Кітай выдаткуе 235 мільёнаў даляраў на будаўніцтва ў Менску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басэйна міжнароднага стандарту, паведаміў міністар эканомікі Дзьмітры Круты пасьля сустрэчы ў Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе сказаў, што такія спартовыя аб’екты даўно плянавалася пабудаваць, але не было за што:
«Натуральна, гэта значныя выдаткі. Зразумела, што такія грошы заўсёды знаходзяцца зь цяжкасцю, паколькі ніводзін прыватнік, думаю, за гэтыя аб’екты не возьмецца. А зь дзяржаўнага бюджэту грошы вы ведаеце куды ідуць. Але я ў свой час папрасіў Сі Цзіньпіна, каб ён дапамог нам у будаўніцтве гэтых аб’ектаў».
Лукашэнка прызнаўся, што Беларусь з такой просьбай зьвярталася ня толькі да КНР, але і іншых краін:
«Але там грошай не знайшлося ці жаданьня. А Кітайская Народная Рэспубліка і яе кіраўнік адгукнуліся».
Кітайскі бок гатовы пачаць будаўніцтва ў першай палове 2020 году. На два будучыя спартовыя аб’екты ў Менску Кітаем зарэзэрвавана 235 мільёнаў даляраў.
Лукашэнка заклікаў урад:
«Каб мы, атрымаўшы бясплатныя грошы, не валаводзілі кітайцаў. Гэта яны будуць будаваць гэты аб’ект. Вядома, з нашых матэрыялаў, нашы людзі будуць там працаваць у асноўным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайская «стадыённая дыпляматыя» дайшла да МенскуНацыянальны футбольны стадыён плянуюць пабудаваць на вуліцы Ванеева, каля цяперашняга стадыёна «Трактар». Раней Аляксандар Лукашэнка казаў, што ён будзе зьмяшчаць удвая больш заўзятараў, чым цяперашні менскі стадыён «Дынама», які разьлічаны на 22 тысячы чалавек.
Басэйн, які адпавядае міжнародным стандартам, зьбіраюцца ўзводзіць у Менску непадалёк ад станцыі мэтро «Маладзёжная». Першапачаткова гаварылася, што на будоўлю стадыёна і басэйна неабходна каля 180 мільёнаў даляраў. Такім чынам, сума вырасла больш чым на 50 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 лякарняў, 18 школ: Што можна збудаваць замест стадыёна за 180 млн даляраў. ІНФАГРАФІКА