Скардзіна і Герасіменя «паставілі на паўзу» ініцыятыву радыё «Спорт FM»

Аляксандра Герасіменя, архіўнае фота

У 2018 годзе біятляністка Надзея Скардзіна і плыўчыха Аляксандра Герасіменя ініцыявалі стварэньне радыёстанцыі са спартовым ухілам «Спорт FM» і яшчэ дзьвюх забаўляльных — Europa+ і Energy. Але прапанову стрымала нэгатыўная рэакцыя прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Фінансаваць гэты праект бралася кампанія «Сігмаполюс», якая займаецца камэрцыйнай нерухомасьцю. Дзяржаўнае фінансаваньне не прадугледжвалася.

Быў знойдзены офіс, пачалі закупліваць абсталяваньне. Выпрабаваць фармат плянавалі напярэдадні ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску. Аднак пасьля ўзгадненьняў у міністэрствах спорту і інфармацыі, дзе ініцыятыву падтрымалі, прыйшоў адмоўны адказ з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Праект прызналі немэтазгодным, паколькі ў Беларусі нібыта і так шмат радыёстанцый. Акрамя таго, чыноўнікаў нечакана напалохала «расейская экспансія» — аднайменныя радыёстанцыі працуюць у Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністрацыя прэзыдэнта заблякавала радыёстанцыю «Спорт FM», падтрыманую Міністэрствам спорту

Спартоўкі спрабавалі тлумачыць: паколькі зацікаўленая аўдыторыя досыць абмежаваная і праект вялікай рэнтабэльнасьці не прынясе, зьбіраліся адкрыць дзьве спонсарныя станцыі Europa+ і Energy, якія маглі б акупіць укладаньні. Кантэнт у іх меўся быць выключна беларускі, у аднайменных станцый бралі б толькі музычную частку. Доля расейскага інвэстара «Элэсджы Мэдыя» складала 10%. Аднак аргумэнты пачутыя не былі.

«Пакуль мы паставілі свой праект на паўзу, — пацьвердзіла Свабодзе Аляксандра Герасіменя. — Калі дзесьці наверсе палічылі, што гэта краіне не патрэбна, то мы ня ў стане даказаць адваротнае, хоць і лічым, што мелі рацыю. Пасьля атрыманьня адмовы з прэзыдэнцкай адміністрацыі ніякіх крокаў з нашага боку не рабілася. Магчыма, нешта яшчэ зьменіцца, аднак на гэты момант у такую пэрспэктыву верыцца зь цяжкасьцю».

У кулюарах абмяркоўвалася адна з прычын, якая магла прывесьці да адмовы на легалізацыю: рэклямны рынак, які шчыльна завязаны на FM-вяшчаньне, даўно падзелены, а таму зьяўленьне новых гульцоў можа адмоўна адбіцца на прыбытках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта сьмешна», — Герасіменя пра чуткі аб расейскім уплыве на ейны радыёпраект

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандра Герасіменя вырашыла пакінуць вялікі спорт і засяродзіцца на дабрачынных праектах