100 гадоў таму, 8 жніўня 1919 году, войскі новастворанай польскай дзяржавы акупавалі Менск.
Галоўнае дзяржаўнае сьвята БССР да 1941 году
Палякі кантралявалі горад да 11 ліпеня 1920 году. Яны адступілі пад націскам бальшавікоў, якія праз тры тыдні, 31 ліпеня, паўторна абвясьцілі стварэньне БССР.
Дзень вызваленьня Менску ад палякаў — 11 ліпеня — лічыўся да 1941 году найвялікшым дзяржаўным сьвятам Савецкай Беларусі. У гэты дзень праходзілі парады і дэманстрацыі.
Ці была гэта акупацыя
Пра гэтую польскую акупацыю вядома адносна мала. У наш час некаторыя польскія гісторыкі нават аспрэчваюць сам тэрмін «акупацыя». Яны кажуць, што на той час Расея ўжо распалася і на тэрыторыі Беларусі не было ніякай міжнародна прызнанай дзяржаўнай адміністрацыі і юрысдыкцыі.
Мы ў Беларусі ведаем, што юрысдыкцыі былі, і не адна. Мы ведаем пра Беларускую Народную Рэспубліку і яе Ўстаўныя граматы, ведаем і пра Літоўска-Беларускую ССР, камісараў якой у 1919 годзе палякі якраз і выгналі зь Менску.
Тая польская акупацыя была для народу даволі жорсткай. Палякі зьбівалі людзей, вешалі і расстрэльвалі. Дайшло да таго, што ўвесну 1920 году ў Беларусі пачалася антыпольская партызанка. Янка Купала ў сваіх вершах праклінаў палякаў, якія пры адыходзе падпалілі Менск.
Your browser doesn’t support HTML5
Надзеі беларусаў, якія не апраўдаліся
Зь іншага боку ў часткі беларускіх дзеячаў, у тым ліку і ў Янкі Купалы, прыход палякаў спачатку выклікаў надзеі на будучы посьпех БНР. У верасьні 1919 году Менск наведаў Юзаф Пілсудзкі. Абодва свае афіцыйныя выступы начальнік польскай дзяржавы зрабіў на беларускай мове, якой валодаў як роднай.
Пілсудзкі даў дазвол на аднаўленьне працы Рады БНР і на стварэньне беларускіх вайсковых фармаваньняў. Менавіта ў той час Менск ператварыўся ў рэальную сталіцу Беларусі, у ім сканцэнтраваліся сотні актыўных нацыянальных дзеячаў, былі заснаваныя беларускія тэатры, выдавецтвы, школы.
Вяртаньне мовы пасьля 250 гадоў забыцьця
Але сёньня я хачу сказаць пра іншае. Палякі стварылі ў Менску магістрат, у які запрасілі і беларусаў. І вось менавіта тады, у 1919 годзе, менскія гарадзкія дакумэнты пачалі часткова весьціся па-беларуску.
Жыхары гораду, даўно адвучаныя ад беларускай мовы, пачалі пісаць заявы пра розныя бытавыя патрэбы на ламанай беларускай мове, а расейскія настаўнікі няўмела запаўнялі па-беларуску ведамасьці на атрыманьне заробку.
Гэта было адно з самых моцных маіх уражаньняў як журналіста і гісторыка, калі ў адным зь менскіх архіваў я трымаў у руках і перабіраў паперы менскага магістрату. Яны зноў пачалі пісацца па-беларуску пасьля больш чым 250-гадовага забыцьця!
І гэтая неўміручасьць нашай мовы ўражвае.