У Маскве другія выходныя запар выходзяць на вулічныя пратэсты і патрабуюць сумленных выбараў у гарадзкую думу. У Беларусі гучныя пратэсты былі падчас выбараў у 2010 годзе і ў 2017 на плыні «дармаедзкага дэкрэту». Вымерваем, дзе было гарачэй, разам з аглядальнікам Свабоды Юрыем Дракахрустам.
Расея, 2019: Пратэсты ў падтрымку незалежных кандыдатаў
3 жніўня ў Маскве і Санкт-Пецярбургу зноў прайшлі акцыі пратэсту «Вернем сабе права на выбар». Тысячы чалавек выйшлі на вуліцы, бо незалежных кандыдатаў проста зьнялі з выбараў у маскоўскую думу. Сярод іх расейскі апазыцыянэр Ільля Яшын, выкладчыца МДУ і муніцыпальная дэпутатка Юлія Галяніна, юрыст створанага Аляксеем Навальным «Фонду па барацьбе з карупцыяй» Любоў Собаль.
Акцыю пратэсту жорстка разагналі паліцыя і «Россгвардия», затрымалі да тысячы чалавек.
Гэта ўжо другая падобная акцыя. Першы раз пратэсты ў двух самых буйных гарадах Расеі адбыліся 27 ліпеня. Тады затрымалі больш за 1000 чалавек, паліцыя прымяніла сілу супраць пратэстоўцаў. Па выніках акцый завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў, у якой цяпер 10 фігурантаў, 9 зь іх засталіся ў СІЗА да канца верасьня.
Градус напружанасьці ад Юрыя Дракахруста, дзе 100 — гэта рэвалюцыя
20 градусаў
«Да кіпеньня далёка. Колькасьць пратэстоўцаў пакуль адносна невялікая, сацыяльны склад — у асноўным інтэлігенцыя. Пратэсты лякалізаваныя ў сталіцы. Крымінальныя справы заведзеныя супраць шараговых удзельнікаў, а ня супраць топавых асобаў расейскай апазыцыі».
Аднак жорсткасьць паліцыі і масавасьць затрыманьняў даюць адносна высокі паказьнік напружанасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Масквы дазволілі 10 жніўня мітынг пратэсту апазыцыіБеларусь, 2017: Пратэсты супраць «дармаедзкага дэкрэту»
У 2017 годзе ў Беларусі ўступіў у сілу так званы «дармаедзкі дэкрэт». Паводле яго кожны грамадзянін, які афіцыйна не працуе, мусіў сплаціць дзяржаве падатак: 460 рублёў за год. Першая пратэставая акцыя супраць дэкрэту прайшла ў Менску 17 лютага. «Марш абураных беларусаў» сабраў каля дзьвюх тысяч чалавек на чале зь лідэрамі апазыцыі.
Пазьней пратэст перакінуўся на іншыя гарады, у суботы і нядзелі людзі выходзілі на цэнтральныя плошчы Баранавічаў, Берасьця, Гомля, Віцебску, Оршы, Гародні, Маладэчна, Пінску. У некаторых гарадах колькасьць удзельнікаў дасягнула тысячы чалавек. На акцыях у рэгіёнах пачаліся затрыманьні, на суткі па адміністрацыйных арыштах трапілі дзясяткі чалавек.
15 сакавіка ўлады дазволілі акцыю ў Менску, якая сабрала да 3 тысяч чалавек. Тады міліцыя жорстка затрымала ў тралейбусе групу анархістаў, якім на наступны дзень прысудзілі ад 5 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Кульмінацыяй пратэстаў меўся стаць Дзень Волі, які ўлады не дазволілі. Напярэдадні акцыі прайшлі затрыманьні ў межах «справы патрыётаў». 35 чалавек, сярод якіх былі дзейныя вайскоўцы, ратавальнікі, гісторыкі, абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, некаторым выставілі абвінавачаньне ў стварэньні ўзброенага фармаваньня.
25 сакавіка на акцыю выйшлі некалькі тысяч чалавек. Людзей брутальна разагналі, на вуліцы вывелі браніраваную тэхніку, вадамёты. АМАП і ўнутраныя войскі ўзброілі стрэльбамі з гумовымі кулямі. Агулам затрымалі да тысячы чалавек, але большасьць адпусьцілі на волю без суду і «сутак».
Градус напружанасьці ад Юрыя Дракахруста, дзе 100 — гэта рэвалюцыя
30 градусаў
«Пратэсты ахапілі ўсю краіну, працягваліся больш за месяц (17.02–25.03), шырокі сацыяльны склад пратэстоўцаў, былі брутальныя дзеяньні паліцыі і масавыя затрыманьні падчас кульмінацыі пратэстаў на Дзень Волі. Усё гэта суправаджалася крымінальнай справай супраць шараговых актывістаў».
Расея, 2012: Балотная і пратэст супраць абраньня Пуціна
4 сакавіка 2012 году ў Расеі адбываліся чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Галоўным кандыдатам улады і дзяржаўныя каналы называлі Ўладзіміра Пуціна.
Пратэсты супраць выбараў, на якія з розных прычын не зарэгістравалі рэальных кандыдатаў ад апазыцыі, пачаліся яшчэ ў сьнежні 2011 году. Паступова градус палітычнай напружанасьці пачаў расьці. Прадстаўнікі апазыцыі казалі пра нелегітымнасьць такіх выбараў, фальсыфікацыі і шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства.
Самай масавай акцыяй пратэсту стаў мітынг на Балотнай плошчы ў Маскве ў лютым, яшчэ да выбараў. Па дадзеных міліцыі, у ім узялі ўдзел 36 тысяч чалавек, па зьвестках арганізатараў — 120 тысяч. Паралельна мітынгі прайшлі яшчэ ў 100 расейскіх гарадах. Абышлося без разгону.
Акцыі пратэсту па ўсёй Расеі не сьціхалі да 2013 году. Быў брутальна разагнаны мітынг 6 траўня 2012 году, які празвалі «Народным маршам». Пасьля разгону па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся 40 удзельнікаў акцыі, былі затрыманыя паўтысячы чалавек. Акцыя стала падставай, каб завесьці крымінальную справу аб «закліканьні да масавых беспарадкаў» і «прымяненьні гвалту ў адносінах да прадстаўнікоў улады», фігурантамі справы сталі некалькі дзясяткаў чалавек.
Градус напружанасьці ад Юрыя Дракахруста, дзе 100 — гэта рэвалюцыя
40 градусаў
«Працяглы пратэст — паўгода (сьнежань 2011 — травень 2012), вялізарны маштаб пратэстаў. Пратэсты былі ў розных гарадах, але збольшага ў сталіцы.
Пасьля завяршэньня пратэстаў былі распачатыя крымінальныя справы супраць шараговых актывістаў».
Беларусь, 2010: Масавая Плошча і брутальны разгон
У сьнежні 2010 году ў Беларусі праходзілі чарговыя прэзыдэнцкія выбары. У іх удзельнічала рэкордная колькасьць кандыдатаў — 10 чалавек. Апроч Аляксандра Лукашэнкі, кандыдатамі былі зарэгістраваныя Ўладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Дзьмітры Вус, Віктар Цярэшчанка, Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Алесь Міхалевіч.
Апазыцыйныя кандыдаты ня верылі ў справядлівы падлік галасоў, таму ў Беларусі ўжо зь лістапада пачаліся адзінкавыя акцыі пратэсту, пікеты. Галоўная акцыя была заплянаваная на вечар пасьля выбараў — 19 сьнежня.
На шляху да месца акцыі адбыўся напад на калёну кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Ён быў моцна зьбіты, а потым зь лякарні яго забралі супрацоўнікі КДБ.
Кастрычніцкая плошча, дзе ўвечары пачалі зьбірацца пратэстоўцы і куды прыйшлі 8 незалежных кандыдатаў (усе, акрамя Някляева), аказалася занятая коўзанкай. У выніку натоўп рушыў да плошчы Незалежнасьці і Дому ўраду.
Калі на плошчы распачаўся мітынг, невядомыя пачалі біць шыбы ў Доме ўраду. АМАП жорстка разагнаў прысутных. Чэрапна-мазгавыя траўмы былі ў некалькіх дзясяткаў мітынгоўцаў. Затрымалі каля 700 чалавек, якім пазьней прысудзілі штрафы ці адміністрацыйны арышт. КДБ уначы затрымаў пяць незалежных кандыдатаў і іх давераных асоб, завёўшы крымінальную справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў.
Саньнікаву прысудзілі 5 гадоў пазбаўленьня волі, Вусу — 5,5, Статкевічу — 6, Някляеву — 2 з адтэрміноўкай на 2 гады, Рымашэўскаму — 2 гады ўмоўна.
Градус напружанасьці ад Юрыя Дракахруста, дзе 100 — гэта рэвалюцыя
40 градусаў
«Пратэст фактычна аднамомантавы, лякалізаваны ў сталіцы. Аднак адзін з самых шматлюдных за ўсю найноўшую гісторыю краіны. Крымінальныя справы і прысуды тычыліся топавых асобаў апазыцыі, кандыдатаў у прэзыдэнты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — гэта апошні нацыяналізм Эўропы, — расейскі філёзаф Гаруноў