З чым 7 апазыцыйных партый пойдуць на выбарчую кампанію

Выбары ў мясцовыя саветы, люты 2018

17 лістапада 2019 году адбудуцца чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Свабода высьветліла стаўленьне да гэтай падзеі апазыцыйных палітычных партыяў.

БСДП (Грамада): ня ўсе ў партыі хочуць удзельнічаць у так званых выбарах

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кажа, што паводле сваёй стратэгіі на бліжэйшыя гады партыя будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі:

«Мы адмыслова не называем гэтую кампанію выбарамі, бо лічым, што з 1994 году сапраўдных выбараў у нашай краіне не было. Тады навошта мы гэтым займаемся? Каб празь незалежнае назіраньне зафіксаваць усе парушэньні, якія сталі традыцыйнымі пры Аляксандру Лукашэнку і Лідзіі Ярмошынай. Каб мабілізаваць нашых людзей на працу ў якасьці сябраў выбарчых камісій розных узроўняў, назіральнікаў і кандыдатаў у дэпутаты. Каб наша партыя стала пазнавальнай сярод выбарнікаў. Каб папаўняліся нашыя шэрагі, што бывае пасьля кожнай выбарчай кампаніі.​

Пакуль мы маем 65 патэнцыйных кандыдатаў. Але ставім за мэту вылучыць прэтэндэнтаў па кожнай са 110 акругаў. У нас у партыі ёсьць людзі, якія маглі б балятавацца. Аднак яны прынцыпова ня хочуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі, бо лічаць, што такім чынам легалізуецца гэтая ўлада».

ЛДП: самастойна вылучым кандыдата ў кожную акругу

Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч, першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі, цьвердзіць, што партыя «закрые» ўсе 110 выбарчых акругаў:

«Я кажу гэта з упэўненасьцю, бо ўжо на сёньня мы падрыхтавалі 110 чалавек. Плюс маем у рэзэрве яшчэ 55. Канкрэтныя імёны назавём 21 верасьня. У гэты дзень праводзім партыйны зьезд. На ім прадставім абноўленую каманду і праграму, зь якой усе нашы прэтэндэнты пойдуць на выбары.

Мабыць, мы станем адзінай партыяй, якая будзе пераконваць выбарнікаў падтрымаць ідэю пераходу ад выбараў па аднамандатных акругах на выбары паводле партыйных сьпісаў. Будзем тлумачыць, што выбары паводле зьмяшанай, прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы гарантуюць зьяўленьне альтэрнатывы думак на ўсіх узроўнях заканадаўчай улады. А гэта стане рэальным крокам да разьвіцьця дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці».

Партыя БНФ: як падзяліць акругі і не пасварыцца?

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ, тлумачыць, што яшчэ ў 2017 годзе партыйны зьезд прыняў рашэньне ўдзельнічаць у абедзьвюх выбарчых кампаніях — парлямэнцкай і прэзыдэнцкай:

«У нас ёсьць разуменьне, што свабодных і справядлівых выбараў у краіне няма. Таму мы заяўляем пра ўдзел у выбарчай кампаніі праз вылучэньне сваіх кандыдатаў. Гэта нам патрэбна для дасягненьня сваіх мэтаў, хоць яны і абмежаваныя. Нашыя арыенціры — праца з насельніцтвам, данясеньне сваёй праграмы, назіраньне супольна зь іншымі дэмакратычнымі партыямі за выбарчым працэсам.

Мы прынцыпова не ўзгадняем сваіх кандыдатаў зь іншымі партыямі. На жаль, мы пераканаліся, што ўзгадненьне агульнага сьпісу кандыдатаў адмоўна ўплывае на падрыхтоўку нашых партыйных кадраў. Цяпер мы маем 92 прэтэндэнтаў ад партыі БНФ. Вядома, гэты сьпіс яшчэ пройдзе наша сіта, і кандыдатаў застанецца крыху меней. А цяпер уявіце — 5 партый вырашылі стварыць адзіны сьпіс. Акругаў — толькі 110. Як іх падзяліць і не пасварыцца?»

Беларуская партыя «Зялёныя»: у нас свая спэцыфічная праграма

Дзьмітры Кучук, архіўнае фота

Дзьмітры Кучук, першы намесьнік старшыні партыі, кажа Свабодзе, што ў гэтай выбарчай кампаніі партыю «Зялёныя» нельга будзе зблытаць ні зь якай іншай:

«Мы робім акцэнт на кліматычныя зьмены, якія пагражаюць і нашай краіне. Ня трэба думаць, што незвычайная сьпякота — гэта пагроза толькі для Францыі альбо Нямеччыны. Гэта тычыцца і Беларусі, дзе ў меншай ступені, але таксама адбываюцца прыродныя катаклізмы. І „Зялёныя“ хочуць данесьці гэтую небясьпеку да выбарнікаў, да ўсяго насельніцтва. Гэтым нашая праграма адрозьніваецца ад іншых.

Таму мы не шукаем нейкіх кааліцыяў ці блёкаў. Уступаем у выбарчую кампанію самастойна. Нас, кандыдатаў, будзе няшмат. Ня болей за 5 чалавек. Але справа ня ў колькасьці. Галоўны крытэр тут — высокая адказнасьць і прыхільнасьць да „зялёнай“ ідэалёгіі».

АГП: мясцовыя праблемы часам вырастаюць у велізарныя

Леў Марголін

Леў Марголін, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падкрэсьлівае, што АГП не абміне гэтую выбарчую кампанію, як і ранейшыя:

«Бо нам трэба трэніраваць сваю моладзь, і ня толькі моладзь. Трэба заваёўваць аўтарытэт на выбарчых участках. Трэба дапамагаць рашаць мясцовыя праблемы. Бо гэтыя мясцовыя праблемы вырастаюць часам у нешта значна большае, як атрымалася ў сябра нашай партыі Аляксандра Кабанава ў Берасьці на пабудове акумулятарнага заводу. Трэба прасоўваць партыйную праграму, партыйныя ідэалы. Трэба лавіць уладу на махлярстве, як мы гэта рабілі і ў мінулыя гады. Хоць мы, безумоўна, разумеем, што справядлівымі і чэснымі выбарамі тое, што будзе адбывацца, назваць ні ў якім разе нельга.

Што тычыцца супольнай працы, то яна праявіцца ў кампаніі назіраньня за выбарамі „Права выбару“, дзе дзейнічаюць аж 8 арганізацый. А калі казаць пра падзел акругаў, то, паколькі сумленных выбараў няма, то якая розьніца, колькі будзе апазыцыйных кандыдатаў на адной акрузе? Можа, гэта той выпадак, калі чым больш, тым лепш. Можна супольныя пікеты ладзіць, больш людзей ахапіць».

«Справядлівы сьвет»: будзем агітаваць за 7-гадзінны працоўны дзень

Валер Ухналёў

Валер Ухналёў, сябра прэзыдыюму ЦК партыі левых «Справядлівы сьвет», кажа, што партыя будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі «ў поўным маштабе»:

«Гэта значыць, вылучаць сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, арганізоўваць назіраньне за выбарчым працэсам. Мы хочам паказаць людзям альтэрнатыву ў разьвіцьці нашай роднай Беларусі. Асноўны пасыл будзе такі: 7-гадзінны працоўны дзень, 35-гадзінны працоўны тыдзень. Гэта будзе наш галоўны сацыяльны аспэкт. Плюс і іншыя праблемы, якія мы заўжды падымаем падчас выбарчых кампаній. Гэта і справядлівыя выбары, і сацыяльная роўнасьць, прыстойныя заробкі і г.д.

На папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў мы вылучалі 50 кандыдатаў. Думаю, што і сёлета будзе дзесьці нешта каля гэтага. Аформім кандыдатаў на партыйным зьезьдзе ў апошняй дэкадзе верасьня».

БСДГ: у нас абавязкова паболее партыйцаў

Сяргей Чэрачэнь

Сяргей Чэрачэнь, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, заяўляе пра адназначны ўдзел партыі ў выбарчай кампаніі:

«Нашая мэта — ня толькі вылучыць кандыдатаў, але і вучыць людзей. Можна сказаць так: гэта будзе тэхнічная падрыхтоўка нашых структур, нашых актывістаў і для далейшай працы. Вядома, спадзяёмся пашырыць свае шэрагі праз гэтую кампанію. Я ўпэўнены, што прырост у нас абавязкова будзе. Тым болей, што мы, і не чакаючы выбараў, працуем зь людзьмі, якія зацікаўленыя актыўна ўдзельнічаць у жыцьці нашай краіны.

Я малады кіраўнік партыі. І таму заклапочаны найперш справамі ў БСДГ. Таму ніякіх перамоваў зь іншымі партыямі пакуль мы не вядзём».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».