Ва Ўкраіне з чарнобыльскай вады і пшаніцы вырабляюць крафтавую гарэлку «Aтомік»

Крафтавая гарэлка «ATOMIK». Скрыншот з сайту Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях кіраваньня зонай адчужэньня

Украінскія і брытанскія навукоўцы ў выніку трох гадоў дасьледаваньня міграцыі радыянуклідаў у грунтовыя воды і збожжа, вырашчанае ў зоне адчужэньня вакол Чарнобыльскай АЭС, вырабілі экспэрымэнтальны ўзор крафтавай гарэлкі «ATOMIK».

Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны ў пытаньнях кіраваньня зонай адчужэньня, цяпер плянуецца стварыць сацыяльнае прадпрыемства «Чарнобыльская сьпіртавая кампанія» для вытворчасьці высакаякаснай гарэлкі, а грошы, атрыманыя ад яе продажу, накіроўваць на разьвіцьцё забруджаных тэрыторый.

Для вырабу экспэрымэнтальнай партыі ATOMIK выкарыстоўвалася вада з чарнобыльскіх сьвідравін — у ёй навукоўцы ня выявілі радыяцыйнага забруджаньня. Дыстыляваны сьпірт разводзілі мінэральнай вадой з глыбокага ваданоснага пласта ў горадзе Чарнобыль, якая сваім хімічным складам адпавядае грунтовым водам рэгіёну Шампань у Францыі.

У той жа час невялікае перавышэньне дапушчальнай канцэнтрацыі стронцыю-90, выяўленае ў пшаніцы, знарок вырашчанай для гэтага праекту, не перашкодзіла атрымаць бясьпечны канчатковы прадукт — пры вытворчасьці алькаголю колькасьць прымешак у збожжы звычайна памяншаецца, таму ў гатовым напоі быў выяўлены толькі прыродны радыянуклід-14. Канцэнтрацыя вугляроду-14 была не вышэйшай, чым у любых іншых алькагольных напоях.

Крафтавая гарэлка «ATOMIK»

«Брытанскія навукоўцы ўразілі сьвет унікальным дасягненьнем і даказалі, што немагчымае становіцца магчымым. У супрацоўніцтве з украінскімі навукоўцамі яны прадэманстравалі, што ў чарнобыльскай зоне можна стварыць чысты, радыяцыйна бясьпечны прадукт з традыцыйным смакам. Такім чынам, чарнобыльская гарэлка ўжо ня міт, а рэальнасьць», — сказаў кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях кіраваньня зонай адчужэньня Віталь Пятрук.

Прафэсар Джым Сміт з Унівэрсытэту Портсмута назваў гарэлку «Aтомік» самай важнай пляшкай алькаголю ў сьвеце. У плянах дасьледчыкаў наладзіць вытворчасьць крафтавай гарэлкі са збожжа, вырашчанага ў зоне прымусовага (безумоўнага) адсяленьня, і вярнуць 75% прыбытку рэгіёнам, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.

«Мы не плянуем вырошчваць збожжа ў зоне адчужэньня ў прамысловых маштабах, таму што цяпер гэта запаведнік дзікай прыроды. Замест гэтага мы хочам працаваць у зоне абавязковага адсяленьня, дзе ўзровень забруджваньня нашмат ніжэйшы і дзе людзі яшчэ жывуць. Мы імкнёмся вырабляць высакаякасны прадукт для падтрымкі эканамічнага разьвіцьця гэтых тэрыторый», — сказаў прафэсар Сміт.

Дасьледчыкі адзначаюць, што шмат якія аддаленыя раёны цяпер могуць выкарыстоўвацца для бясьпечнага вырошчваньня ўраджаю, але пад пільным радыяэкалягічным кантролем.