Эўрапейскі Зьвяз бярэ на сябе фінансаваньне маратону здаровага ладу жыцьця «САД — Спартыўны. Актыўны. Даступны», які стартуе ў Менску ў жніўні.
«Пакуль немагчыма сказаць, у якую дакладна суму выльецца гэтая акцыя. Але гэта той выпадак, калі грошай не шкада. Маратон прыцягне ўвагу грамадзтва да здароўя і прафіляктыкі захворваньняў. Усе складнікі „САДу“ вельмі важныя, бо здароўе павінна быць даступным для ўсіх», — сказала Свабодзе намесьніца прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) у Беларусі Габрыэла Акімава.
Акцыя стартуе ў Менску ў чацьвер, 1 жніўня. Кожны чацьвер да канца месяца на базе Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле ўсе ахвотныя могуць бясплатна паспрабаваць свае сілы ў розных відах фізычнай актыўнасьці.
Адзіная папярэдняя ўмова — адкрыць асабісты «пашпарт здароўя». Атрымаць яго можна на месцы, прайшоўшы экспрэс-дасьледаваньне лекараў.
«Удзельнікаў акцыі пракансультуюць з выкарыстаньнем „разумнай вагі“. Вызначаюцца доля тлушчавай тканкі, шчыльнасьць мінэральнай тканкі касьцей, а таксама мышачная маса», — сказала журналістам галоўны ўрач 39-й гарадзкой клінічнай паліклінікі Менску Вольга Есьманчык.
Арганізатары маратону падрыхтавалі розныя прызы. Так, у кінатэатрах Silver Screen уладальнік «пашпарта здароўя» за першы квіток плаціць поўную суму, а за другі — усяго адну капейку.
Зарэгістравацца і пазнаёміцца з раскладам заняткаў можна на сайце акцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават на лецішча ня езьдзім. Хуткая туды проста не пасьпее». Маці хлопца з гемафіліяй скардзіцца на недахоп лекаў