Гісторыя расейцаў Дзьмітрыя і Вольгі Праказавых, якіх пракуратура намагаецца пазбавіць бацькоўскіх правоў, бо яны бралі ўдзел у акцыі 27 ліпеня ў Маскве разам зь дзіцем аднаго году, нагадала, што такое было і ў Беларусі.
Пагрозы прызнаць сем’і нядобранадзейнымі і забраць дзяцей у прытулак раней ня раз гучалі на адрас беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму расейцам трэба вучыць найноўшую гісторыю Беларусі2010
Пасьля падзей на плошчы 19 сьнежня і затрыманьня кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ягонай жонкі журналісткі Ірыны Халіп сацыяльныя службы спрабавалі забраць іхнага сына Данілу. Хлопчыку тады было 3 гады. Усё было настолькі сур’ёзна, што маці Ірыны — Люцыне Халіп прапаноўвалі аформіць афіцыйнае апякунства на ўнука.
Журналістка Вольга Чайчыц была затрыманая пасьля Плошчы сярод соцень іншых удзельнікаў акцыі пратэсту. Яна казала, што ў пастарунку пагражалі пазбавіць яе мацярынскіх правоў, калі яна не падпіша пратакол аб удзеле ў «несанкцыянаванай акцыі».
2014
У 2014 годзе да кіраўніцы грамадзянскай кампаніі «Наш дом» віцяблянкі Вольгі Карач пасьля нараджэньня сына прыйшлі кантралёры, каб праверыць умовы ўтрыманьня немаўляці.
На думку жанчыны, праверкі былі зьвязаныя зь яе грамадзкай дзейнасьцю. Неўзабаве яна атрымала ліст з аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, што яе непаўналетні сын «не прызнаны тым, хто знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы».
2015
Сям’ю намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага залічылі ў праблемныя. Справу разглядаў суд. Адзінай дачцэ Беленькага тады было 15 гадоў. Раней палітыка прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за арганізацыю мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Лошыца.
Праз канфлікт зь міліцыянтам прымусова адабралі дзіця ў прадстаўніцы Цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў, маладачанкі Алесі Садоўскай. Яна намагалася давесьці, што яе катавалі ў міліцэйскім пастарунку. Саму жанчыну зьмяшчалі ў псыхіятрычную лякарню. Толькі ў выніку судовых спрэчак выснову аб неабходнасьці прымусовага лекаваньня зьнялі, а дзіця вярнулі маці.
2017
Перад Днём Волі-2017 былога намесьніка старшыні руху «За свабоду», заснавальніка праваабаронча-асьветніцкага аб’яднаньня «Дзея» Алеся Лагвінца зьбілі, а пасьля і арыштавалі па адміністрацыйнай справе «за брыдкаслоўе».
Дадому прыйшлі сацыяльныя пэдагогі са школы, да якой прыпісаны малы сын палітыка, каб «праверыць», якая сытуацыя ў сям’і, дзе бацька «ня ёсьць узорам для перайманьня». Пагражалі паставіць сям’ю на ўлік як «сацыяльна неўладкаваную».
На мастака Алеся Пушкіна міліцыя склала тры пратаколы за акцыю «Дзень гісторыі» у Слуцку. Тады ён разам з сынам Мікалаем ушанаваў памяць слуцкіх паўстанцаў на могілках, дзе пахаваны паэт Альгерд Абуховіч.
Пушкіна абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі, а таксама ў парушэньні правілаў утрыманьня населеных пунктаў і ў невыкананьні бацькоўскіх абавязкаў — ягоны сын у Дзень ведаў ня быў у школе ў Крупскім раёне, дзе пражывае.
У тлумачэньні Алесь Пушкін напісаў, што гэта быў сьвядомы ўчынак — выхоўваць свайго сына патрыётам Беларусі на прыкладзе слаўнай гісторыі Случчыны. Наступстваў для Міколы, акрамя пагрозаў «разабрацца зь нядбайным бацькам», не было.
Міліцыя пагражала журналістцы тэлеканалу «Белсат» Ларысе Шчыраковай, што сына забяруць у інтэрнат, калі яна ня спыніць «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».
«Стаўленьне, канечне, не чалавечае, але ніхто і не чакае ад рэжымаў што ў Беларусі, што ў Расеі гульні па правілах, па нормах маралі, — згадвае тую сытуацыю Ларыса Шчыракова. — Выкарыстоўваюцца любыя сродкі, каб уплываць на палітыкаў, журналістаў, каб прымусіць іх адмовіцца ад поглядаў, прафэсіі. Ня грэбуюць нічым: міліцэйскі ціск, судовы перасьлед, кампрамэтуючыя матэрыялы, а кульмінацыя — пагрозы адабраць дзіця. Любыя сродкі добрыя, каб расправіцца з тым, хто не даспадобы. Ніякіх ілюзій наконт гэтага няма».