Блог Юрыя Дракахруста «Маскоўскія ўрокі для Беларусі» выклікаў шырокі розгалас у сацсетках, у тым ліку прынцыповае пярэчаньне журналіста, былога палітвязьня Анджэя Пачобута.
Паводле Юрыя Дракахруста, пратэсты, якія адбываюцца ў Маскве — гэта, апроч іншага, аргумэнт у беларускіх спрэчках наконт байкоту і ўдзелу ў несапраўдныя выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскія ўрокі для БеларусіСьцісла:
- Што можа даць удзел у выбарах? Вось тое, што зараз адбываецца ў Маскве
- У Расеі народнае незадавальненьне выплюхваецца шмат дзе і ў разнастайных формах
- Выбары ў Масгардуму сталі адно нагодай, а не прычынай пратэстаў
- Байкот такой нагодай ня стаў бы дакладна
- Тое, што адбываецца ў Маскве — хутчэй за ўсё не расейскі Майдан. Але гэта зрух у грамадзкіх настроях і паводзінах
«Масква не прыклад, а паўтор таго што ўжо было ў РБ»
Журналіст, былы палітвязень Анджэй Пачобут на сваёй старонцы ў Фэйсбуку не пагадзіўся з пазыцыяй аналітыка:
— Паважаны Юры Дракахруст піша, што пратэсты ў Маскве — гэта прыклад для Беларусі. Што трэба ў выбарах удзельнічаць інакш пратэстаў ня будзе... Самі па сабе пратэсты, якія суправаджаюцца сілавым прыгнётам, гэта нічога добрага. Гэта параза і наступная сацыяльная дэпрэсія. Іншая справа, калі гэтыя пратэсты вымушаюць улады ісьці на саступкі. Толькі ніякіх саступак з боку Крамля не прадбачыцца. Так што ж тады застаецца ў сухім астатку? Іміджавыя страты-здабыткі? У Беларусі гэта ўжо праходзілі. І ніякага злому настрояў грамадзкіх яны не выклікалі. Як па мне — Масква не прыклад, а паўтор таго што ўжо было ў РБ.
«Не было гарантавана, што прыпыняць дзеяньне "дармаедзкага" дэкрэту»
Юры Дракахруст на гэта адказвае наступным чынам:
«Шаноўны Анджэй, мая пазыцыя ў Вашай трактоўцы ўяўляецца нейкім чыстым садызмам, маўляў, будуць беларусы ўдзельнічаць у выбарах, і іх паб’юць, як зараз масквічоў, то-та радасьці будзе. Насамрэч мая тэза крыху іншая: удзел у выбарах (нават калі яны нявыбары) часам спараджае грамадзкі рух, масавы пратэст. Хіба Вы з гэтым нязгодны? Тое, што посьпех такіх пратэстаў негарантаваны — ну дык ніякіх не гарантаваны. Не было гарантавана, што спыняць будоўлю акумулятарнага заводу ў Берасьці, не было гарантавана, што прыпыняць дзеяньне «дармаедзкага» дэкрэту ў 2017-м.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскія пратэстоўцы: саюзьнікі беларусаў ці будучыя апанэнты?«Самі па сабе пратэсты, якія суправаджаюцца сілавым прыгнётам, гэта нічога добрага. Гэта параза і наступная сацыяльная дэпрэсія» — пішаце Вы. Мяркую, што дзеячы Салідарнасьці ў 1981 годзе пасьля ўвядзеньня вайсковага становішча так не разважалі. Хаця маглі б, маўляў, даскакаліся мы, трэба было паводзіць сябе больш рахмана і акуратна, не правакаваць пана генэрала, можа і не было б «паразы і наступнай сацыяльнай дэпрэсіі». Яны так не разважалі, хаця ў 1981 годзе ніхто ня мог гарантаваць, што ў 1989 годзе адбудзецца «круглы стол» з усімі яго наступствамі.
Цалкам адказ Юрыя Дракахруста чытаць тут.
А што думаеце вы? Запрашаем працягнуць дыскусію ў камэнтарах да артыкулу і на старонках апанэнтаў у Фэйсбуку.