінаватыя, але ня згодныя з тым, што ў крымінальных справах былі акалічнасьці, якія дазволілі ўжыць больш суровае пакараньне.
Адна з удзельніц акцыі, Алена са Слоніма, сказала, што падобныя акцыі будуць працягвацца, пакуль справы іх родных ня будуць перагледжаныя, а дзяржаўныя органы не перастануць дасылаць адпіскі на іхнія звароты.
Чаго просяць у адміністрацыі Лукашэнкі?
- Вывучыць прысуды «на прадмет законнасьці, справядлівасьці і абгрунтаванасьці».
- Садзейнічаць падрыхтоўцы і перадачы ў Генпракуратуру і Вярхоўны суд аналізаў матэрыялаў крымінальных спраў, «у якіх дапусьцілі парушэньні правоў і законных інтарэсаў асуджаных».
- Ліквідаваць парушэньні, якія садзейнічалі прызначэньню несправядлівых, на іх думку, пакараньняў.
- Таксама просяць зьмяніць антынаркатычнае заканадаўства. Для гэтага просяць стварыць працоўную групу з удзелам прадстаўнікоў Генпракуратуры, Вярхоўнага суду, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці.
Што яшчэ было на пікеце?
Паводле Алены, пасьля ранейшага пікету, які адбыўся 26 чэрвеня, некаторыя маці асуджаных пабывалі на прыёме ў старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы і генпракурора Аляксандра Канюка, а таксама на выязным прыёме ў намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Валерыя Міцкевіча. Гэтыя сустрэчы не прынесьлі чаканых вынікаў. Чаго дамагаліся ўдзельніцы сустрэч, не паведамляецца.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.