Савет Міністраў Беларусі зьмяніў пастанову, якая нармуе выдаткі на дзіцячае харчаваньне ў школах і дзіцячых садках. Яно падаражэе на 7–10%.
У дзіцячых садках поўны кошт набору прадуктаў харчаваньня аплачваюць бацькі.
У школах бясплатнае двух- ці трохразовае харчаваньне атрымліваюць дзеці з малазабясьпечаных і вялікіх сямей. Бясплатнае аднаразовае харчаваньне атрымліваюць у гарадах навучэнцы пачатковай школы, а ў сельскай мясцовасьці — вучні 1–11 клясаў.
На 10% павялічваюцца грашовыя выдаткі на харчаваньне ва:
- установах дашкольнай адукацыі;
- ясьлях, садках і санаторных групах, дзе дзеці знаходзяцца ад 12 да 24 гадзін;
- дашкольных цэнтрах разьвіцьця дзіцяці;
- навучальна-пэдагічных комплексах;
- школах, гімназіях і ліцэях.
Цяпер харчаваньне для дзіцяці ад 1 да 2 гадоў у дзіцячым садку са знаходжаньнем 10,5 гадзіны будзе каштаваць 2,5 рубля ў дзень. Для дзіцяці ад 3 да 6 гадоў — 3,16 рубля. У дзіцячых садках са знаходжаньнем 12 гадзін для дзяцей ад 1 да 2 гадоў харчаваньне абыдзецца ў 3,25 рубля, а ад 3 да 6 гадоў — 3,91 рубля.
У цэнтрах карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі з двух-, трох- і чатырохразовым харчаваньнем кошт павялічыцца прыкладна на 7–10%.
Гэта другое за год павышэньне цэнаў на харчаваньне ў садках і школах. Апошні раз цэны падымалі ў сьнежні на 6–10%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога начальніка ўправы Менгарвыканкаму засудзілі за паборы ў сыстэме школьнага харчаваньня