Як паведамляе tut.by бізнэсовец Артур Гранц, саўладальнік найбуйнейшай на тэрыторыі Беларусі сеткі крамаў бязмытнага гандлю BDF, купляе адно з самых папулярных бізнэс-выданьняў на ўкраінскім рынку — часопіс «Фокус».
Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы напісаў інтэрнэт-рэсурс Mind, удакладняючы, што ўгода яшчэ не закрытая. Штотыднёвы часопіс «Фокус» выдаецца з 2006 году. Таксама ў ягонай структуры функцыянуе штодзённы рэсурс навінаў focus.ua. Выданьне вядомае аналітыкай і эксклюзіўнымі праектамі «Топ-200 самых багатых людзей Украіны», «Топ-100 уплывовых жанчын Украіны» ды інш.
Да 2013 году «Фокусам» валодаў вядомы мэдыямагнат, заснавальнік холдынгу UMH Group Барыс Ложкін. Перш чым прадаць у 2013 годзе свае мэдыяактывы аднаму з галоўных бізнэсоўцаў януковіцкага пэрыяду Сяргею Курчанку, Барыс Ложкін саступіў «Фокус» кампаніі Vertex United Барыса Каўфмана. Той, у сваю чаргу, у 2016 годзе перапрадаў выданьне цяперашняму ўладальніку і прадаўцу Анатолю Еўтухову, гаспадару некалькіх украінскіх радыёстанцый («Шансон», DJFM, «Бизнес ФМ», «Любимое»).
Як паведамляе Mind, перазапускам «Фокусу» зоймецца экс-рэдактар «Forbes-Украіна» Ўладзімір Фядорын. У 2013 годзе ён пакінуў «Forbes-Украіна» празь нязгоду зь пераходам часопіса пад кантроль Сяргея Курчанкі. Уладзімір Фядорын ужо сустрэўся з рэдакцыяй «Фокусу» і паведаміў, што зоймецца распрацоўкай новай стратэгіі выданьня.
Новы магчымы уладальнік «Фокусу» Артур Гранц мае беларускі пашпарт, але з 2006 году жыве ва Ўкраіне. Ягоным добрым сябрам мясцовыя СМІ называюць уплывовага народнага дэпутата Вярхоўнай Рады Андрэя Іванчука.
Артур Гранц атрымаў адукацыю ў Беларусі (у БДУ) і тут жа ў пачатку 1990-х гадоў зрабіў першыя крокі ў бізнэсе і свой першы капітал.
Першапачаткова галоўным кірункам ягонай дзейнасьці была пастаўка розных тавараў на расейскі рынак. Асаблівы посьпех бізнэсовец атрымаў у продажы цукру, дзе ў сярэдзіне 1990-х гадоў быў адным зь лідэраў. Пасьля ўзмацненьня жорсткасьці Расеяй умоў паставак цукру на свой рынак Артур Гранц пераключыўся на лягістыку і інвэставаў спачатку ў Літве, а потым ва Ўкраіне.
Ягоная галаўная кампанія BF Capital зарэгістраваная на Кіпры. Яна зьяўляецца саўладальнікам нерухомасьці і сеткі крам duty-free ва Ўкраіне (у аэрапортах «Барыспаль» і «Жуляны» і ва Ужгарадзкай вобласьці), а таксама ў Грузіі і Армэніі. У 2016 годзе бізнэсовец вярнуўся на беларускі рынак і стаў уладальнікам найбуйнейшай у Беларусі сеткі крамаў duty-free — «Беламаркет д’юты фры».