На акцыянэрным таварыстве «Магілёўхімвалакно» загінуў работнік цэху сынтэтычных плёнак. Пра здарэньне стала вядома з тэлеграм-канала Nexta 6 жніўня. Афіцыйнага пацьверджаньня праваахоўных органаў пакуль няма.
Паводле зьвестак Nexta, 38-гадовы мужчына трапіў у экструдэр (прыставаньне, якое вырабляе прадукцыю з расплаўленых палімэраў пад высокім ціскам), выратаваць яго не ўдалося.
Свабода высьветліла, што здарэньне адбылося не на галаўной пляцоўцы «Хімвалакна», што за горадам, а на плёначнай вытворчасьці, што ў самім Магілёве на вуліцы Чалюскінцаў (былы завод імя Куйбышава).
Як сказалі Свабодзе суседзі нябожчыка, ён жыў са сваёй старой маці, быў яе малодшым сынам. Сваёй сям’і ня меў. Суседзі характарызуюць мужчыну як спакойнага, разважлівага чалавека.
Паводле суседзяў, мужчыну стала кепска на працы, ад гэтага ён і памёр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму работнікаў «Хімвалакна» адпраўляюць у адпачынакУ Магілёўскім абласным упраўленьні Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы пацьвердзілі факт сьмерці работніка «Хімвалакна». Прадстаўнік ведамства сказаў, што здарэньне адбылося 6 жніўня. Паводле яго, распачатае расьсьледаваньне і прызначаны шэраг тэхнічных экспэртыз. Вынікі будуць вядомыя ў другой палове верасьня. На пытаньне, ці была парушана тэхніка бясьпекі з боку работніка, супрацоўнік дэпартамэнту адказаў, што высновы рабіць зарана.
«Трэба вывучаць, як працавала абсталяваньне, ці былі належныя захады бясьпекі ад вытворчых фактараў, якія існуюць пры працы гэтага абсталяваньня», — сказаў ён.
Паводле папярэдніх зьвестак Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, за шэсьць месяцаў 2019 году сьмяротныя траўмы на вытворчасьці атрымалі 53 чалавекі. Зь іх 27 — па віне наймальніка. Усяго на вытворчасьці памерлі ці загінулі 279 работнікаў.
Цэх сынтэтычнай плёнкі — адзінае, што засталося ад колішняга заводу імя Куйбышава. Ягоныя цэхі дэмантавалі летась. Плёначны ж цэх аддалі акцыянэрнаму таварыству «Хімвалакно». У 2018 годзе перад адміністрацыйным будынкам заводу зьнесьлі помнік Леніну.