Дзеяньне дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці (РСМД) паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй скончылася 2 жніўня пасьля таго, як абодва бакі афіцыйна зь яе выйшлі.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш 1 жніўня заявіў, што разам з гэтым пагадненьнем сьвет страціць «бясцэнны засьцерагальнік ад ядзернай вайны».
Гэтая ракетная дамова, а таксама пагадненьне СНВ-3 (ці «Новы START») аб скарачэньні стратэгічнага наступальнага ўзбраеньня паміж Расеяй і ЗША, зьяўляюцца двума ключавымі дакумэнтамі, якія кантралююць ядзернае ўзбраеньне двух найбуйнейшых ядзерных дзяржаваў у сьвеце.
Дзеяньне дамовы СНВ-3 заканчваецца ў пачатку 2021 году, калі бакі не дамовяцца аб яе падаўжэньні. Расея ўжо заяўляла пра гатоўнасьць зь яе выйсьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ заклікаў Расею захаваць ракетную дамову і выконваць яе ўмовыПрэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею, што краінам удасца заключыць новае пагадненьне, якое прыйдзе на зьмену гістарычнай дамове, заключанай падчас «халоднай вайны».
«Расея хацела б нешта зрабіць у пляне ядзернага пагадненьня, і мяне гэта задавальняе. Яны хочуць нешта зрабіць, і я таксама», — сказаў Трамп, адказваючы ўвечары 1 жніўня на пытаньне карэспандэнта «Голасу Амэрыкі». Пры гэтым ён адзначыў, што не абмяркоўваў дамову ад РСМД з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным падчас праведзенай напярэдадні тэлефоннай размовы.
Прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава 1 жніўня абвінаваціла ўрад ЗША ў нібыта недастатковых намаганьнях для «пошуку агульнай пазыцыі для абмеркаваньня» пытаньняў, зьвязаных з дамовай РСМД. Яна сказала, што Масква апублікуе сваю афіцыйную заяву з нагоды завяршэньня дзеяньня дамовы 2 жніўня.
ЗША і NATO неаднаразова абвінавачвалі Расею ў парушэньні ўмоваў ракетнай дамовы і распрацоўцы ядзернай зброі, уключаючы ракеты 9M729 або SSC-8, якія, паводле зьвестак Паўночнаатлянтычнага альянсу, маюць радыюс дзеяньня каля 1500 км. Масква гэтыя абвінавачаньні адхіляе і ў сваю чаргу вінаваціць Вашынгтон у парушэньні дамоўленасьцяў.
Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД
ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.
- Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
- Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.