Калі згвалцяць, тады і прыходзьце

Мне пашанцавала: быўшы падлеткам, я асабіста ні разу не сутыкнулася з так званым грумінгам — спакушэньнем праз інтэрнэт. Я чула пра такія гісторыі ад іншых, але саму мяне гэта нейкім дзівам абмінула. Зрэшты, як пра злачынства, за якое можна і трэба караць, пра грумінг тады і не казалі (прынамсі, у маім навакольлі). Гэта ўспрымалася хутчэй як стыхія і непазьбежны пабочны эфэкт ананімнасьці ў інтэрнэце.

З тых часоў шмат што зьмянілася: шэраг краін прынялі законы, якія забараняюць дарослым весьці любую сэксуальную камунікацыю зь дзецьмі і падлеткамі. Так, у Нідэрляндах за грумінг злачынцу пагражае да двух гадоў зьняволеньня, у Коста Рыцы — да трох, у Новай Зэляндыі — да сямі, у Вялікабрытаніі — да дзесяці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 41-гадовага менчука затрымалі за гвалтаваньне дачок. Маці ўсё ведала

Змагацца з такімі злачынствамі і знаходзіць грумэраў, якія часта стараюцца застацца максымальна ананімнымі, вельмі цяжка. Але гэта магчыма.

У Беларусі дэпутат Вадзім Дзевятоўскі прапаноўваў увесьці крымінальную адказнасьць за грумінг яшчэ ў 2015 годзе, але гэтага ня зроблена дагэтуль. У 2018 годзе намесьнік кіраўніка галоўнага упраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Дзьмітры Цаюн казаў, што «шэраг дзяржаўных органаў не ўзгадняе праект закону».

Такім чынам, сэксуальныя размовы зь дзецьмі застаюцца цалкам законнымі, а пакараць злачынцу можна толькі тады, калі ўжо адбыўся фізычны кантакт. Своеасаблівая інтэрпрэтацыя сумнавядомага «калі заб’юць, тады і прыходзьце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Віцебшчыне затрымалі меркаванага пэдафіла. Месьцічы: дырэктар школы чапляўся да дзяцей

І на фоне ігнараваньня такой вялікай часткі злачынстваў супраць дзяцей цяперашняя інфармацыйная кампанія па папярэджаньні сэксуальнага гвалту ў дачыненьні дзяцей «Навучыце дзяцей бачыць хлусьню» выглядае ўжо не так адназначна.

Не, сама па сабе гэтая кампанія — вельмі важная рэч, і ўвогуле лепей позна, чым ніколі, але ёсьць пытаньні да кантэксту. Чаму так атрымліваецца, што зноў і зноў нас вучаць, як распазнаваць злачынцаў, але пры гэтым з самімі злачынцамі аніяк не працуюць? Ці няма тут у выніку перакідваньня адказнасьці за злачынства на пацярпелых і іх бацькоў?

Фактычна мы атрымліваем такі дзяржаўны пасыл: кожны і кожная мусяць быць самі за сябе. Але гэта несправядліва і абуральна! Навучаньне дзяцей правілам бясьпекі не павінна быць адзіным фактарам, які можа абараніць іх ад злачынцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС растлумачыў, чаму колькасьць фактаў пэдафіліі ў Беларусі вырасла ў 15 разоў

Вось Дзьмітры Цаюн кажа, што праваахоўныя органы будуць займацца маніторынгам шэрагу рэсурсаў. Гэта добра, але пацярпелым ад грумінгу ніяк не дапаможа. Нават калі заўтра пакласьці на стол справаздачу пра 500 выпадкаў сэксуальных заляцаньняў да дзяцей у інтэрнэце, не адбудзецца абсалютна нічога. Грумэры ж нічога не парушылі.

Такая мазаічная праца з тэмай гвалту — тут паклапоцімся, тут праігнаруем — грае на руку толькі гвалтаўнікам. Каб змаганьне стала сапраўды эфэктыўным, павінна быць стратэгія барацьбы і сыстэмнае бачаньне праблемы. Трэба нарэшце прыняць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, на заканадаўчым узроўні абараніць дзяцей ад грумінгу, а паралельна з гэтым ладзіць і інфармацыйныя кампаніі.

Толькі так, пры комплексным падыходзе, будзе ва ўсім гэтым нейкі сэнс.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.