Партыя Зяленскага назвала імя будучага сьпікера Вярхоўнай Рады

Дзьмітрый Разумкаў

Партыя «Слуга народа» будзе вылучаць Дзьмітрыя Разумкава на пасаду старшыні Вярхоўнай Рады, а на пасаду віцэ-сьпікера — Руслана Стэфанчука. Пра гэта ў камэнтары карэспандэнту Радыё Свабода заявіў старшыня партыі Дзьмітрый Разумкаў.

Таксама, паводле яго слоў, месцы ва ўрадзе пераможцы выбараў яшчэ не разьмяркоўвалі.

«Я думаю, што ў першыя дні дзейнасьці Вярхоўнай Рады мы выйдзем з поўным пералікам прапаноў на ўсе пасады — як прэм’ер-міністра, так і будучага ўраду», — сказаў Разумкаў.

Паліттэхноляг Дзьмітрый Разумкаў быў галоўным публічным дарадцам Уладзіміра Зяленскага падчас выбарчай кампаніі. Ён сын заўчасна памерлага памочніка былога прэзыдэнта Леаніда Кучмы Аляксандра Разумкава.

Прапрэзыдэнцкая партыя «Слуга народа» атрымала па выніках датэрміновых выбараў больш за 250 мандатаў дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Гэтага дастаткова, каб сфармаваць уладную фракцыю самастойна, без саюзьнікаў. Выбары ў парлямэнт Украіны прайшлі 21 ліпеня.