Сьледчы камітэт пісьмова адказаў маці Міхала Рыштоўскага, якога камісавалі з войска на 4-й стадыі анкалёгіі страўніка, што падставаў для праверкі з нагоды сьмерці ейнага сына няма.
Маці Міхала Вольга Куневіч падазрае, што падчас прызыву сына былі падмененыя мэдыцынскія дакумэнты, што дазволіла ўзяць яго ў войска пры кепскім стане здароўя. Яна напісала заяву ў міліцыю з просьбай разабрацца ў гэтай справе.
Адказ жанчыне прыйшоў з Карэліцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту. Паводле яго, падставаў для правядзеньня праверкі няма, бо падчас ранейшых праверак было «дакладна высьветлена, што захворваньне было атрымана ў пэрыяд вайсковай службы».
«Яшчэ ў аўторак міліцыя адказала на маё пытаньне, ці нешта зьмянілася ў справе, маўляў, толькі ў пятніцу напісалі заяву, а сёньня толькі аўторак, толькі пачатак. А ўжо ў суботу прыйшоў адказ. Як такое можа быць? Як яны маглі правесьці праверку менш чым за тыдзень?», — разважае сястра памерлага хлопца Марыя.
Праўда, калі яна пазваніла ў міліцыю, яе запэўнілі вусна, што праверка праводзіцца будзе.
26-гадовы Міхал Рыштоўскі з Карэліцкага раёну памёр сёлета 20 ліпеня. За некалькі месяцаў да гэтага ў яго выявілі рак і камісавалі з войска. Па словах родных, Міхал яшчэ да арміі, а таксама падчас службы неаднаразова скардзіўся на здароўе і ляжаў у шпіталях. Аднак цяжкой хваробы ў яго доўгі час не дыягназавалі. Заўважылі толькі на апошняй стадыі. Сваякі мяркуюць, што ў сьмерці хлопца вінаваты супрацоўнік ваенкамату Наваградзкага і Карэліцкага раёну Канстанцін Зарубайка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ён памёр, то важыў 45 кіляграмаў пры росьце 184». Салдата камісавалі з войска з 4-й стадыяй раку