Вучэньні па адпрацоўцы дзеяньняў у выпадку аварыі на Беларускай АЭС пройдуць 5 верасьня ў Вільні, паведаміў 31 ліпеня журналістам кіраўнік адміністрацыі Віленскага самакіраваньня Повілас Падзярскіс, перадае навінны партал Delfi.
Паводле сцэнару вучэньняў, плянуецца эвакуацыя жыхароў літоўскай сталіцы ў выніку інцыдэнту на БелАЭС і радыяцыйнага заражэньня ў радыюсе 50 кілямэтраў ад атамнай станцыі.
«Паводле сцэнару, пэўную частку Вільні трэба эвакуаваць, людзі будуць накіроўвацца на так званыя пункты санітарнай апрацоўкі, — сказаў Падзярскіс. — Пункт будзе абсталяваны каля „Сімэнс-арэны“ (цэнтральная частка гораду — РС.). Мы там выканаем гэтую працэдуру: пераапранем людзей, пасадзім іх у аўтобусы і па вуліцы Укмяргес адправім у кірунку Укмярге (горад за 80 км на паўночны захад ад Вільні. — РС.) ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На будоўлі Беларускай АЭС атрымалі траўмы двое рабочыхКіраўнік адміністрацыі самакіраваньня літоўскай сталіцы таксама паведаміў, што падчас вучэньняў будуць імітаваць кібэратакі на кампутарныя сыстэмы муніцыпальных прадпрыемстваў і службаў, каб ацаніць іх гатовасьць супрацьстаяць гэткім пагрозам.
«Мы парушым працу дзяржаўных ведамстваў, паглядзім, як мы ўсе гатовыя», — сказаў Падзярскіс.
Ён лічыць, што ведамствы «млява рыхтуюцца» да запуску БелАЭС і магчымых інцыдэнтаў. Адміністрацыя самакіраваньня, паводле яго, ужо цяпер бачыць «вялікія дзіркі» ў гатовасьці да надзвычайных сытуацыяў на атамнай станцыі, якія выяўляюцца ў недахопе фінансаваньня, абсталяваньня, слабым супрацоўніцтве паміж ведамствамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва рыхтуецца да магчымай аварыі на БелАЭС, закупляе таблеткі зь ёдамБелАЭС запрацуе празь некалькі месяцаў
Беларуская АЭС ўзводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 году.
Фізычны пуск першага энэргаблёку БелАЭС, на этапе якога ў рэактар загрузяць ядзернае паліва, мае адбыцца ўвосень; другога, паводле дакумэнтаў «Расатаму», — да канца гэтага году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку БелАЭС заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт-г электраэнэргіі штогод.
Літва застаецца самым актыўным крытыкам БелАЭС. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва АЭС вядзецца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АЭС, якой я баяўся, баюся і буду баяцца15 чэрвеня 2017 году літоўскі сойм прыняў закон аб прызнаньні будаванай у Беларусі АЭС небясьпечнай, палічыўшы, што яна ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і грамадзкага здароўя. Раней парлямэнт Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расіі.